«Традыцыйныя каштоўнасці» — дазвол на ліквідацыю «іншых»

Беларуская прапаганда, якая падпявае прапагандысцкім наратывам «старэйшага брата», не вынаходзіць нічога новага: у старую схему «я — адзіны правільны варыянт, і іншых існаваць не павінна» сёння замест жанчын, цемнаскурых і яўрэяў упісваюць ЛГБТК+.

Ілюстрацыйнае фота: акцыя беларускіх ЛГБТК+ актывістаў у верасні 2020 года

Ілюстрацыйнае фота: акцыя беларускіх ЛГБТК+ актывістаў у верасні 2020 года


Беларускія палітыкі, чыноўнікі і прапагандысты ўсё часцей праяўляюць заклапочанасць «абаронай традыцыйных каштоўнасцей». На думку дзяржмедыя, «традыцыйным каштоўнасцям» пагражае распаўсюджанне «нетрадыцыйных»: фемінізму, ЛГБТК+ і чайлдфры, змены полу і гендарнай ідэнтычнасці, а таксама «не нашы» святы і персанажы: Дзень усіх Святых, Дзень Святога Валянціна, Чалавек-павук, цацкі Хагі-вагі і нават Санта-Клаўс.

Медыяэкспертка Ірына Сідорская разбіраецца на «MediaIQ», якія мэты пераследуе прапаганда, абараняючы «традыцыйнае» ад «нетрадыцыйнага».

Трошкі гісторыі

Беларуская дзяржава з 1996 года праводзіць сістэмную гендарную палітыку. Яе галоўная задача — дасягненне мэты № 5 у галіне ўстойлівага развіцця ААН: «Забеспячэнне гендарнай роўнасці і пашырэнне правоў і магчымасцей усіх жанчын і дзяўчат».

Для гэтага спецыяльна створаны орган — Нацыянальны савет па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь — рэалізуе шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку распрацоўвае планы па інфармацыйна-асветніцкім суправаджэнні мер гендарнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. Гэтыя планы ўключаюць «размяшчэнне ў тэле- і радыёперадачах інфармацыйных матэрыялаў на тэму роўнасці мужчын і жанчын», «асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках досведу рэалізацыі прынцыпаў гендарнай роўнасці ў эканоміцы» і шэраг іншых падобных дзеянняў. На жаль, такога роду кампаніі праходзяць не вельмі заўважна, тады як праваабаронцы і медыяэксперты, якія манітораць беларускую інфармацыйную прастору, паказваюць на наяўнасць значнай колькасці журналісцкіх матэрыялаў, якія выкарыстоўваюць гендарныя стэрэатыпы, дыскрымінацыю па прыкмеце полу і мову варожасці ў дачыненні да жанчын і прадстаўнікоў ЛГБТК+ супольнасці.

Тым не менш да жніўня 2020 года публічны дыскурс больш ці менш, але адлюстроўваў гендарныя ўяўленні беларусаў. СМІ, у тым ліку дзяржаўныя, асвятлялі гендарную тэматыку, мова варожасці ў дачыненні да ўразлівых груп звычайна выкарыстоўвалася ў сваім «мяккім» або «сярэднім» варыянтах.

Сітуацыя пачала мяняцца ў 2021 годзе на хвалі антыліберальнай і антызаходняй рыторыкі ўлады, якая пачалася пасля масавых пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Прапаганда стала звязваць гендарную тэматыку з пратэстамі, выкарыстоўваць канспіралагічныя тэорыі пра «чужыя заходнія каштоўнасці» як пагрозу разбурэння беларускага суверэнітэту.

Сітуацыя яшчэ пагоршылася пасля поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войск ва Украіну.

Уплыў расійскага афіцыйнага дыскурсу

Калі да лютага 2022 года беларуская дзяржава імкнулася праводзіць незалежную інфармацыйную палітыку, то пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне беларуская дзяржаўная прапаганда сінхранізавалася з расійскай. Гэта тычыцца асвятлення не толькі ваенных дзеянняў або беларуска-расійскіх адносін, але азначае практычна поўнае паўтарэнне асноўных расійскіх наратываў па шырокім коле пытанняў.

«Абарона традыцыйных каштоўнасцей» з'яўляецца адной з цэнтральных у палітычнай ідэалогіі сучаснай расійскай дзяржавы і ядром канцэпцыі «рускага свету». «Абаронай традыцыйных каштоўнасцей», якім нібыта пагражае «калектыўны Захад», аргументуюцца асноўныя рашэнні, якія прымаюцца Крамлём, у тым ліку і вайна ва Украіне. Ваенныя дзеянні РФ тлумачацца Уладзімірам Пуціным нязгодай Расі з нібыта наяўнымі ў Захаду планамі па ўкараненні ў расійскую культуру чужых ёй каштоўнасцей з «так званымі гендарнымі свабодамі», дзе «ўсё перакулена з галавы на ногі», дзе «замест таты і мамы ёсць бацька № 1 і бацька № 2», дзе праводзяцца гей-парады, а шлюб — «саюз мужчыны і жанчыны», у адпаведнасці з Канстытуцыяй РФ, — распаўсюджваецца і на прадстаўнікоў ЛГБТК+ супольнасці.


Рыторыка Крамля падмацоўваецца заканадаўчай базай: у 2013 годзе ў Кодэкс РФ аб адміністрацыйных правапарушэннях быў унесены артыкул, які ўстанаўлівае адказнасць за «прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных адносін сярод непаўналетніх», а ў снежні 2022 года Уладзімір Пуцін падпісаў закон, які цалкам забараняе распаўсюд матэрыялаў, што, як лічыць улада, «прапагандуюць нетрадыцыйныя сэксуальныя адносіны».

Па прыкладзе «старэйшага брата»

Беларуская дзяржаўная прапаганда апошнім часам усё часцей звяртаецца да тэмы магчымай забароны «прапаганды нетрадыцыйных каштоўнасцей», прамацваючы глебу перад такім рашэннем.

У снежні старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанававыказалася пра тое, што дзеянні Дзярждумы РФ па прыняцці закона аб забароне прапаганды ЛГБТК+ павінны паслужыць узорам для Беларусі: «Напэўна, давядзецца прымаць і нам. І гэта будзе правільна. Нельга гэта прапагандаваць. У нас ёсць сямейныя каштоўнасці, традыцыі, якія мы перадаем з пакалення ў пакаленне: традыцыі сям'і, праваслаўе».

31 сакавіка Аляксандр Лукашэнка выступіў з пасланнем, у якім у тым ліку згадаў прадстаўнікоў ЛГБТК+ супольнасці і ідэі чайлдфры, якія нібыта ствараюць пагрозу дэмаграфічнай бяспецы і дзяржаўнаму суверэнітэту Беларусі.

Намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі заклапаціўся абаронай расійскага кніжнага рынку ад ЛГТБК-прадукцыі з Беларусі. За яго подпісам беларускім выдаўцам і распаўсюднікам друкаваных выданняў быў разасланы ліст, у якім даводзіцца «неабходнасць безумоўнага выканання заканадаўства Рэспублікі Беларусь з улікам выклікаў і пагроз нацыянальным інтарэсам у дачыненні да захавання і папулярызацыі традыцыйных каштоўнасцей сям'і і грамадства».

Тэкст гэтага ліста супярэчлівы: у беларускім заканадаўстве не маецца абмежаванняў па выданні літаратуры з ЛГБТК+тэматыкай, аднак ліст відавочна мае на ўвазе забарону на выданне такой літаратуры з прычыны нібыта пагрозы «нацыянальным інтарэсам», якая зыходзіць ад яе. Па ўсім відаць, сам аўтар гэтай супярэчнасці не заўважае альбо лічыць яе галаўным болем атрымальнікаў паслання.

Нарэшце, падчас абмеркавання 18 красавіка з міністрам інфармацыі Уладзімірам Пярцовым паправак у Закон «Аб сродках масавай інфармацыі» дэпутатка з Гродна Ірына Луканская прапанавала прыраўняць ЛГБТ-прапаганду да «экстрэмізму» і «тэрарыстычнай дзейнасц»і. Пярцоў, адзначыўшы, што «Беларусь эфектыўна змагаецца з прапагандай нетрадыцыйных каштоўнасцяў», заявіў: «Мы ўжо распачалі дастатковыя меры, каб распаўсюд такой прадукцыі ў нашай краіне быў абмежаваны. У нас няма як такога закона аб забароне прапаганды ЛГБТ, змены полу і іншых праяў. ... У нас ёсць пэўныя інструменты. Расійскія калегі, у якіх ёсць такі закон, пацвярджаюць, што мы без закона нават дзесьці больш эфектыўна, чым яны, працуем».

Падобна на тое, што ўяўленне, што «працаваць эфектыўна можна і без законаў», падзяляецца ўсім кіраўніцтвам Міністэрства інфармацыі. І не так важна, ці будзе прыняты ў Беларусі падобны закон ці не, сам факт, што беларуская ўлада актыўна аперуе ідэалагемай «абароны традыцыйных каштоўнасцей», паказвае яе глыбокую залежнасць ад Расіі не толькі ў эканамічным або палітычным плане, але і ў ідэалагічным. З аднаго боку, гэтым дэманструецца лаяльнасць «старэйшаму брату», з другога — ідэйная прыхільнасць беларускіх чыноўнікаў каштоўнасцям «рускага свету».

Чаму беларуская ўлада заклапочаная «абаронай традыцыйных каштоўнасцей»

Ідэалагема «абарона традыцыйных каштоўнасцей» у дзяржавах аўтарытарнага і таталітарнага тыпаў на самой справе не мае ніякага дачынення да маральна-этычных і культурных норм народа, нацыі ці супольнасці. Яна служыць у першую чаргу інструментам рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў. Не маючы рэальнага зместу, канцэпт «традыцыйных / нетрадыцыйных каштоўнасцей» дазваляе абгрунтоўваць у якасці правамерных і законных, па сутнасці, любыя дзеянні ўлады ў дачыненні да грамадзян і інстытуцый: адміністрацыйны арышт за вядзенне тэлеграм-канала на гендарную тэматыку, спыненне супрацоўніцтва з «непажаданымі» міжнароднымі арганізацыямі, трансляцыя «пакаяльных» відэа затрыманых па палітычных матывах грамадзян, у якіх публічна раскрываецца іх сэксуальная арыентацыя…


Пра гэта ўскосна сведчаць і самі чыноўнікі, якія пацвярджаюць, што яны дасягаюць патрэбных мэтаў і без прававой базы. Пры гэтым паколькі каштоўнасныя аспекты з'яўляюцца агульназначнымі і дазваляюць закрануць адчувальныя для людзей тэмы (напрыклад, спрачацца з Наталляй Качанавай пра тое, што «ў нас ёсць сямейныя каштоўнасці, якія мы перадаем з пакалення ў пакаленне», практычна немагчыма), «абарона традыцыйных каштоўнасцей» дазваляе дадаткова апеляваць да маральнага боку пытання і тым самым павышаць легітымнасць рашэнняў, што прымаюцца.

Як «абарона традыцыйных каштоўнасцей» выкарыстоўваецца для абгрунтавання інтрыг «калектыўнага Захаду»

Беларуская прапаганда выкарыстоўвае антызаходнюю рыторыку рознай ступені інтэнсіўнасці, пачынаючы з лета 2020 года. Пагрозамі нацыянальнай бяспецы і тэрытарыяльнай цэласнасці апраўдваюцца любыя дзеянні ўлады. Асабліва спрыяе гэтаму росквіт канспіралагічных версій гістарычнага працэсу, пачынаючы ад «калектыўнага Захаду» як арганізатара «спробы каляровай рэвалюцыі» ў Беларусі да планаў Польшчы па анексіі часткі беларускай тэрыторыі.

Гэтыя тлумачэнні супрацьстаяння з ЗША і еўрапейскімі краінамі дапаўняюцца матывам пагрозы традыцыйным каштоўнасцям. Ужываючы «абарону традыцыйных каштоўнасцей» як інструмент рэпрэсій супраць уласнага народа, улада адначасова канструюе наратыў пра тое, што пагроза «традыцыйным каштоўнасцям» ідзе з Захаду. Менавіта Захад з'яўляецца ў карціне свету прапаганды рассаднікам чужых славянскаму менталітэту каштоўнасцей, тэрыторыяй, дзе замест «нармальнай традыцыйнай сям'і» штучна насаджаюцца амаральныя мадэлі паводзін, што не адпавядаюць здароваму сэнсу, пачынаючы ад культу бяздзетнасці да аперацый па змене полу.

Нечаканы для прапаганды эфект

У адрозненне ад павышэння цэн, нізкіх заробкаў і пенсій, перспектыў увозу ў краіну ядзернай зброі суседняй дзяржавы, мілітарызацыі і ідэалагізацыі адукацыі, хранічнага дэфіцыту медыцынскіх работнікаў, тэмы гендару не знаходзяцца ў беларусаў у прыярытэце. За зваротам дзяржавы да гэтых пытанняў грамадская думка не бачыць актуальных сацыяльных праблем, якія ўлада павінна вырашаць у першую чаргу. Затое фемінізм, ЛГБТК+, чайлдфры, «змена полу» выступаюць магутнымі эмацыйнымі трыгерамі для людзей розных узростаў, сацыяльнага становішча і ўзроўню адукацыі.


Выкарыстоўваючы, здавалася б, такі бяспройгрышны варыянт эмацыйнага трыгера, адначасова не занадта актуальны для грамадскай думкі, прапаганда — нечакана для сябе — запускае грамадскія дыскусіі на гэтыя тэмы. Тыя, хто ніколі не задумваўся наконт падобных пытанняў, пачынаюць цікавіцца імі, атрымліваюць дадатковую інфармацыю. Гэта важна, таму што беларуская ўлада актыўна імкнецца дыктаваць грамадству сацыяльныя нормы.