Хронікі рэпрэсій за 27 кастрычніка

Сілавікі зладзілі «хапуны» і «зачысткі» ў некаторых раённых цэнтрах — у Ваўкавыску, Лідзе, Карэлічах. Праваабаронцы прызналі палітзняволенымі яшчэ 15 чалавек, а МУС абнавіла «спіс экстрэмістаў».

Ілюстрацыйнае фота: meduza.io

Ілюстрацыйнае фота: meduza.io

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо каля тысячы дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1079 дзён, Дзяніс — 959.

***

Супрацоўнікі АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама правялі «зачыстку» ў Карэлічах, людзей затрымлівалі ў мясцовай паліклініцы, доме культуры і райвыканкаме, піша тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у цэнтральнай раённай паліклініцы былі затрыманыя «некалькі лекараў і стаматолаг». З астатнім персаналам паліклінікі сілавікі правялі «прафілактычныя гутаркі аб недапушчальнасці падпіскі на экстрэмісцкія рэсурсы».

Акрамя таго, як піша тэлеграм-канал, двух чалавек сілавікі затрымалі ў Карэліцкім райвыканкаме, таксама былі затрыманыя некаторыя супрацоўнікі Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Праваабаронцам невядома, па якіх менавіта артыкулах былі затрыманыя людзі, аднак, хутчэй за ўсё, іх абвінавачваюць па артыкуле аб «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (артыкул 19.11 КаАП).

***

Пачаліся працэсы над выкладчыцамі ўніверсітэта Наталляй Савіцкай і Надзеяй Старавойтавай, а таксама над загадчыцай студэнцкага інтэрната Аленай Драбудзька, піша «Салідарнасць».

Як паведамляюць праваабаронцы, жанчын затрымалі летам. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту, падпісках на «дэструктыўныя каналы», «агітацыі супраць улады дагэтуль» і г. д.

***

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне двух жыхароў Ваўкавыска.

Адзін з іх — супрацоўнік Ваўкавыскай ЦРБ Аляксандр Скіруха, затрыманы за «распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Другі затрыманы — супрацоўнік «Белтэлекама» Ігар Палікша. На «пакаяльным відэа» ён кажа, што ў 2020 годзе «ўдзельнічаў у мітынгах» і аналагічна затрыманы за «распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыяла»ў, піша «Вясна».

Таксама сёння каля 10:00 адбыўся «хапун» на прадпрыемстве ААТ «Лідскае піва». Паведамляюць, што затрымана не менш за 6 чалавек.

Акрамя таго, стала вядома, што 24 кастрычніка былі затрыманы чацвёра супрацоўнікаў цэха №201 завода «Палімір».

Затрыманне адбылося пасля размовы з правакатарам Юрыем Комарам у «Чат-рулетцы». Падчас дыялогу, які пачаўся як звычайная гутарка, абмеркаванне ператварылася ў палітычную дыскусію, у якой адзін з супрацоўнікаў «Паліміра» выказаў свае палітычныя погляды.

***

Кваліфікацыйная камісія пры Мінюсце прыняла рашэнне аб спыненні адвакацкай ліцэнзіі Аляксандра Данілевіча, асуджанага на 10 гадоў калоніі. Пра гэта са спасылкай на прэс-службу Міністэрства юстыцыі піша праект «Права на абарону».

Ліцэнзію Данілевіча камісія вырашыла спыніць «у сувязі з прынятым Мінскай гарадской калегіяй адвакатаў рашэннем аб выключэнні адваката ў сувязі з уступленнем у законную сілу прысуду суду аб прызнанні яго вінаватым у здзяйсненні наўмыснага злачынства». Акрамя таго, камісія пазбавіла ліцэнзіі і адваката Пятрова В.А. «з прычыны недастатковай кваліфікацыі, пацверджанай рашэннем кваліфікацыйнай камісіі».

Аляксандр Данілевіч — кандыдат юрыдычных навук, былы выкладчык факультэта міжнародных адносінаў БДУ. У лютым мінулага года ён падпісаў адкрыты зварот адвакатаў і юрыстаў за спыненне вайны ва Украіне. Увесну 2023 года суд прысудзіў яго да 10 гадоў калоніі па абвінавачанні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) і «дапамаганні ў закліках да дзеянняў супраць нацбяспекі» (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 КК).

***

Telegram-канал бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане прызнаны «экстрэмісцкім». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Лідскага раёна 23 кастрычніка. «Экстрэмісцкім» таксама прызнаны і лагатып telegram-канала, паведамляюць праваабаронцы.

Таксама ў другі раз «экстрэмісцкім» быў прызнаны тэлеграм-канал «Вясна | Брэст» — 24 кастрычніка судом у Баранавічах. У мінулым годзе гэта ўжо зрабіў суд Чыгуначнага раёна Гомеля.

Акрамя таго, «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Экспозиция революционного анархизма (Э.Р.А)», «NSDAP», «UANTIFA ????????????161»;
  • Instagram старонка «binklby»;
  • відэа «Эля i Сяргей. Самая пратэсная пара Маладзечна»;
  • старонкі ў сацсетках і лагатып «NADZEYA INFO Belarus in UK»;
  • сайт «Информ-Прогулка»;
  • Telegram-канал «Квят-агляд» і яго лагатып;
  • суполка ў «ВКонтакте» «ПРАСТОРА КХ»;
  • TikTok-старонкі «Моладзевы Блок», «Franak Viacorka», «ЗБС», «Belsat TV», «Politzek.mе», «minano», «Илья Соленков».

***

27 кастрычніка МУС падрыхтавала традыцыйнае пятнічнае абнаўленне «Спісу грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых — асуджаны за абразу Лукашэнкі Андрэй Халупка, перакладчык Васіль Крэз, кіроўца Дзяніс Цярэшка.

Цяпер у «спісе экстрэмістаў» — 3445 чалавек.

***

Праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 15 чалавек у Беларусі.

Гэта Вольга Стаброўская, Ала Зуева, Аксана Левашова, Аляксандр Каралёў, Дзмітрый Ляўковіч, Аляксей Ярашэвіч, Сяргей Шымко, Аляксандр Доўгаль, Арцём Лапікаў, Алена Міхалюк, Аляксей Цыпілёў, Павел Каралевіч, Дзмітрый Ілюкевіч, Аляксандр Лагута, Раман Маханькоў.

Усе яны атрымалі тэрміны за «паклёп» або «абразу» Лукашэнкі, а таксама прадстаўнікоў улады.

***

Як паведамляе ініцыятыва Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 256 дзён, Максіма Знака — 261 дзень, Мікалая Статкевіча — 257 дзён, Ігара Лосіка — 251 дзень, Сяргея Ціханоўскага — 235 дзён, Віктара Бабарыкі — 184 дні, Уладзіміра Гундара — 84 дні.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1480 палітвязняў. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1697 чалавек. Сярод іх — 182 жанчыны і 7 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.