Урокі Курапатаў не засвоеныя
Каты не панеслі пакарання за масавыя расстрэлы людзей — у тых жа самых Курапатах, — і ў гэтым і ёсць прычына сённяшніх падзей.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года былі расстраляныя як найменей 132 дзеячы беларускай інтэлігенцыі. Гэта афіцыйныя даныя, у рэальнасці ахвяр магло быць больш.
Гэтая трагічная падзея вядомая як «Ноч расстраляных паэтаў» — хаця сярод забітых былі і празаікі, і драматургі, і літаратурныя крытыкі, і школьныя настаўнікі. Роўна як не толькі ў тую ноч расстрэльвалі прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай эліты.
Яшчэ некалькі гадоў таму ў Курапатах ды ў іншых падобных мясцінах у гэтыя дні праводзіліся жалобныя цырымоніі. Але іх арганізатарамі не былі (і, як правіла, не бралі ў іх удзелу) прадстаўнікі ўлады.
На пачатку 1990-х старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, які фармальна лічыўся кіраўніком Беларусі, прыходзіў у Курапаты і браў удзел у цырымоніі побач з Маяй Кляшторнай, Васілём Быкавым, Зянонам Пазняком. Для ўсяго свету (а Курапаты набылі міжнародную вядомасць) гэта было знакам, што кіраўніцтва Беларусі адмовілася ад ленінска-сталінскай ідэалогіі (хоць Шушкевіч далёка не ўвасабляў сабой усё кіраўніцтва). І для міжнароднага аўтарытэту краіны такі знак меў істотнае значэнне, піша Сяргей Навумчык на «Радыё Свабода».
Аляксандар Лукашэнка ў Курапатах ніколі не быў — ні ў часы дэпутацтва, ні пазней, калі заняў самае галоўнае ў дзяржаве крэсла. Ва ўсялякім разе, нідзе і ніколі ні ён сам, ні хто-небудзь іншы пра наведванне ім Курапатаў не паведамлялі. Такую пазіцыю нельга ўспрымаць інакш, чым салідарызацыю з тымі, хто ад самага адкрыцця месца расстрэлу ахвяр бальшавіцкага тэрору імкнецца давесці, што ляжаць там парэшткі зусім не ахвяр бальшавіцкага тэрору. Іншымі словамі, даказвае, што «Сталін ні пры чым». І гэта таксама вельмі паказальна, гэта знак усяму свету: мы вяртаемся ў сталінскія часы.
«Слаўныя чэкісцкія традыцыі» як ідэалогія
Чаму ж улада дзесяцігоддзямі, ад 1994-га, дыстанцыюецца ад ушанавання памяці ахвяр бальшавіцкіх рэпрэсій? Чаму рэгулярна апаганьваюцца Курапаты, ламаюцца крыжы ў віцебскіх Хайсах ды іншых месцах масавых расстрэлаў? Чаму міліцыя адкрыта заяўляе, што не бачыць у такіх выпадках «падстаў для ацэнкі дзеянняў», тады як за непрыстойны ўчынак ля помніка, які нагадвае пра «Вялікую Айчынную вайну» і зусім не абавязкова можа знаходзіцца на месцы пахавання, караюць імгненна?
Прычына, думаецца, у тым, што ў Беларусі, як і ў Расіі, кіраўніцтва хаця і не ўзяло на ўзбраенне камуністычную ідэалогію (Пуцін нават крытыкуе Леніна), але вярнулася да метадаў сталінізму. Да метадаў тэрору, асуджаных у свой час (на ХХ з'ездзе КПСС у 1956-м і на XXII у 1961-м) самімі ж колішнімі паплечнікамі Сталіна.
Праблема, аднак, у тым, што асудзілі толькі метады (масавыя рэпрэсіі), сама ж сістэма змененая не была, як і не адбылося рэвізіі камуністычнай ідэалогіі.
Не адбылося гэтага ў поўным аб’ёме і ў 1991 годзе. І калі КПБ-КПСС знікла, а выканаўчая ўлада перажыла пэўнае рэфармаванне, дык інструмент рэпрэсій — КДБ — застаўся, па сутнасці, у нязменным стане, а ў Беларусі нават не змяніў назвы.
І сёння супрацоўнікі КДБ не саромеюцца гаварыць пра пераемнасць «слаўных чэкісцкіх традыцый», дэманструючы гэтую пераемнасць падчас жорсткіх затрыманняў апанентаў рэжыму, катаванняў зняволеных і татальнага кантролю над грамадствам.
Ну а паколькі атачэнне Лукашэнкі ў значнай ступені складаецца з сілавікоў (кіраўнік урада — афіцэр спецслужб, кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі — генерал КДБ), дык «чэкісцкія традыцыі», а прасцей кажучы, рэпрэсіі і тэрор, узводзяцца ў ранг дзяржаўнай ідэалогіі.
Падтрымка рэпрэсій — абавязковы элемент светаўспрымання кожнага чыноўніка, які хоча як мага даўжэй заставацца на сваёй пасадзе. Актыўны ўдзел у гэтых рэпрэсіях — умова кар’ернага росту.
Прыблізна так, як у свой час без членства ў КПСС немагчыма было заняць пасаду ў райвыканкаме, не кажучы пра міністэрства, ці зрабіцца дырэктарам буйнога прадпрыемства.
Паралеляў паміж СССР і Трэцім Рэйхам усё болей
Для таго, каб лепей адчуць і глыбей зразумець усю антычалавечнасць сітуацыі, варта паспрабаваць паглядзець на яе вачыма еўрапейца, які жыве ва ўмовах устойлівай дэмакратыі і прававой дзяржавы. Да прыкладу, уяўленне пра КДБ як інстытуцыю ў жыхароў дэмакратычных краін не мае нічога агульнага з тым вобразам, які сфармаваўся ва ўмоўнага «сярэдняга беларуса» ва ўмовах дзесяцігоддзяў спачатку савецкай, а потым лукашэнкаўскай прапаганды (з зусім кароткай паўзай напрыканцы 80-х – пачатку 90-х).
Абсалютная большасць еўрапейцаў і амерыканцаў са школы ведаюць, што КДБ — гэта ўстанова, якая ажыццяўляла самыя масавыя рэпрэсіі ў гісторыі калі не чалавецтва, дык ХХ стагоддзя дакладна. А жыхары некаторых усходнееўрапейскіх краін могуць прыгадаць і трагічныя эпізоды з уласнай гісторыі, звязаныя з нашчадкамі Дзяржынскага. Ды і сам СССР заходняму грамадзяніну, які вырас у традыцыях дэмакратыі і прававой дзяржавы, уяўляецца таталітарнай імперыяй, пабудаванай на ігнараванні прынцыпаў вяршэнства права і дэмакратыі. Якой, уласна, тая краіна і была.
Вось чаму гісторыкі, філосафы, мастацтвазнаўцы, літаратурныя крытыкі агучваюць усё больш паралеляў паміж сталінскім Савецкім Саюзам і гітлераўскім Трэцім Рэйхам. Не тое каб яны, гэтыя паралелі, былі зусім не вядомыя альбо нябачныя ў 1945-м ці пазней, але тады СССР успрымалі як пераможцу нацызму нароўні з Вялікай Брытаніяй і ЗША. У 1950-x — 1970-х большасць найвышэйшых савецкіх кіраўнікоў, уключна з Хрушчовым і Брэжневым, маглі прад’явіць баявыя ўзнагароды, атрыманыя за сапраўдны ўдзел у змаганні з фашызмам. Сцяну маўчання пачаў прабіваць Салжаніцын — пасля публікацыі «Архіпелага ГУЛАГа» сотні тысяч людзей у адной толькі Заходняй Еўропе пакінулі шэрагі камуністычных партый (нагадаем, што ў лепшыя свае часы кампартыя Францыі налічвала амаль мільён сяброў, а італьянская кампартыя — 1,7 мільёна).
Пасля краху камуністычнай сістэмы і ў Маскве пэўны час ладзіліся выставы з дэманстрацыяй вельмі падобных адзін да другога «шэдэўраў» сацыялістычнага рэалізму і нацыянал-сацыялістычнага рэалізму, рэтраспектывы савецкіх і нацысцкіх прапагандысцкіх фільмаў, выйшла некалькі грунтоўных даследаванняў тоеснасці сталінскай і гітлераўскай дыктатур. З прыходам да ўлады афіцэра КДБ Уладзіміра Пуціна ўсё гэта, як вядома, было спынена.
У 2009 годзе Парламенцкая асамблея АБСЕ прыняла рэзалюцыю, у якой прыраўняла сталінізм да нацызму. І сёння стаўленне свабоднага заходняга грамадства да Сталіна няшмат чым адрозніваецца ад стаўлення да Гітлера. А напад Расіі на Украіну, спалучаны з фактычнай рэабілітацыяй сталінізму, скараціў дыстанцыю да мінімуму.
Імёны катаў як дзяржаўная таямніца
Як жа, з гледзішча свабоднага свету, успрымаецца працэс рэабілітацыі Сталіна, камуністычнай ідэалогіі, які ў роўнай ступені ахапіў як Расію, так і Беларусь (прычым Беларусь — на некалькі гадоў раней, фактычна з 1994-га)?
Успрымаецца ў тым ліку і як згода з тымі метадамі, якімі дзейнічала бальшавіцкая партыя з выкарыстаннем свайго «баявога атрада» — НКУС-КДБ.
Уласна, тут ужо не трэба тэрарыстычных разважанняў: катаванні ў РАУСах, КДБ, ГУБАЗіКу гэта пацвярджаюць практычна штодзённа. Пры гэтым блізкія да сілавікоў тэлеграм-каналы транслююць відэасюжэты жорсткіх затрыманняў апанентаў рэжыму і ўсё часцей паведамляюць, што затрымалі іх не за «нацысцкія сімвалы» (якія сілавікі знаходзяць нават у старадаўніх беларускіх арнаментах), а за крытычныя выказванні ў бок уладаў. Значыць, фактычна за тое, што гарантуе грамадзянам нават шматкроць знявечаная на гэтак званых рэфэрэндумах Канстытуцыя Беларусі.
Заяўляючы пра звароты ў праваахоўныя органы заходніх краін з патрабаваннем выдачы «нацысцкіх злачынцаў», Генпракуратура Рэспублікі Беларусь за ўсе дзесяцігоддзі свайго існавання не зрабіла аніводнага кроку ў бок пакарання выканаўцаў масавых рэпрэсій 1930–1950-х гадоў на тэрыторыі БССР, і яны спакойна дажылі (а некаторыя і яшчэ дажываюць) у камфортных умовах з зусім не малой пенсіяй былых афіцэраў КДБ.
Больш за тое, імёны тых, хто расстрэльваў у Курапатах, нават не былі названыя. КДБ ахоўвае іх як дзяржаўную таямніцу. На пачатку 90-х кіраўнікі КДБ тлумачылі гэта імкненнем «не распальваць варожасць», «не сутыкаць нашчадкаў ахвяр і катаў». «Давайце пакінем гэта Гісторыі і гісторыкам» — гаварыў адзін генерал у цывільным.
Гісторыкам доступ у архівы КДБ закрыты, а Гісторыя дала чарговы сумны ўрок. Яна паказала, што, паколькі выканаўцы злачынных загадаў пазбеглі адказнасці, заўсёды знойдуцца новыя выканаўцы злачынстваў, якія на прыкладзе папярэднікаў лічаць, што ім нічога не пагражае.