Зміцер Дашкевіч: Колькі яшчэ ў нас павінна быць Курапатаў і Акрэсцінаў, каб мы звярнулі ўвагу на крыніцу зла?

Не так даўно адзін паважаны і сапраўды заслужаны патрыёт ушчуваў мяне за далікатную крытыку аднаго кандыдата ў кандыдаты: «Нельга так, Зміцер, у Чылі супраць Піначэта аб'ядналіся ўсе — і хрысціянскія дэмакраты, і камуністы».

Фота Яны Трусіла

Фота Яны Трусіла

Сёння пакінем у баку Чылі і Піначэта (хай пра гэта паспрачаюцца гісторыкі), але заклікам да яднання хоць бы нават з камуністамі я быў так шакаваны, што дзён пару не мог ні пра што думаць. З 2017-а года слова «Курапаты» не сыходзіць з галоўных навін незалежных (а часам нават і залежных) СМІ, сотні і тысячы патрыётаў прыходзяць на «Ноч паэтаў» і ўзгадваюць камуністычны тэрор 30-х — і ў гэты самы час людзі разважаюць пра ўмоўнае аб'яднанне з камуністамі. І каб гэта былі нейкія ябацькі — мне проста было б начхаць, туды ім і дарожка. Ці каб гэта былі якія староннія людзі — я б не звярнуў нават увагі, няхай мне даруе абыякавае балота. Але такія рэчы думаюць і нават гавораць лепшыя з нас: той, які выйшаў на марш пад Бел-Чырвона-Белым сцягам, едзе ў Курапаты жэрці пад расстрэльныя ямы; нават той, які прыходзіць у Курапаты кожную «Ноч паэтаў» і шмат што робіць для справы Беларушчыны — ён, каб скінуць чорта, гатовы аб'яднацца з… чортам.
Таму некалькі дзён я пакутліва разважаў над тым, у якім жахлівым стане мы аказаліся. Я нават не кажу такіх гучных словаў, як «нацыя» ці «народ», але разважаю пра інтэлігенцыю, пра нашую контрэліту, у розумах якой у 2021 годзе бродзіць прывід камунізму. І я прыйшоў да вельмі непрыемнай высновы: не можам мы яшчэ перамагчы злачынную сістэму, і нават больш за тое: нельга нам яе яшчэ перамагаць, нам шкодна было б, каб мы атрымалі перамогу зараз — столькі ерасі ў нашых галовах, так загаджаная наша свядомасць і наша душа. Не, мы яшчэ мусім ісці па гэтай пустыні, мы яшчэ павінны ачысціцца ад рабскай свядомасці, бо толькі новы чалавек увойдзе ў новую Беларусь. А пакуль што лепшыя з нас не толькі не разважаюць над першакрыніцай нашых бед, але нават не збіраюцца разважаць. Што, што яшчэ павінна адбыцца з намі, каб мы задумаліся пра прычыны з' яў? Колькі яшчэ ў нас павінна быць Курапатаў і Акрэсцінаў, каб мы звярнулі ўвагу на крыніцу грамадскага зла, а не змагаліся, як з паветраным млыном, з яго наступствамі? Колькі яшчэ дзяўчынак павінны адправіць у калонію, каб мы зразумелі, што Акрэсціна — гэта лагічны працяг неасэнсаваных Курапатаў, а лукашэнкаўскі рэжым — заканамерны вынік нераскаяных злачынстваў камунізму, — колькі тысяч беларусаў яшчэ мусіць адпакутаваць, каб да нас, нарэшце, прыйшло гэтае разуменне?
Цяпер я нашу з сабою выдадзены таварыствам «Гедэонаў» маленькі Новы Запавет на англійскай мове (бо беларускамоўных кішэнных выданняў няма) — апошнія 15 сутак ён мяне добра ратаваў. І вось там на першай старонцы амерыканскі сцяг і цытата з Выслоўяў Саламонавых: «Праведнасць узвышае народ, а грэх (у іншым перакладзе: беззаконне) — ганьба для народаў» (Высл. 14:34). І я вось думаю: а як бы мы жылі, каб хоць зрэдку патрыёты адкрывалі Біблію, а там на першай старонцы — Сцяг і пра праведнасць, якая ўзвышае народ? Думаю, зусім у іншай рэальнасці мы жылі б. Ніхто б у здаровым розуме не мог дадумацца, што супраць аднаго беззаконніка трэба аб'яднацца з іншымі беззаконнікамі.
Але амерыканцы жывуць так, як жывуць амерыканцы, а мы жывём так, як жывём мы. Мы дагэтуль думаем, што грэх і беззаконне не ўплываюць на лёс чалавека ці народа, але яны не толькі ўплываюць на лёс, яны яго вызначаюць.
Таму я, зноў жа — доўга і пакутліва разважаючы, зразумеў, што мне ўсё яшчэ трэба ісці ў Курапаты. Хоць мне вельмі не хочацца і мне вельмі цяжка, але трэба стаяць. Бо нешта яшчэ ў нашым народзе недароблена Нябёсамі праз гэтае месца генацыду, яшчэ не зразумела крыніцу сённяшняга грамадскага зла не толькі нацыя, але нават інтэлігенцыя. У мяне адабралі магчымасць стаяць у Курапатах пад сцягам: бо сутак на тыдні 7, а сядзець трэба 15, а па новым акупацыйным законе 30 — дык дзе ўзяць яшчэ 23 дні? Але яшчэ не адабралі магчымасць стаяць у Курапатах, каб сказаць людзям з налепкамі «Пагоні» на машынах: задумайцеся над прычынамі сённяшняй бяды — неасэнсаванымі Курапатамі і нераскаяным камунізме, даследуйце першакрыніцу грамадскага зла — грэх і беззаконне. І калі хоць нехта задумаецца, калі хоць адзін з патрыётаў даследуе, я буду лічыць, што і мая ахвяра недарэмная, што і я трошачку ўзвысіў Беларусь. Бо праведнасць узвышае народ, а грэх — ганьба для народаў.
Зміцер Дашкевіч, facebook.com