Інфармацыйныя спецаперацыі. Як сілавікі хлусяць, нагнятаючы атмасферу страху
Надоечы Лукашэнка паскардзіўся, што яму ўсе хлусяць. Хлусіць Галоўчанка, хлусяць міністры, хлусіць Акадэмія навук. У гэтым шэрагу не было сілавікоў і ГУБАЗіКу. Але яны таксама хлусяць, і хлусяць вельмі маштабна.
Праўда, ГУБАЗіК хлусіць не проста так, і не для таго, каб стварыць прыгожую карцінку дзеля Лукашэнкі. Яны хлусяць грамадству, каб нагнаць саспенсу, умацаваць атмасферу жаху і страхаў, каб іх баяліся заўсёды. Аднак насамрэч ГУБАЗіК — проста такая ж структура, як і ўсе дзяржаўныя структуры. І там таксама працуюць звычайныя людзі, якім уласцівае раздзяўбайства і нежаданне працаваць. Пра нежаданне працаваць, дарэчы, напісаў Ягор Марціновіч.
ГУБАЗіК стварае ў грамадстве атмасферу страху, але ці такі ён страшны?
«Сучасныя хронікі»: паніка і рэальнасць
Памятаеце знакамітае кіно пра пратэсты? Пасля таго, як дакументальны фільм «Сучасныя хронікі» беларускага дакументаліста Мікалая Мамінава правісеў некалькі гадзін на ютуб-канале літоўскага партала DELFI, тэлеграм-каналы, блізкія да сілавікоў напісалі, што «дзякуй-дзякуй, цяпер-та мы ўсіх вылічым». Маўляў, у кадрах з мітынгаў 2020 года не былі «заблюраныя» твары, і цяпер знойдуць усіх.
У актывістаў адразу пачаліся хайп, паніка і хейт адносна стваральнікаў фільму — маўляў, не паклапаціліся пра бяспеку, і цяпер ГУБАЗіК ужо зашчыруе канкрэтна… А што насамрэч?
Адзін чалавек, які ўжо пакінуў Беларусь, расказаў, як яго затрымалі «па гэтым фільме». Затрымалі яго за іншую справу. Але, запісваючы тое «пакаяльнае відэа», яго змусілі сказаць, што затрыманы ён быў менавіта з-за гэтай кінастужкі. Маўляў, па ёй яго і вылічылі.
А пасля таго, як гэтае відэа запісалі, чалавека гэтага… Адпусцілі. Не павезлі адразу на Акрэсціна альбо на Валадарскага, а проста адпусцілі. Выйшаўшы з ГУБАЗіКу пасля запісу, зразумела, гэты чалавек адразу «ўзяў ногі ў рукі» і пакінуў краіну.
Выпадак паказальны: ГУБАЗіК сваімі відосікамі проста нагнаў атмасферу страху. А ў выніку — не трэба верыць тым «пакаяльным відэа» і ўсяму, што сыходзіць з іхніх кабінетаў.
Падпіска на «экстрэмізм»
Наконт тых самых пакаяльных відэа і стаўлення да іх таксама вельмі яскравы прыклад наконт «падпісак на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы». Ці не кожны, якога ў гэтым відэа запісваюць, кажа, што ён быў на іх падпісаны. Дый у сваіх «справаздачах» наконт рэйдаў і праверак тэлефонаў ГУБАЗіКаўцы пастаянна кажуць, што знайшлі і затрымалі тых, хто на гэтыя каналы быў падпісаны.
Больш дасведчаныя людзі — адвакаты і журналісты, — шматкроць звярталі ўвагу, што падпіска на экстрэмісцкія каналы сама па сабе не з’яўляецца ані злачынствам, ані нават правапарушэннем. Правапарушэннем з’яўляецца распаўсюд (рэпост) «экстрэмісцкага» кантэнту. То-бок, чалавек можа быць колькі заўгодна падпісаны на гэтыя каналы, і можа чытаць іх сам. Галоўнае — рэпостаў не рабіць.
Але ў краіне «не да законаў» хто прыслуховаўся да голасу розуму?
У выніку самі сілавікі вымушаныя былі гэта прызнаць. «Фармальна адказнасць прадугледжаная толькі за распаўсюд, гэта значыць перасылку матэрыялаў іншым асобам», — заявіла ў ютубе вядучая канала ГУБАЗіКа.
Іншая справа, што ў краіне, як ужо казалася, «не да законаў», і «мы разумеем, што калі чалавек такім цікавіцца, значыць у яго знойдуцца і іншыя парушэнні. Фармальная адсутнасць складу [злачынства] — гэта не нагода ігнараваць парушальніка», — сказала тая ж вядучая.
А гэта азначае, што «лічбавая гігіена» ў цяперашнія часы — нашае ўсё. І тое, што ўсе «прызнанні на камеру» пра падпіску на «экстрэмісцкія тэлеграм-каналы» — гэта зноў жа «інфармацыйная спецаперацыя» ад ГУБАЗіКа, і не больш за тое.
Данаты
Яшчэ адна «інфармацыйная спецаперацыя» скіраваная на тое, каб пазбавіць беларусаў іх галоўнага, на маю думку, дасягнення 2020 года — салідарнасці. Мы часцяком чуем, што некага ў чарговы раз узялі «за данаты». Што дзяржава прымушае дзесяціразова заплаціць за данат у нейкі фонд салідарнасці.
Так, з аплатай — праўда, і такіх кейсаў багата. А вось наконт пакарання за данат — вялікае пытанне.
Аб’яднанне былых сілавікоў BelPol са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла, што з 2020 года па верасень 2023 года было заведзена 16 крымінальных спраў паводле артыкула 361 ч. 2, то-бок «Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці». Восем з іх — сёлета. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, па стане на пачатак ліпеня бягучага года за «фінансаванне экстрэмізму» было асуджана не менш за 19 чалавек, 12 з якіх былі пазбаўлены волі на тэрмін ад трох да шасці гадоў.
Такім чынам, за тры гады — 16 спраў, 19 асуджаных і 12 зняволеных. Да прыкладу: за жнівень гэтага году было вынесена, па звестках праваабаронцаў, 14 крымінальных прысудаў (у адным з іх таксама фігураваў данат). То-бок, насамрэч штомесяц беларусаў наогул асуджаюць столькі, колькі было пасаджана «за данаты» за тры гады.
У BelPol паведамілі, што па матэрыялах Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК, у 2022–2023 гадах было распачата каля 100 крымінальных спраў за «фінансаванне экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці». Але ёсць «але». «Многія крымінальныя справы ўзбуджаны ў дачыненні да “неўстаноўленых асоб” толькі на падставе маніторынгу банкаўскіх транзакцый, па факце паступлення грашовых сродкаў у адрас непажаданых рэжыму арганізацый», — адзначаюць былыя сілавікі.
«Гігібайты ўнікальных кадраў»
І вось на тыдні з’явіўся новы «ўкід» ад сілавікоў. Яны паведамілі, што затрымалі мужчыну, які ўдзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе, і нібыта затрыманы здымаў пратэсты на відэа ў высокай якасці. Сцвярджаецца пра «гігабайты ўнікальных кадраў».
На відэа мужчына кажа, што знаходзіўся ў месцах, дзе адбываліся сутыкненні міліцыі з пратэстоўцамі, быў падпісаны на «дэструктыўныя» чаты, дзе пакідаў негатыўныя каментары, наведваў амаль усе нядзельныя маршы.
У сувязі з гэтым узнікае шмат пытанняў. А дзе была ў 2020-м «служба дакументавання» — тыя самыя «ціхары з відэакамерамі», што з’яўляліся на кожным мітынгу? Куды падзеліся запісы з вулічных відэакамер? Ці «апрацаваныя» ўжо шматлікія фота і відэа, якіх было багата ў СМІ? А з фільмам «Сучасныя хронікі», пра які сілавікі так радасна казалі, ужо разабраліся?
Дык ці варта верыць ГУБАЗіКу і панікаваць з гэтай нагоды?
Хутчэй за ўсё, такія заявы, што ўзнікаюць з рознай перыядычнасцю — гэта тая самая «інфармацыйная спецаперацыя» з усё той жа мэтай насаджэння ў грамадстве атмасферы страху. І, як было напісана ў братоў Стругацкіх, калі «іх зброя — таямніца, значыць, нашая зброя — праўда». Калі ГУБАЗіК хлусіць, то не такія ўжо яны і ўсемагутныя, як хочуць падавацца.
Асцерагацца — трэба. Трэба не забывацца пра «лічбавую гігіену», пра выкарыстанне VPN, пра рэжым «інкогніта» ў браўзерах, пра той жа «партызанскі Тэлеграм». Балазе, можна чытаць «экстрэмісцкія рэсурсы» і без падпіскі.
Але не трэба баяцца і панікаваць. Хлусні ў гэтых паведамленнях больш, чым праўды.