«Проста ў шоку». Беларус пазнаў сябе і сяброў у фільме пра пратэсты 2020 года

24 ліпеня беларускі дакумэнталіст Мікалай Мамінаў выклаў свой дакумэнтальны фільм пра беларускія пратэсты, стужку апублікавалі на літоўскім інфармацыйным партале Delfi. Гэта выклікала хвалю абмеркаваньняў. Людзі пазналі сябе ў фільме і пачалі непакоіцца пра сваю бясьпеку. Пра адзін з такіх выпадкаў распавядае «Свабода».

1ed57d32_9949995bc3d65c50e17b0638278694ff_logo.jpg.webp

Пратэсты Мікалай Мамінаў пачаў здымаць адразу пасьля закрыцьця выбарчых участкаў 9 жніўня 2020 году. Яго затрымлівалі двойчы, у выніку Мамінаў зьехаў зь Беларусі.

Ідэя зрабіць фільм з адзьнятага матэрыялу прыйшла праз год. Некаторыя твары ўдзельнікаў пратэстаў у стужцы заблюраныя, аднак яна выклікала крытыку з боку беларусаў.

Фільм хутка прыбралі з агульнага доступу. Праўда, яго пасьпелі перазаліць і апублікаваць сілавікі. Яны ж пачалі пісаць у тэлеграм-каналах, што цяпер пратэстоўцаў лягчай высачыць.

Мікалай удзельнічаў у пратэстах у Беларусі, пасьля яго затрымлівалі і ён быў вымушаны выехаць за мяжу. Беларус пазнаў сябе на кадрах зь фільму. Таксама пазнаў у ім сваіх знаёмых, зь якімі разам хадзіў на пратэсты. Яны дагэтуль у Беларусі.

«Двое чалавек пастаянна ў Беларусі, што яны цяпер будуць рабіць, незразумела, яны проста ў шоку. Яшчэ адзін чалавек жыве на дзьве краіны і бывае ў Беларусі. Раней гэтыя людзі не траплялі на відэа, у СМІ на фатаздымках ня бачылі сябе. Апэратар зьняў іх на маршы. Чаму б было не заблюрыць твары?!», — эмацыйна кажа Мікалай.

Паводле слоў суразмоўцы, яго сябры не плянавалі зьяжджаць зь Беларусі, але цяпер, кажа ён, «на роўным месцы» яны атрымалі канкрэтную пагрозу.

«Яны хадзілі на пратэсты, пасьля ўсё заціхла, яны перасталі хадзіць. Выяжджаць не плянавалі. Гэта ж цяпер рэальная пагроза. Людзі закрыліся проста, усё ў іх было нармальна. А цяпер ім нешта трэба рабіць. Я таксама здымаў шмат відэа, а пасьля ўсё выдаліў, а тут чалавек праз два гады выкладае твары людзей», — кажа Мікалай.

Суразмоўца лічыць, што аўтар відэа «падставіў людзей». І дадае, што «можна было даць агульныя кадры, кадры ззаду, але заблюрыць усе твары».


Глядзіце таксама

Што рабіць, калі вы пабачылі сябе ў стужцы. Парады юрыста

Парады тым беларусам, якія нечакана пабачылі сябе ў стужцы Мікалая Мамінава, дае юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Сьвятлана Галаўнёва:

1. Калі вы пабачылі сабе на відэа ці баіцеся, што вы там ёсьць, то варта супакоіцца і паглядзець фільм, каб даведацца, ці дакладна вы ёсьць на кадрах. А таксама заключыць дамову з адвакатам (нават калі на відэа вас няма, але вы ўдзельнічалі ў пратэстах).

2. Падумаць пра ад’езд, уявіць прыкладны плян, узважыць фінансавыя магчымасьці, калі вырашылі выяжджаць — падрыхтаваць дакумэнты: доказы перасьледу, даверанасьці на сваякоў, пашпарт.

3. Калі вы вырашылі выяжджаць надоўга, то варта прадумаць далейшыя сродкі легалізацыі, сабраць дакумэнты, якія дадуць падставу на гэта, варта аформіць даверанасьць праз натарыюса. У Беларусі ж варта паклапаціцца пра лічбавую бясьпеку, паглядзець, ці не засталося відэа ці фота з пратэстаў.

Што да небясьпекі фільму, то яна найперш у рэакцыі сілавікоў і пагрозах тым, хто аказаўся ў кадры, кажа праваабаронца.

«Найбольшая небясьпека ў пазыцыянаваньні сілавікоў, што, маўляў, выйшаў такі фільм і мы зараз усіх затрымаем. Гэтыя дадзеныя даўно маглі быць адкрытымі, кавалкі відэа маглі быць публічнымі, але ў фільме яны сабраныя разам, яго прасьцей праглядзець. Гэта пазыцыянуецца таксама як пракол апазыцыйных сілаў. Ствараецца наратыў страху і недаверу, аўра небясьпекі для ўсіх», — мяркуе юрыстка.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» выклаў фільм у сваім тэлеграм-канале пасьля таго, як яго выдалілі з DELFI. Там мяркуюць, што такім чынам дапамагаюць людзям зразумець, ці сапраўды ім нешта пагражае.