Хронікі рэпрэсій за 24 ліпеня

11 новых палітвязняў, затрыманні, суды, «пакаяльныя відэа» — навіны сённяшняга дня ў адным аглядзе.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

***

Сілавікі затрымалі дзвюх выкладчыц БДЭУ. Адна з затрыманых — выкладчыца беларускай мовы, кандыдат філалагічных навук і дацэнт кафедры беларускай і рускай моў Надзея Старавойтава.

У «пакаяльным відэа» яна кажа, што наведвала мітынгі, падчас якіх выходзіла на дарогу, зарэгістравалася ў плане «Перамога» і была падпісаная на «дэструктыўныя» каналы, паведамляе «Вясна».

Другая затрыманая — выкладчыца рускай мовы, кандыдат філалагічных навук Наталля Сівіцкая. У «пакаяльным відэа» яна таксама кажа, што ўдзельнічала ў пратэстах.

***

Суддзя суда Талачынскага раёна Наталля Барысавец за «правядзенне не дазволенага ўладамі пікетавання ў сацыяльных сетках» аштрафавала на 2590 рублёў электраманцёра з Коханава Віталя Шалупіна. Пра гэта паведамляе сайт «Віцебскай вясны».

***

Маці палітвязня Паўла Севярынца расказала апошнія навіны пра сына. У размове з «Народнай воляй» яна паведаміла, што лісты ад Паўла ўжо пачалі прыходзіць з гродзенскай калоніі №1, куды яго перавялі са шклоўскай калоніі:

— Спачатку адразу тры лісты атрымала, пасля чаго больш за тыдзень нічога не было. Затым адразу сем лістоў дайшлі да мяне, і праз час яшчэ адзін дайшоў. Я запісваю нумары паштовак, таму бачу, што аб’явіліся нават тыя лісты, якія лічыліся зніклымі. Яшчэ мяне здзівіла, што на адным лісце сын указвае адзін нумар камеры, у другім — іншы, у трэцім — трэці. Не ведаю, што там адбываецца, магчыма, сына перакідваюць з камеры ў камеру.

Паша трымаецца, усім прывітанне перадае. Усё разумее і ўсё ведае. А калі пра нешта і не ведае, то здагадваецца, як яно павінна быць. Сын — чалавек вельмі адукаваны.

Паведамляе коратка: «Дзякуй Богу, у мяне ўсё добра». Натуральна, што ніякія падрабязнасці свайго знаходжання ў турме не можа напісаць, цэнзура гэта проста не прапусціць на волю.

***

У Беларусі заблакаваны сайт Kamunikat.оrg — найбуйнейшая інтэрнэт-бібліятэка беларускай літаратуры, у ёй размешчаны тысячы кніг, часопісаў, аўдыякніг. З-за мяжы сайт адкрываецца без праблем.

***

Мінінфарм заблакаваў таксама брэсцкі сайт brestnote.by, дзе асвятляліся навіны рэгіёна. Прычынай называецца тое, што на сайце былі «спасылкі на экстрэміскія рэсурсы, якія на момант публікацыі яшчэ не былі экстрэмісцкімі».

У красавіку 2022 года сайт brestnote.by ужо блакавалі. Тады беларускія правайдары дадалі яго ў «чорны спіс» паводле рашэння Раскамнагляда.

***

Марыне Адамовіч вярнулі медыцынскую бандэроль, якую яна адпраўляла Мікалаю Статкевічу, з фармулёўкай «Адмова ад атрымання». Пра гэта напісала жонка палітвязня ў Facebook.

Статкевіч знаходзіцца за кратамі ўжо больш за 3 гады. 14 снежня 2021 года яго прысудзілі да 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму.

У канцы чэрвеня мінулага года Статкевіча перавялі з гомельскага СІЗА №3 у глыбоцкую калонію №13. З тых часоў ён рэгулярна змяшчаецца ў штрафны ізалятар — яму выпісана не менш за 36 штрафаў.

***

Пра Міколу Статкевіча няма аніякіх звестак вось ужо 166 дзён, паведамляе ініцыятыва прадстаўніцы АПК па сацыяльных пытаннях Вольгі Гарбуновайklopat.by. Таксама адсутнічае інфармацыя пра іншых вядомых палітычных зняволеных: Марыю Калеснікаву —  160 дзён, Максіма Знака —  165 дзён, Ігара Лосіка — 155 дзён, Паліну Шарэнда-Панасюк — 17 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 137 дзён, Віктара Бабарыку — 88 дзён.

***

Музыку і паэта Мікіту Найдзёнава прысудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі». Суддзя Марына Клімчук вынесла прысуд у судзе Ленінскага раёна Мінска, паведамляе «Радыё Свабода».

Яго абвінавацілі па арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

***

У Беларусі плюс 11 новых палітвязняў: Кірыл Клімаў, Васіль Якімаў, Ігар Сацюк, Віталь Юрэня, Вольга Рыбіна, Аляксандр Хмыль, Павел Харытонаў, Максім Драбніца, Мікіта Бруй (непаўнагадовы праўнук Якуба Коласа).

***

Паводле звестак правабаронцаў «Вясны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1482 палітвязні. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1736 чалавек. Сярод іх — 191 жанчына і 8 непаўнагадовых. 16 палітвязняў былі адпраўленыя на прымусовае лячэнне.

***

Нагадаем, 29 ліпеня пройдзе 12-гадзінны анлайн-марафон салідарнасці ў падтрымку палітвязняў і іх сем'яў, арганізаваны Вольгай Гарбуновай і яе камандай пры ўдзеле больш чым 20 незалежных беларускіх медыя. Сабраныя сродкі будуць размеркаваныя паміж фондамі і ініцыятывамі, якія дапамагаюць палітычным зняволеным і іх сваякам.