«Як можна жыць у такой краіне наогул, дзе і слова сказаць нельга?» У беларускіх турмах украінцаў трымаюць у палоне
Сілавікі затрымліваюць грамадзян Украіны па надуманых абвінавачаннях — а бывае што і без іх, проста так.
Альберт Сінькоў — жыхар Сватава Луганскай вобласці (цяпер знаходзіцца пад расійскай акупацыяй). У траўні 2023 года ён вяртаўся з Германіі ва Украіну праз Беларусь і тут трапіў «у палон». Амаль два месяцы Альберт і яго сябар прабылі ў гомельскім ІЧУ.
«Радыё Свабода» расказвае гісторыю Альберта Сінькова, пагаварыўшы з яго жонкай Інай. Сам ён пасля перажытага не гатовы размаўляць з журналістамі.
«Муж заставаўся дома, бо дамы без гаспадароў абкрадалі»
«Калі вясной 2022 года Сватава акупавалі расійцы, жыць там стала немагчыма. Я з дзіцём паехала ў Германію. Муж застаўся дома, таму што калі ў дамоў няма гаспадароў, іх расійцы рабуюць, вывозяць усё ў Расію. Тым больш, там маці Альберта засталася», — тлумачыць Іна.
Яна кажа, што доўга не бачыла мужа, ён не мог прыехаць да іх. Але праз некаторы час Альберт усё ж дабраўся да сям'і. Потым зноў вырашыў ехаць назад, у Сватава, каб забраць частку рэчаў.
«Сустрэўся якраз з сябрам, таксама з Луганскай вобласці, той прапанаваў разам ехаць на аўтамабілі. Вырашылі ехаць праз Беларусь, каб было хутчэй — праз Літву быў вялікі крук. І паехалі 16 мая. Праехалі мяжу Польшчы з Беларуссю, а ў Гомельскай вобласці іх затрымалі», — расказвае жанчына.
«Ніхто нічога за амаль два месяцы не тлумачыў»
Іна кажа, што на яе мужа і яго сябра адразу апранулі кайданкі, забралі машыну, а іх адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання.
«Яшчэ сказалі, маўляў, не хвалюйцеся, заўтра вас адпусцім. Але ніхто не адпусціў. Мы "прабілі" па сваіх сувязях і даведаліся, што яны сядзяць у гомельскім ІЧУ, без якіх-небудзь абвінавачанняў, без крымінальнай ці нейкай іншай справы», — дадае жонка Альберта.
Яна тэлефанавала ў гомельскі ІЧУ, але дзяжурны адказаў, што такога чалавека, як Альберт Сінькоў, у іх няма. Тады Іна знайшла адвакатку, і тая змагла высветліць, што ўкраінцы сапраўды ў ІЧУ, але абаронцы ім не патрэбныя, бо ні адміністрацыйнай, ні крымінальнай справы ў дачыненні да іх не заводзілі, а за кратамі трымалі да высвятлення абставінаў.
«І вось яны проста сядзелі. Умовы, кажа муж, былі жудаснымі. Кармілі гарачай вадой з капустай на дне. Жартаваў потым, што краіна лічыцца бульбяной, а ён бульбу за амаль два месяцы ў ізалятары не бачыў, не давалі. Калі яны з сябрам ужо проста галадалі і пачалі барабаніць у дзверы, каб ім далі хоць нешта паесці, то ахоўнікі на іх накрычалі: "Мы вас зараз паб'ем"», — расказвае Іна.
Паводле яе слоў, праз знаёмых атрымалася перадаць для Альберта і яго сябра перадачу. «Прынялі не ўсё. Але Альберт сказаў, што яны з такім задавальненнем елі звычайны хлеб з прыправамі! У іх было адчуванне, што гэта сала».
Іна дадае, што міліцыянты чапляліся да яе мужа па рознай дробязі. «Казалі: "Чаму вы так шмат ездзіце, чаму столькі штампаў у пашпарце?" Разглядалі фотаздымкі з сямейных святаў у тэлефоне і гаварылі: "Вось як вы ясцё, якія багатыя ў вас сталы!" Што гэта, да чаго? Не ведаю», — здзіўляецца жанчына.
«"З рэчамі на выхад" — і ўсё»
Альберт з сябрам прабылі ў гомельскім ІЧУ каля двух месяцаў. «Аднойчы канвойныя адчынілі дзверы і сказалі: "З рэчамі на выхад!" — распавядае Іна. — Ніхто нічога не патлумачыў, ніякіх дакументаў. Што гэта наогул было? Можа, нешта хацелі накапаць на іх, ды не знайшлі нічога».
У выніку Альберту паставілі ў пашпарт штамп аб забароне на ўезд у Беларусь на адзін год, а яго сябру — на 10 гадоў.
«Аўтамабіль ім аддалі і сказалі проста: "Валіце нахер адсюль!" І яны вярнуліся праз Беларусь і Польшчу ў Германію. Цяпер і праз Латвію ехаць страшна, бо расійскія памежнікі таксама правяраюць на мяжы», — кажа Іна.
Яна здзіўляецца, што ў Беларусі такія парадкі. «З мужам сядзеў чалавек, які дзесьці паставіў лайк, так ужо, казаў, восем месяцаў сядзіць. Гэта нешта незразумелае. Як можна жыць у такой краіне наогул, дзе і слова сказаць нельга?»
Што адбываецца з іншымі ўкраінцамі, затрыманымі ў Беларусі
Гэта не першы выпадак затрымання грамадзян Украіны ў Беларусі пасля 24 лютага 2022 года. Сярод іх ёсць ужо асуджаныя, падазраваныя і арыштаваныя.
Паўла Купрыенку прысудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі за «агентурную дзейнасць». Мікалая Швеца абвінавачваюць у «падрыве расійскага ваеннага самалёта» на аэрадроме ў Мачулішчах, за што можа быць прыменена смяротнае пакаранне. Андрэя Шмая падазраюць у «супрацоўніцтве з замежнай выведкай». Арцём Макавей ужо больш за пяць месяцаў знаходзіцца ў ІЧУ Брэста, не ведаючы, за што яго хочуць выслаць з Беларусі. Яшчэ сямёра грамадзян Украіны арыштаваныя за «шпіянаж».
Падрабязнасці падобных спраў сёння ў Беларусі можна даведацца толькі з рэпартажаў на дзяржаўным ТБ, якія тэлевізійшчыкі рыхтуюць, абапіраючыся на матэрыялы спецслужбаў.
Грамадзянам Украіны, якія могуць аказацца ў сітуацыі Арцёма Макавея, праваабаронцы рэкамендуюць наступнае: калі прыйшло паведамленне з аддзела грамадзянства і міграцыі — з'явіцца туды, пры гэтым лепш узяць з сабой адваката або паведаміць пра візіт блізкім, знаёмым, сябрам, бо не выключана, што чалавека могуць проста паставіць перад фактам: вырашаецца пытанне аб высылцы або дэпартацыі. І проста там затрымаць.
Калі блізкія ў курсе, яны змогуць хутка зарыентавацца і знайсці адваката, які зможа абскардзіць гэтае рашэнне ў вышэйстаячы орган, а затым у суд. Тэрмін абскарджвання — пяць рабочых дзён. Для абскарджвання юрысты рэкамендуюць сабраць розныя дакументы, якія пацвярджаюць сувязь грамадзяніна з краінай і даказваюць адсутнасць правапарушэнняў і іншае. Асноўныя дакументы, якія рэгулююць гэтыя пытанні, — гэта закон «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь» (арт.67) і дзве пастановы Савета Міністраў: «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку дэпартацыі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства» і «Аб парадку высылкі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства з Рэспублікі Беларусь».
Амбасада Украіны ва ўмовах вайны і ўнутрыпалітычнай сітуацыі, якая склалася ў Беларусі, таксама абмежаваная ў магчымасцях аказваць дапамогу сваім грамадзянам. 10 сакавіка 2023 года амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім у інтэрв'ю ўкраінскаму выданню LIGA.net заявіў, што на сённяшні дзень у Беларусі арыштаваныя за шпіянаж сем грамадзян Украіны — і доступу да іх няма:
«Сваякі і мы стараемся неяк да іх дабрацца, але калі ўзяўся КДБ — то не пускаюць нават консула і прызначаюць свайго адваката, які нічога не гаворыць... Цяпер магчымасці амбасады і консульства вельмі абмежаваныя, таму што беларускі бок разглядае нас як патэнцыйных ворагаў». Украінскія дыпламаты заклікаюць сваіх грамадзян, калі гэта магчыма, устрымацца ад паездак у Беларусь.