Для вырашэння ўкраінскага пытання беларуская павестка і правы чалавека могуць быць зноў адсунуты
Палітолаг Кацярына Шмаціна — пра планавую эканоміку МЗС, перспектывы ў Афрыцы і магчымасць кулуарных перамоў з краінамі Захаду.
24 ліпеня распачаўся традыцыйны штогадовы семінар, які МЗС РБ ладзіць для беларускіх дыпламатаў. Міністр Сяргей Алейнік заклікаў пазіцыянаваць Беларусь як адну з дзяржаў, «што фарміруюць ядро разважнасці ў свеце».
Прычым неабходна, заявіў міністр, «пашыраць гэта ядро праз прасоўванне беларускіх мірных і стваральных ініцыятыў» і даносіць ва ўсіх краінах да канструктыўна настроеных палітычных і грамадскіх лідараў «беларускую міралюбівую знешнюю палітыку, праўду пра краіну».
Абсалютным прыярытэтам працы, як і раней, абвешчаны экспарт. Сярод іншых кірункаў дзейнасці беларускіх дыпламатаў Алейнік назваў «супрацьдзенне санкцыям і мінімізацыю іх наступстваў, праактыўнае развіццё стасункаў з саюзнікамі, традыцыйнымі партнёрамі і сяброўскімі дзяржавамі», прычым глядзець прапанавана перадусім на «глабальны Поўдзень і глабальны Усход».
Аднак наколькі выканальныя гэтыя задачы і ці вялікае поле для манеўраў засталося ў айчыннай дыпламатыі? «Филин» абмеркаваў гэта з паліталагіняй, даследчыцай крытычнай геапалітыкі Virginia Tech (Вашынгтон) Кацярынай Шмацінай.
— Планавая сустрэча для мяне выглядае як яшчэ адзін аспект планавай эканомікі, — зазначае экспертка. — Калі, па сутнасці, дыпламатам «зверху» спускаюць дырэктыву па наладжванні гандлёвых сувязяў. Не здзіўлюся, калі ім даведзены пэўныя лічбы і паказчыкі экспарту, а таксама не здзіўлюся, калі яны мала рэалістычныя.
У прынцыпе, гэта тое, чым заўжды займаліся беларускія дыпламаты за мяжой — у нагрузку ім давалі не толькі наладжванне палітычных стасункаў, але і прасоўванне айчынных тавараў. А ва ўмовах санкцыйнага ціску і ізаляцыі, зразумела, гэтая задача ўскладняецца.
Зарана меркаваць, якія эканамічныя вынікі будзе мець семінар для прадстаўнікоў беларускіх амбасад, але ў палітычным вымярэнні, зазначае Кацярына Шмаціна, справы выглядаюць не надта добра. Калі гаварыць пра Еўрасаюз, ЗША і Канаду, сувязі з беларускімі дыпламатамі зведзены да тэхнічнага ўзроўню, і ў публічным полі не выпадае чакаць, каб заходнія лідары выказалі гатоўнасць да супрацоўніцтва ці гандлю з рэжымам Лукашэнкі.
— Але гэта не выключае кулуарных спроб перамоў, — дадае палітолаг. (Заўважым, пра непублічнае супрацоўніцтва з «прадстаўнікамі бізнесу і культуры» расказаў на семінары пасол Беларусі ў Фінляндыі —Рэд.). Бо трэба мець на ўвазе такі фактар, як ціск электарату ў дэмакратычных краінах, чые лідары вымушаны прыслухоўвацца да меркавання грамадства, улічваць яго стаўленне да падтрымкі Украіны альбо жаданне як мага хутчэй любым чынам скончыць гэты канфлікт.
І ў гэтым сэнсе рэжым Лукашэнкі можа спрабаваць падаць Беларусь не як суагрэсара, а ці то як ахвяру, ці то як пасярэдніка, таксама зацікаўленага ў найхутчэйшым заканчэнні вайны, і наладжваць кантакты. Шукаць прагматычных, альбо, як сказаў кіраўнік беларускага МЗС, «канструктыўна настроеных» палітыкаў, каб абмяркоўваць шляхі выйсця, нягледзячы на маральна-этычныя паблемы і парушэнні правоў чалавека.
Экспертка прыводзіць прыклад: налета ў ЗША адбудуцца прэзідэнцкія выбары, і цяперашняму кіраўніку краіны Джо Байдэну важна, з аднаго боку, паказаць выбаршчыкам альбо прагрэс на фронце, недарэмную падтрымку Украіны, альбо мірныя перамовы.
У той жа час і ў дэмакратаў, і ў рэспубліканцаў ёсць групы, якія выступаюць супраць выдаткавання грошай на Украіну, мяркуюць, што Расіі можна дазволіць забраць частку ўкраінскіх тэрыторый і што Крэмль можа быць карысным у супрацьдзеянні Кітаю.
— Зараз гэтыя групы не ўплываюць на курс адміністрацыі Байдэна, але калі кандыдат з такімі каштоўнасцямі зойме месца ў Белым доме, то гэта, суадносна, негатыўна адлюструецца на ролі ЗША ў нашым рэгіёне.
Тут беларускі бок можа шукаць свае выгоды і непублічна прапаноўваць пэўныя дамоўленасці. Нагадаю таксама, што ў часы «нармалізацыі» адносінаў з Вашынгтонам беларускі бок з дапамогай лабістаў прасоўваў ідэю зняцця санкцый з Беларусі, і ў пэўны час абмежаванні насілі пераважна сімвалічны характар.
Недзе паўгода таму былі заявы ад Дзярждэпартамента ЗША, што яны вядуць перамовы з прадстаўнікамі беларускіх улад — не дзеля наладжвання паўнавартасных стасункаў, вядома, але для таго, каб лепш разумець беларускі бок. І застаецца рызыка, што пры вырашэнні ўкраінскага пытання беларуская павестка — маральныя аспекты, правы чалавека — могуць быць зноў адсунуты на другі план.
Калі казаць пра пераарыентацыю беларускай дыпламатыі на «глабальны Поўдзень» і афрыканскія рынкі збыту, тут пашырэнне супрацоўніцтва цалкам магчымае, заўважае Кацярына Шмаціна.
— Красамоўны прыклад, як некаторыя краіны Афрыкі, скажам, Замбія, Кенія ставяцца да кітайскіх інвестыцый для развіцця лічбавай інфраструктуры. Ім настолькі патрэбныя знешнія інвестыцыі, што нават калі высветлілася, што кітайскія дзяржпадрадчыкі цягам некалькіх гадоў шпіёнілі, атрымлівалі сакрэтную інфармацыю пра чальцоў урада краіны-рэцыпіента, для афрыканскіх краін гэта не з’явілася праблемай.
Так што і ў беларускіх улад ёсць магчымасці знайсці сабе новых партнёраў у Афрыцы — эканамічна ўразлівыя краіны не будуць доўга выбіраць і адмаўляцца ад супрацоўніцтва з этычных прычын.
— Адмовіўшыся ад шматвектарнасці, Беларусь практычна ўсю ўвагу скіравала на Усход: шмат размоў пра супрацоўніцтва з Кітаем, уступленне ў ШАС. Але ці ўспрымаюць у гэтай частцы міжнароднай супольнасці беларускія ўлады як самастойнага гульца, а не сатэліт Расіі?
— Найперш заўважу, што ў заходняй аналітычнай думцы Беларусь зараз узгадваюць пераважна ў фармулёўцы «васал Пуціна». Калі яшчэ тры-пяць гадоў таму мы казалі пра незалежную беларускую палітыку, хоць і ў сферы ўплыву Расіі, то цяпер выкарыстоўваецца менавіта такое азначэнне.
Што да Усходу, то аўтарытарныя рэжымы ў Азіі, мяркую, успрымаюць міжнародныя адносіны вельмі іерархічна. Для іх ёсць Кітай і сфера ўплыву Кітая, для большасці азіяцкіх краін Кітай — эканамічны і палітычны гулец нумар адзін. Потым ідзе Расія, а недзе праз коску, як дадатак — Беларусь.
Адносна інтарэсаў Кітая экспертка нагадвае: пасля пратэстаў у Беларусі КНР пачаў выводзіць інвестыцыі і праекты, перакідваць іх ва Украіну — а з пачаткам вайны стаў шукаць іншыя шляхі транзіту тавараў і супрацы з Еўразвязам.
— То-бок калі ў Беларусь прыйшла нестабільнасць, то адразу змяніўся ўзровень ангажаванасці Кітая. Але цікава, што на пачатку бягучага года Лукашэнка сустрэўся з Сі Цзіньпінем: дзіўна, што быў такі высокі ўзровень сустрэчы, пры тым што Беларусь зараз — праблемны партнёр.
Мяркую, прычыны палягаюць у кантэксце вайны ва Украіне: інфармацыя пра тое, што Кітай, верагодна, пастаўляе ў РФ зброю праз Беларусь альбо магчымую ролі Лукашэнкі ў ініцыятывах па бяспецы (якраз у той час Пекін апублікаваў свой «мірны план»). Тая сустрэча магла мець на мэце абазначыць месца Лукашэнкі ў гэтым ураўненні і жаданне Кітая падтрымліваць стасункі з Беларуссю ў абыход Крамля.