Кожны чалавек, які выходзіў на пратэсты без маскі, разумее, што ён у зоне рызыкі
У сілавікоў ляжаць гігабайты, калі не тэрабайты відэа, якія паступова апрацоўваюць і дзякуючы гэтаму дагэтуль затрымліваюць людзей за падзеі 2020 года.
Страсці вакол дакументальнага фільма «Сучасныя хронікі» беларускага дакументаліста Мікалая Мамінава сціхлі. Але праблема не вырашана.
Фільм правісеў на ютуб-канале літоўскага партала DELFI некалькі гадзін, пасля чаго рэдакцыя, зважаючы на вострую рэакцыю беларускай грамадскасці, прыбрала яго. Але беларускія сілавікі заявілі, што ўсё паспелі скачаць і гатовы прыйсці «ў госці» да кожнага, хто засвяціўся ў кадры.
Фільм «Сучасныя хронікі» — пра пратэсты 2020 года ў Беларусі. Аўтары замазалі твары некаторых людзей, якія трапілі ў кадр, але большасць засталіся незаблюранымі. І тым, каго змогуць устанавіць сілавікі, пагражае крымінальная адказнасць.
«СНплюс» пагаварыла з нядаўнім палітвязнем Алегам Кулешам і каардынатарам экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзімам Мажэйкам.
Алег Кулеша: «Мяне проста калоціць ад злосці»
Алег Кулеша — жыхар Пружанаў, фігурант берасцейскай «справы карагодаў», распачатай па падзеях 13 верасня 2020 года ў горадзе (калі пратэстоўцы выйшлі на праезную частку, а іх разагнаў вадамёт).
Быў затрыманы 10 чэрвеня 2021 года па арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
Асуджаны на 1 год і 7 месяцаў калоніі агульнага рэжыму, якія цалкам адседзеў і выйшаў на волю ў верасні 2022 года.
Цяпер знаходзіцца ў Польшчы, займаецца (разам са многімі) стварэннем Беларускай асацыяцыі палітвязняў.
Алег Кулеша паглядзеў фільм, як той толькі з’явіўся ў доступе. Палітвязень не стаў гаварыць ад імя асацыяцыі, але выказаў рэзкую асабістую думку:
– За такое «кіно» людзям, якія цяпер сядзяць у лагерах, могуць накінуць яшчэ тэрмін, могуць прышыць яшчэ некалькі крымінальных артыкулаў, якія ў 2-3 разы большыя за цяперашні. Беларусам на волі (умоўнай волі) прасцей: яны могуць хоць бы з’ехаць. А людзі, якія ўжо асуджаны, сядзяць па лагерах, у калоніях, турмах — самая неабароненая цяпер катэгорыя, бо яны не могуць збегчы.
І хоць рэдакцыя амаль адразу прыбрала гэты фільм з ютуба, ён гуляе па інтэрнэце. І раней ці пазней трапіць у рукі карнікаў.
– Ці можна мінімізаваць наступствы?
– На пытанне адкажу пытаннем: ці маглі немцы ў даваенны перыяд мінімізаваць (паўплываць на) гебельсаўскую прапаганду ў Германіі? Ці маглі немцы нешта зрабіць з дзейнасцю Штазі ў той жа Германіі? Практычна нічога не маглі зрабіць. Так і тут: інтэрнэт памятае ўсё, калі нешта з’явілася на яго прасторах, то ўжо не знікне.
Магчыма, клін клінам выбіваюць і гэтае «кіно» варта выкласці ў адкрыты доступ, каб людзі хаця б ведалі, да чаго ім рыхтавацца. Але справы дрэнь: найперш пацерпяць у вязніцах. У лагерах знаходзяцца самыя безабаронныя людзі (сам сядзеў), з імі прасцей за ўсё «працаваць»: асобы ўстаноўлены, твары вядомыя, пальчыкі знятыя — прапусціў праз базу, і яшчэ адно раскрытае «злачынства».
Далей за гэта глядзець не хачу: мяне проста калоціць ад злосці. Што ўвогуле думаў чалавек, калі выпускаў у свет недароблены фільм? Людзям могуць прышыць яшчэ некалькі крымінальных артыкулаў, а ён нават прабачэння не папрасіў.
Вадзім Мажэйка: «Не ведаю, як бы мне спалася на месцы Мамінава»
— Фільм атрымаў такі шырокі грамадскі рэзананс з дзвюх прычын.
Па-першае, ён падняў важныя праблемы журналісцкай этыкі: ці можна паказваць такія кадры, выкарыстоўваць іх у адкрытым доступе і зусім не звяртаць увагі на рэальныя наступствы — пераслед людзей, якіх паказалі ў кадры. Не ведаю, як бы мне спалася на месцы Мамінава, калі ГУБАЗіК рэальна кагосьці апазнае і пасадзіць. Гэта вельмі важнае пытанне і для прафесійнай дыскусіі.
Здзіўляе пазіцыя аўтара, які паводзіць сябе як нічога і не было, прынамсі, мяркуючы па тых выказваннях, якія я бачыў і чытаў; ён заяўляе, што раз шмат абмяркоўваюць, значыць, добры фільм, а любы піяр — гэта добра. Зноў жа, гэта пазіцыя, вельмі адарваная ад беларускай рэальнасці. Так можна казаць датуль, пакуль гаворка ідзе пра асабістыя ацэнкі, але ў нашым выпадку мы гаворым пра рэальных людзей, якія могуць апынуцца ў турме.
Пазіцыя аўтара шмат у чым выклікала накіраваную негатыўную дыскусію, таму што ў інтэрнэце поўным-поўна ўсялякіх відэа, і не толькі ў інтэрнэце — у ГУБАЗіКу тым больш розных кадраў і файлаў поўна. Відавочна, у сілавікоў ляжаць гігабайты, калі не тэрабайты відэа, якія паступова апрацоўваюць з дапамогай ганебных распрацовак праўладных айцішнікаў (сістэма распазнання твараў працуе), дзякуючы чаму дагэтуль затрымліваюць людзей за падзеі 2020 года.
Любы чалавек, які выходзіў на пратэсты без маскі і дагэтуль знаходзіцца ў Беларусі, разумее, што ён у зоне рызыкі. Прычым незалежна ад таго, прысутнічае ён у паказаным «кіно» ці не. Тым больш, як паказвае гісторыя, бог ведае праз колькі часу якія заўгодна фільмы могуць усплыць дзе заўгодна.
У дадзеным выпадку мінімальныя прэтэнзіі да DELFI, якая ў канчатковым выніку ўсё выдаліла. Хоць зразумела: калі нешта з'явілася ў інтэрнэце, рабіць гэта ўжо позна. Пры тым што я ведаю рускую рэдакцыю DELFI: гэта людзі, якія добра разумеюць беларускую сітуацыю — але нават яны, культурна кажучы, могуць прашляпіць і не ўцяміць, наколькі важна ў журналісцкай прафесіі звяртаць увагу на такія рызыкі.