Журналіста-расследавальніка Дзяніса Івашына таемна судзілі ў калоніі

Палітвязня і журналіста-расследавальніка «НЧ» Дзяніса Івашына перавялі з калоніі на строгі турэмны рэжым. Пра новы суд у калоніі не ведалі ні сваякі, ні нават адвакат.

ivaszyn1_logo.jpg.webp

Пра тое, што Дзяніса Івашына таемна судзілі ў калоніі, сведчыць адказ начальніка магілёўскай папраўчай калоніі №15, які прыйшоў маці Дзяніса Людміле Івашынай. Пра суд, які пастанавіў перавесці журналіста з калоніі на строгі турэмны рэжым, не ведалі ні родныя, ні ягоны адвакат, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Раней Людміла Івашына ў час поўнага няведання таго, дзе знаходзіцца яе сын і што з ім адбываецца, накіравала запыт начальніку папраўчай калоніі №15 Аляксею Лазарэнку. Ён адказаў толькі тое, што журналіст пераведзены ў жодзінскую турму №8.

Спадарыня Людміла вырашыла ўдакладніць падставу для пераводу на строгі турэмны рэжым і атрымала наступны адказ.

У лісце ад 18 ліпеня за подпісам Лазарэнкі паведамляецца, што над Дзянісам Івашыным адбыўся суд і што рашэнне выносіў суд Кастрычніцкага раёна Магілёва. Дата суда не ўказана.

«Нейкі бутафорскі «судовы» цырк усё ж быў. У цывілізаванай краіне вас бы, пэўна, здзівіла, што пра гэта ні сном, ні духам не ведаў адвакат, які мусіў бы яго абараняць падчас гэтага працэсу. Але ў фэйл-стэйце імя «не да законаў» магчыма ўсё, што яны штодня і даказваюць», — напісала на сваёй старонцы ў Facebook жонка Дзяніса Вольга Івашына

Фота са старонкі ў Facebook Вольгі Івашынай

Фота са старонкі ў Facebook Вольгі Івашынай

Дзяніс Івашын — карэспандэнт газеты «Новы Час», беларускі рэдактар валанцёрскай супольнасці InformNapalm. Яго затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 года: спачатку выставілі абвінавачанне паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»), а пазней дадалі яшчэ і «здраду дзяржаве». Верагодна, «апошняй кропляй» стала аўтарскае расследаванне пра былых украінскіх сілавікоў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста схапілі літаральна на наступны дзень, як ён даў інтэрв’ю пра гэта незалежнаму тэлеканалу «Настоящее время».

Глядзіце таксама

Суд над Дзянісам Івашыным доўжыўся амаль месяц у Гродзенскім абласным судзе і адбываўся ў закрытым рэжыме.

14 верасня 2022 года суддзя Валерый Раманоўскіасудзіў журналіста да 13 гадоў і 1 месяца зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 4800 рублёў. Апроч гэтага, Івашын мусіць выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым сілавікам — агулам 22 800 беларускіх рублёў.

У канцы мінулага года 20 снежня Вярхоўны суд Беларусі разглядзеў апеляцыйную скаргу на прысуд палітзняволенаму гродзенскаму журналісту і пакінуў вырак першай інстанцыі без змянення. Сёлета напрыканцы студзеня Дзяніса Івашына этапавалі са следчага ізалятара турмы №1 Гродна ў папраўчую калонію №15 Магілёва, дзе для яго быў прадугледжаны «ўзмоцнены рэжым» адбыцця пакарання. 

Глядзіце таксама