«Хлусня — гэта базіс, альфа і амега дзяржаўнай палітыкі»
Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» разважае над загадам некага, каб яму не хлусілі. І спрабуе разабрацца, што застанецца ад беларускай стабільнасці, калі раптам усе вакол пачнуць казаць праўду. А ўжо што застанецца ў гэтым выпадку ад беларускага тэлевізара — і падумаць страшна.
У пятніцу высветлілася страшная праўда. Аказваецца, хтосьці хлусіць. Ды не хтосьці. Усе хлусяць. Урад хлусіць, і губернатары хлусяць. Акадэмія навук хлусіць уся цалкам, і навукоўцы хлусяць паасобку. Калгасы хлусяць пра падзеж жывёлы, а атамшчыкі хлусяць пра атамную станцыю. Ну, усе літаральна хлусяць.
Увогуле, сёй-той вельмі строга загадаў, каб яны больш так не рабілі. Каб не хлусілі яму, а казалі праўду, толькі праўду і нічога акрамя праўды. Хоць, вядома, вельмі дарма ён гэта сказаў. Калі яму раптам і праўда перастануць хлусіць, то што ў яго тады застанецца? Таму што хлусня — гэта ж базіс, альфа і амега дзяржаўнай палітыкі. Калі выдраць з-пад дзяржаўнай палітыкі хлусню, то на чым яна будзе стаяць? Яна ж тады на нагах не ўтрымаецца.
Вось увесь сэнс дзяржаўнай палітыкі — каб было што паказаць па тэлевізары. Усё роўна як яно там працуе. Галоўнае, як яно будзе выглядаць у тэлевізары. Улады пабудавалі сабе ў тэлевізары пацешныя мястэчкі, якія імітуюць вялікія дасягненні дзяржаўнай палітыкі, і вельмі гэтым задаволены.
Імітацыю імпартазамяшчэння пабудавалі і імітацыю шматвектарнасці. Імітацыю вялікай энергетычнай дзяржавы і імітацыю проста вялікай дзяржавы. Імітацыю «гэта не мы фашысты, а вы фашысты». Імітацыю народнай любові і імітацыю стабільнасці.
Прычым улады ж ведаюць, што мы ведаем, што яны ведаюць, што ніхто ў іх імітацыі не верыць. Але гэта ўсё роўна. Галоўнае, каб усе правільна імітавалі народнае адзінства. А хто не хоча імітаваць народнае адзінства ці там не ўмее імітаваць народнае адзінства правільна, то да яго адправяць спецыяльна навучаных людзей.
Адзінае, дзе ўлады не займаюцца імітацыямі — генацыд беларускага народа. Вось з генацыдам беларускага народа ўсё па-сапраўднаму. Тут ніякіх імітацый. Таму што без генацыду беларускага народа зламаецца ўся рэальнасць беларускага тэлевізара.
Горш за ўсё, што без генацыду беларускага народа зламаецца імітацыя нацыянальнай бяспекі. А беларускія ўлады цяпер ні за што так не перажываюць, як за сваю нацыянальную бяспеку. Таму што стабільнасці ж у свеце няма. Таму на імітацыю сваёй нацыянальнай бяспекі яны не шкадуюць намаганняў. Армія, тэрытарыяльная абарона, народнае апалчэнне, вельмі спецыяльны спецназ у кожным абласным цэнтры. Каб ужо ніхто не сумняваўся, што нацыянальная бяспека ў іх ёсць. Чаго іншага, можа, і няма, а нацыянальная бяспека дакладна ёсць. У тэлевізары.
Але галоўная праблема з імітацыяй рэальнасці нават не ў тым, што імітацыя рэальнасці не вытрымлівае сутыкнення з рэальнасцю. Далібог, беларускія ўлады выдатна навучыліся пазбягаць рэальнасці.
Калі ты ўвесь час хлусіш іншым, то пачынаеш верыць у сваю хлусню сам. Перастаеш адрозніваць карцінку ў тэлевізары ад сапраўднага жыцця. А гэта ўжо багата ўсялякімі непрыемнасцямі. Як Пуцін паверыў, што ён возьме Кіеў за тры дні. Ці ХАМАС паверыў, што ў іх атрымаецца дайсці да Ерусаліма.
Вось нехта западозрыў нядобрае і загадаў, каб яму перасталі хлусіць. А як ты яму не будзеш хлусіць, калі ён ужо помнік? Калі тыя, хто хлусіць, ужо самі перасталі адчуваць розніцу паміж хлуснёй і праўдай. Калі нічога акрамя хлусні ад дзяржаўнай палітыкі і не засталося. (Не лічачы, вядома, генацыду беларускага народа).
Але хлусня — вельмі ненадзейны падмурак. Дом, пабудаваны на хлусні, доўга не прастаіць.