Калі далі каманду «Фас!», але кусаць няма за што, прапаганда пастараецца знайсці
Паколькі да амерыканцаў рукі і зубы не дацягваюцца, то кусаюць тое, што бліжэй — суседнюю Польшчу. І гісторыя вельмі лёгка перапісваецца пад патрэбны наратыў.
ДзяржСМІ выкарыстоўваюць не толькі айчынны арсенал гісторыкаў для антыпольскай прапаганды, але і расійскіх варагаў-псеўдаэкспертаў. Сярод беларускіх каментатараў лідарства, безумоўна, належыць дэпутату Палаты прадстаўнікоў гісторыку Ігару Марзалюку, які лічыць, што палякі «павінны здзейсніць калектыўны акт пакаяння за паланізацыю», і пры гэтым адмаўляе ў ажыццяўленні падобнага акта суседзямі з усходу за русіфікацыю, піша «Media IQ».
Ігар Марзалюк у праекце «У тэме» на YouTube-канале «БелТА», разважаючы пра сармацкі міф польскай шляхты, заявіў, што гэта ідэйная плынь у шляхецкім асяроддзі прадугледжвала «ментальную паланізацыю» дадзенага саслоўя ў Польшчы — дзякуючы яму шляхта стала лічыць сябе народам. І тут жа «забывае» пра падобны міф сярод літоўскай шляхты, што спасылалася на сваё рымскае паходжанне ад князя Паляймона, які ўцёк у часы Антычнасці з Рымскай імперыі. Адзначым, што ў XV-XVII стагоддзях падобнае не было рэдкасцю ў Еўропе.
Разам з тым часам, дзяржСМІ разводзяць антыпольскую плынь Марзалюка прамовамі «брацкіх па духу», хоць і вельмі адыёзных з навуковага пункту гледжання аўтараў з Расіі. Адзін з такіх — Яўген Спіцын, які спрабаваў у маладосці напісаць дысертацыю «Мемуары дзеячаў перабудовы як гістарычная крыніца», а пасля пісаў кнігі па гісторыі СССР.
Вось перад намі невялікі ўрывак выступу Яўгена Спіцына пра «хітрае ўладкаванне» Кароны Польскай пасля Люблінскай уніі, апублікаваны БЕЛТА:
«Этнічныя рускія землі былі галоўнымі пастаўшчыкамі прыгонных для польскіх шляхцічаў», — вось так галоўную ідэю і сэнс утварэння Рэчы Паспалітай пасля Люблінскай уніі 1569 года бачыць расійскі аўтар. На яго думку выходзіць, што падступныя прадстаўнікі польскай шляхты гвалтоўна ўключылі Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае для прыгнёту і ператварэння яго сялян у прыгонных.
Адразу ж узнікаюць шматлікія пытанні да аўтара, які так багата нагрувасціў усё і ўся, у які перыяд была заключана Люблінская унія, што паклала пачатак Рэчы Паспалітай? Хіба не ў перыяд спусташальнай Інфлянцкай (Лівонскай) вайны 1558-1583 гадоў, калі шматлікія войскі маскоўскага цара Івана Грознага ў 1562 года атакавалі ВКЛ па ўсёй мяжы, прарываючыся да Балтыкі, як адзначыў на круглым стале «Сучасны погляд на прычыны заняпаду ВКЛ» беларускі гісторык Андрэй Янушкевіч. Менавіта знешні фактар — Масковія і Швецыя, таксама зацікаўленая ў сваім уплыве ў Лівоніі (Інфлянтах), — стаў тым фактарам, які шмат у чым змяніў знешне- і ўнутрыпалітычныя пазіцыі ВКЛ. На ток-шоу «Intermarium» тэлеканала «Белсат», у перадачы пад назвай «Ці выжыла б ВКЛ без палякаў?» Янушкевіч удакладніў, што з заключэннем Люблінскай уніі для сярэднестатыстычнага жыхара ВКЛ нічога не змянілася. Манарх — Жыгімонт Аўгуст — застаўся той жа, памежныя слупы засталіся тыя ж: «Унія была заключаная на "палітычных нябесах"».
Хіба продкі цяперашніх беларусаў, напрыклад, гараджане найбагацейшага горада Полацка, горада з Магдэбургскім правам (1498), захопленага Масковіяй у 1563 годзе, хацелі быць падданымі маскоўскага цара Івана Грознага і сваімі рукамі насыпаць валы Ніжняга замка для маскоўскіх стральцоў? А полацкія яўрэі, патопленыя пасля захопу горада гэтымі стральцамі ў Дзвіне? На гэта звяртае ўвагу беларускі гісторык Уладзімір Арлоў у перадачы YouTube-канала Kamunikat «Айчына. Маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі».
На гэта мы адказаў ні ад расійскіх дзеячаў, ні ад такіх, як Марзалюк, не пачуем.
Хочацца расійскаму аўтару нагадаць, што Карона Польская і ВКЛ — не адно і тое ж. Статут ВКЛ 1588 года гэта цалкам пацвярджае, закранаючы землеўладанне, Сейм, войска, падаткі, фінансы. У Кароне Польскай сялянамі былі пераважна палякі, у ВКЛ — русіны (продкі цяперашніх беларусаў і ўкраінцаў) і прадстаўнікі балцкага этнасу (продкі цяперашніх літоўцаў). У Кароне Польскай таксама існавала цяжкая для сялян паншчына, такая ж, як у ВКЛ у другой палове XVI стагоддзя, і адпрацоўвалі яе продкі цяперашніх палякаў. Чамусьці аўтар пазбягае згадкі аб статусе сялян у Масковіі, асабліва пасля збору законаў Саборнага ўкладання 1649 года, які зрабіў больш жорсткім паншчыну там.
«Як усё было хітра пастаўлена, таму што польская шляхта разраслася неймаверна. Па колькасці шляхціцаў Польшча займала трэцяе месца ў Еўропе» — статус шляхціца даваўся ў тым ліку і за вайсковую службу, а паколькі войны Рэчы Паспалітай з Масковіяй, Турцыяй і Швецыяй здараліся даволі часта на працягу XVI-XVII стагоддзяў, то і колькасць тых, хто атрымаў гэта як узнагароду, магла павялічвацца.
Ідзём далей. «Паводле польскага заканадаўства, любы шляхціц меў юрыдычнае права забіваць беспакарана сваіх хлопаў. Зразумела, што львіную долю вось гэтых хлопаў складалі менавіта этнічныя рускія людзі, беларусы і ўкраінцы». Такіх тэрмінаў, як «рускія», «украінцы» і «беларусы», у XVI-XVII стагоддзях яшчэ не было ў сучасным разуменні. Як не было нацыянальных памкненняў і ідэй, падобных да тых, што развіваліся ў XIX-XXI стагоддзях. Пра гэта беларускі гісторык Вячаслаў Насевіч удакладніў на круглым стале «Сучасныя погляды на прычыны заняпаду ВКЛ». Ён адзначыў, што думка, згодна з якой малы па колькасці народ, які не мае сваёй дзяржавы, аб'ядноўваецца вакол агульнай ідэі барацьбы за сваю дзяржаву, характэрная для перыяду Новага часу. І калі б мы сказалі сярэднявечным русінам, ліцвінам, татарам і яўрэям, што на падставе іх паходжання яны павінны калектыўна супрацьстаяць іншым этнічным групам, яны б нас не зразумелі.
Хочацца нагадаць Спіцыну, што на тэрыторыі ВКЛ з 1588 года дзейнічаў Статут, а не «польскае заканадаўства», якое ён прыпісвае ВКЛ пасля Люблінскай уніі. Статут быў галоўным зборам законаў на беларуска-літоўскіх землях да 1840 года. Больш за тое, ён быў перадавым для XVI стагоддзя, як адзначана ў праграме Цімафея Акудовіча «Вусы Скарыны»: «Статут 1588 года абараняў правы простага чалавека, правы жанчын, сцвярджаў прынцыпы верацярпімасці, а таксама адвакатуру і прэзумпцыю невінаватасці. Надрукаваны статут 1588 года на старабеларускай мове». Усё гэта не стасуецца са сцвярджэннямі Спіцына.
Пра адрозненне моў Спіцын сказаў наступнае: «Моўная розніца паміж тымі ж рускай, беларускай і ўкраінскай мовамі ўзнікла пад уплывам знешняга фактару, у тым ліку і палітыкі паланізацыі», — падобную дылетанцкую выдумку наогул складана каментаваць. Добрым аргументам будзе навукова-папулярная міні-лекцыя «Мова як зброя / Язык как оружие» беларускага гісторыка і археолага прафесара Аляксандра Краўцэвіча, пра гісторыю, ключавыя этапы станаўлення і развіцця беларускай мовы.
Спіцын на прыкладзе Польшчы любіць вінаваціць ахвяр агрэсіі ў захопніцкай палітыцы суседзяў, ну і абвінаваціць ва ўсім «гнілую дэмакратыю», якая, на яго думку, — прычына ўсіх неўладкаванняў. А прычыну трох падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772-1795 гадах (якую асацыюе выключна з каронай, «забываючы» пра ВКЛ) «заднім чыслом» угледзеў яшчэ ў перыяд XV стагоддзя: «Польшча стала ахвярай уласнай палітыкі, так званай шляхецкай дэмакратыі, асновы якой закладваліся яшчэ ў часы Казіміра і Аляксандра Казіміравіча».
Вось толькі падзякаваць гэтым манаршым прадстаўнікам Кароны Польскай і ВКЛ аўтар забывае, што вельмі несправядліва. Бо ўсходні кірунак якраз у перыяды іх кіравання, сярэдзіну і канец XV стагоддзя, быў пакінуты без увагі, што і дазволіла Масковіі ўмацавацца, а ў 1490-х — перайсці ў наступ ужо супраць ВКЛ.
Разбіраючы ўсе асобна ўзятыя пазлы антыпольскай прапаганды як мясцовых «усяведаў», такіх як Марзалюк, так і расійскіх спікераў, якімі карыстаюцца дзяржСМІ, мы бачым іх, па сутнасці, «братэрскую», «саюзную» некампетэнтнасць у пытаннях гісторыі Польшчы на працягу розных яе перыядаў. У выпадку наратываў Марзалюка гэта вырваныя з кантэксту «зручныя» факты, татальнае непрыняцце ўсяго, што звязана з Польшчай і ігнараванне маскоўска-расійскай агрэсіўнай палітыкі супраць ВКЛ з канца XV стагоддзя і да 1795 года. Што тычыцца аповедаў расійскага спікера Спіцына, то яму ўласцівыя прымітыўныя класавыя маніпуляцыі і фамільярнасць у ацэнках, прымітывізм і спрашчэнне прычынна-следчых сувязей, адсутнасць разумення адрознення паміж Польшчай і ВКЛ у XV-XVI стагоддзях і жаданне выклікаць непрыняцце заходніх суседзяў, палякаў як крыніц паланізацыі, прыгону, акупацыі. Не больш за тое.