«Вы павінны быць вернымі цару»: жыццё пад акупацыяй у часы самай крывавай вайны

XVII стагоддзе… Падчас «крывавага патопу» большая частка зямель Вялікага Княства Літоўскага была занятая маскоўскім войскам. Калі напачатку вайны цар яшчэ заігрываў з насельніцтвам, схіляючы на свой бок, то з часам стаўленне да людзей змянілася кардынальна. Якім быў акупацыйны рэжым у часы самай страшнай вайны?

00_vokladk.jpg

1660 год… Ужо сёмы год палае самая страшная ў нашай гісторыі вайна. У гэты год маскоўскія войскі ўваходзяць на землі Наваградскага ваяводства. Раней Наваградчына была вольнай ад варожай арміі, толькі познім летам 1655-га аддзелы князя Івана Трубяцкога пракаціліся па землях ваяводства, пакінуўшы аб сваіх злачынствах «добрую» памяць… Напрыканцы зімы 1660-га Наваградчына чакала ворагаў.

Агульная сітуацыя была такая, што літоўскіх войскаў у ваяводстве асабліва не было, але былі моцныя прыватныя фартэцыі, якія тут адыгрывалі значную ролю і з’яўляліся апошнімі ачагамі супраціву Маскве. Гэта замкі ў Нясвіжы, Ляхавічах і Слуцку. Каб працягнуць паход на Варшаву, войскам ваяводы Івана Хаванскага трэба было здабыць гэтыя крэпасці. Інакш яны б былі моцнай перашкодай для тылоў і камунікацыі. Агромністая армія Хаванскага заняла Наваградчыну, тут усталяваўся акупацыйны рэжым. Канечне, усе падзеі разгортваліся каля муроў фартэцый, найперш — Ляхавіцкай. Але не менш значныя падзеі віравалі і ў тылу маскоўскага войска.

Ляхавіцкая фартэцыя

Ляхавіцкая фартэцыя

Сведкам тых падзей быў шляхціц Багуслаў Казімір Маскевіч. Ён быў звычайным шляхціцам сярэдняй рукі з маёнтку Сэрвач што на Наваградчыне. Служыў пры магнацкіх дварах, ваяваў у войску Вішнявецкага супраць запарожскіх казакаў. У 1650 годзе пакінуў вайсковую службу, абіраўся ашмянскім маршалкам. Маскевіч аказаўся ў віры падзей як раз у той час, калі войскі Хаванскага прыйшлі на Наваградчыну. 

Маскоўскі ваявода Іван Хаванскі

Маскоўскі ваявода Іван Хаванскі

Тое, што ён пабачыў у 1660-м, ён адлюстраваў на старонках свайго дыярыушу. Яго запісы ўтрымліваюць шмат партрэтных i пейзажных замалёвак, тонкіх назіранняў, праўдзівых апісанняў з’яў i паводзін людзей ва ўмовах вайны, ix узаемаадносін. Вайна адлюстравана з усёй яе жорсткасцю, разбурэннямі i незлічонымі ахвярамі. Дыярыуш Маскевіча дае аб’ектыўнае ўяўленне пра тагачасныя падзеі. Адлюстроўваюць і тое, як паводзіла сябе маскоўскае войска на захопленых землях Вялікага Княства Літоўскага.

szljahcic_memuaryst.jpg

Фартэцыі — не гумовыя

«У зборы паспалітага рушэння ў Наваградку пануе пастаянная трывога з-за маскоўскага войска», — піша Маскевіч. На той час маскоўскія войскі актывізаваліся. Пачаўся наступ. Каб яго неяк спыніць, збіралася чарговае паспалітае рушанне па паветах, але сітуацыя тады была настолькі крытычнай, што гэта мала чым магло выратаваць сітуацыю. Дый і шляхта, ахопленая апатычным настроем — большая частка краіны захоплена, пануе бязладдзе, час думаць пра сябе і сваю маёмасць — не надта спяшалася ў войска. А вораг наступаў!

Маскоўскія жаўнеры

Маскоўскія жаўнеры

Гарнізон Наваградка быў сціплы — некалькі соцень паспалітага рушэння i дзве драгунскія харугвы Юрыя Глябовіча супраць тысяч маскавітаў. Што рабіць? Наваградская шляхта піша ліст панам камісарам, гэта значыць — прадстаўнікам улады з гэтым пытаннем. І акрэсліваюць абстаноўку: па-першае, ўсіх тры фартэцыі (Нясвіж, Слуцк, Ляхавічы) прыняць не могуць, праз сёлетні страшны неўраджай немагчыма будзе пазбегнуць голаду, калі ўсе разбягуцца, прыйдзе ў канчатковы заняпад усё ваяводства i не застанецца ў жывых ніводнага, нават найменшага, селяніна.

Наваградцы атрымалі адказ: «У такім выпадку i са спакойным сумленнем, Рэч Паспалітая мае прабачыць. Паддайцеся, вашмосці, непрыяцелю, бо дзе цяжка пераскочыць, не зашкодзіць падлезці».

Гэта азначала, што трэба застацца і здацца на літасць ворагу, але не губляць розум, дзейнічаць абачліва і без шкоды для Рэчы Паспалітай. Так Багуслаў Маскевіч і наваградская шляхта засталіся чакаць на прыход маскоўскага войска.

Прысяга Маскве: адны чыталі пацеры, другія — мармыталі

Адной з рыс акупацыйнай палітыкі Маскоўскай дзяржавы было правядзенне публічнай прысягі на вернасць цару. Шляхта мусіла прыняць маскоўскае падданства.  

14 лютага 1660 году прадстаўнік царскай адміністрацыі Зеляноў загадаў усёй шляхце сабрацца раніцай для складання прысягі ў Барысаглебскай царкве. Інакш было нельга: каго разведка застане дома — не будзе літасці. Настрашаныя шляхціцы не ведалі, як тут паводзіцца, але ў Наваградку сабраліся і ўсе пайшлі ў царкву. Калі прыйшлі, паставілі перад царскай брамай пульпіт i паклалі на яго Евангелле. Пасля гэтага Зеляноў чытаў тэкст прысягі, запісанай на двух аркушах наступнымі словамі:

«Я, присягаю Богу Всемогущему, в Троице Святей единому, и осудареви цареви и великому князю Алексею Mихайловичу, всея Великия, и Малыя, и Белыя Руси самодержцу…» etc. 

Наваградак, Барысаглебская царква

Наваградак, Барысаглебская царква

Шляхта мусіла абяцаць, што цалкам адракаецца ад свайго караля, не выяўляе да яго прыязнасці, не будзе стасавацца з ім ні пісьмова, ні праз людзей, не папярэджваць яго, але ж будзе ваяваць супраць яго. Пры гэтым — ва ўсім будзе верным цару, ва ўсім! Маскевіч пісаў: «Гэтай прысягай Хаванскі хацеў аддаць нашу дзяржаву ў вечнае падданства маскоўскаму цару. Але тое як ваўку пацеры». Хаця за той прысягай пільна сачылі маскавіты, аднак жа чутно было ў натоўпе нараканне i ўсе замест прысягі чыталі пра сябе пацеры або толькі мармыталі. 

Падарункі Хаванскаму

Пасля складання прысягі ўсе чакалі прыезду князя Хаванскага. Праз некалькі дзён загадалі ўсёй шляхце сустракаць яго за горадам. У вялікую непагадзь — у той дзень ішоў снег з дажджом — Зеляноў адправіў шляхту на гасцінец. Маскевіч піша: «Міма нас папераменна ішлі войскі i вазы. Паміж вазамі гналі статкі прыгожых коней, жарабцоў, вярблюдаў, аслоў, ланяў, везлі паваў, марскіх свінак, галубоў, нявольнікаў i пабраных у палон людзей, на санях везлі палонную знаць».

Наваградскі замак

Наваградскі замак

Больш як праз гадзіну падышоў Хаванскі. Заехаўшы ў Наваградак з трубамі і бубнамі, царскі ваявода адправіўся ў замак. Шляхта адразу прыйшла туды з падарункамі для Хаванскага, якому паднеслі залаты ланцуг вагой 10 фунтаў, гусарскія залатыя шоры, таксама вагой 10 фунтаў, i сапфіравую рэч з дыяментамі вагой 150 фунтаў.

Маскевіч занатаваў, «калі мы яму тое аддавалі, быў Хаванскі расчулены перад намі, маўляў, «як жа я магу браць ад вас, агалелых, бо ўжо ж вы сваю кроў, a не дары мне падносіце!». Аднак жа ўзяў, бо сам i загадаў раней, каб паднеслі дары, то бок, каб мы прыходзілі не з пустымі рукамі».

Дэлегацыю шляхты князь прыняў міласціва, але папярэдзіў: «Вы павінны быць вернымі цару, калі інакш — загадае ўсіх выразаць i ўсё знішчыць агнём».

Дарэчы, пра падарункі. Маскавіты іх вельмі любілі і прымушалі мясцовых сябе адорваць. Маскевіч згадвае такі эпізод, які адбыўся на Пасху 10 мая: «Тады ж быў рускі Вялікдзень, з прычыны чаго ваявода Галянішчаў загадаў даваць яму валачобнае, i мы былі вымушаны паднесці яму вялікі пазалочаны келіх i 4 срэбраныя лыжкі».

За кварту гарэлкі аддалі б з радасцю

Дзе вайна, там і гандаль нажывай. Пакуль Хаванскі быў у Наваградку, яго ваяры танна прадавала розныя рэчы, бо тое, што каштавала 10 злотых, можна было атрымаць за злоты i танней. 

Універсальнай валютай была — гарэлка. Маскевіч піша, што штуку тонкага палатна можна было набыць за орт i танней, a за кварту гарэлкі аддалі б з радасцю.

З радасцю маскавіты і набывалі гарэлку. У той час па злотым плацілі за палёнку, па два за акавіту, якую яны называлі «диковинной палёнкай» або віном, бо наогул усё, што ім падабалася, маскавіты называлі «диковинным».

Срэбранае і адметнае клаў сабе ў кішэню 

У Наваградку акупацыйныя войскі спачатку нікому крыўды не рабілі, але каго заставалі ў хаце на вёсцы, таго абіралі да ніткі. Але масавых рабункаў не было толькі напачатку. Хаванскі не мог доўга стрымліваць войскі ад палення, рабавання і мардавання людзей. Пры гэтым рабавалі на ўсіх узроўнях. Досыць паказальную гісторыі распавядае Багуслаў Маскевіч.

Пан Маскевіч з панам Швяйкоўскім прыехалі ў Наваградак. Там, прыдворны Хаванскага, нейкі Доніс, запыніў іх на рынку, распытваючы, ці не маюць яны закрытых вазоў. Паны адказалі, што не маюць, i пайшлі.

Наваградак

Наваградак

A тым часам маскавіт, прыйшоўшы ў кляштар, пачаў забіраць вазы, якія там былі. Паны звярнуліся з тым да ваяводы, кажучы, што ім чыніцца крыўда. Ваявода спачатку наказаў, каб прыдворны перастаў, але пасля таго як яны пабачыліся, сам ваявода з капітанам ды іншымі маскоўцамі адправіўся ў кляштар, агледзеўшы вазы, пачаў прасіць дабром, каб шляхціцы падарылі цару па адным, абяцаючы як-небудзь за тое аддзячыць. Маскевіч і Швяйкоўскі былі вымушаны тое зрабіць не так па сваёй ахвоце, як пад прымусам.

Але не гэтым гісторыя не скончылася. Маскоўцы палезлі ў куфры. Маскевіч піша: «Агледзеўшы куфры пана Швяйкоўскага, капітан пачаў адчыняць i мае. Калі ж маскавіт бачыў штосьці срэбранае або адметнае, то клаў сабе ў кішэню. Або й горш. Так, у пана Швяйкоўскага забраў шэсць срэбраных лыжак, вельмі прыгожы пісталет з эбенавай аправай, a ў мяне пазалочаны чакан з аправай».

Потым чарга дайшла да коней: пасля вопісу забралі ix у замак. Аднак Маскевіч цягам некалькіх дзён дамагаўся ад ваяводы вяртання коней. Вярнулі! Аднак, зусім іншых… І тое, пасля таго, як Маскевіч вымушаны быў аддаць срэбраную чарку.

Жыццё працягвалася 

Вайна, акупацыя, рабункі… Усё гэта не нагода спыняцца новаму жыццю. 19 красавіка жонка пана Маскевіча нарадзіла дачку Крысціну. Жонка мемуарыста хавалася ад вайны ў кляштары айцоў дамініканцаў у Наваградку, у келлі, дзе, як піша Маскевіч, «маскоўцы, з ласкі Божай, не магла нічым нашкодзіць».

Наваградак, Дамініканскі кляштар (Фота 1939 г.)

Наваградак, Дамініканскі кляштар (Фота 1939 г.)

Але маскавіты даведаліся пра гэта і пан Маскевіч быў вымушаны неадкладна пачаставаць узварам ваяводу i капітана, бо такі ў ix быў звычай. Пасля ваявода нагадаў, каб яго запрасілі на хрысціны. А там ужо разгуляліся! Маскевіч піша, што там ваявода, «набраўшы з сабой маскоўцаў, піраваў як хацеў». 

Сяляне здалі хованку з салам

Можа падацца, што прысяга і стасункі з маскавітамі былі нейкім уратаваннем сябе ці маёмасці. Але ж гэта не так! Маёнтак пана Маскевіча, напрыклад, быў разрабаваны цалкам. Гэта — тыповы выпадак, які зафіксаваны на паперы ў мемуарах.

Спачатку ў Сэрвачы маскоўцы, напароўшыся, выкапалі ў гаі вялікі куфар са срэбрам, сукнямі, рысінымі футрамі, разнастайным палатном i рознымі дробязямі, чым прычынілі шкоды Маскевічу на 5000 злотых.


Шляхецкі двор

Шляхецкі двор

А вось хатняе быдла ўратаваць удалося, хоць і заплаціўшы за гэта! Сваіх жывёл Маскевіч перагнаў пад Наваградак, але Мікіта Галянішчаў, стрыечны брат прызначанага маскавітамі наваградскага ваяводы, забраў ўсё быдла Маскевіча. Назаўтра, калі ён аб гэтым даведаўся, адправіўся туды i выкупіў быдла за 15 талераў.

А ў траўні агонь дакаціўся да Сэрвачы. Там маскоўцы спалілі двор, свіран, гумны… Маскевіч пісаў: «A паколькі была там яшчэ адна яма, з салам i розным мясам, даведаўшыся пра якую, сяляне паведамілі маскоўцам, то апошнія ўжо былі радыя тым пажывіцца. Але страшна было заехаць дадому, бо пабачылі мы нямала пасцінаных як жанчын, так i мужчын, маіх падданых, якіх развалаклі i грызлі сабакі, бо ix не было каму пахаваць». 

Так аддзячылі маскавіты сялянам…

Усіх у войска!

Наогул, адносіны маскавітаў да шляхты былі крывадушнымі. Маскевіч пісаў: «Таксама тыя маскоўцы, якія з намі ўжо i размаўлялі, i браталіся, не давяраючы нам, пастаянна намаўлялі Хаванскага, каб загадаў нас парубаць».

Шляхта, XVII стагоддзе

Шляхта, XVII стагоддзе

Але ж у самаго Хаванскага вайсковыя справы не ладзіліся, Ляхавіцкая фартэцыя аказалася яму не па зубам. Войска не хапала, а мясцовая шляхта ўсё больш яго раздражняла. Ваявода дае загад: з’явіцца ўсім на паспалітае рушэнне. То бок, далучыцца са зброяй да маскоўскага войска.

Толькі наступныя падзеі выратавалі ад гэтага мясцовую шляхту.  

Выратавальная Палонка

Выратаванне прыйшло неспадзявана! 28 чэрвеня 1660 году пад вёскай Палонкай аб’яднанае літоўскае і польскае войска разграміла ўшчэнт магутную армію маскоўскага цара. Гэта быў не толькі пералом у захопніцкай вайне, але і сапраўдны паратунак для тых, хто заставаўся на акупаванай тэрыторыі.

Бітва пад Палонкай

Бітва пад Палонкай

Маскевіч пісаў, што 29 чэрвеня, раніцай дайшла вестка пра перамогу да Наваградка. «Цяжка й перадаць, як радаваліся мы таму, што нас, якія ўжо танулі i якіх амаль паглынула непрыяцельская прорва, уратавала i выцягнула асаблівая Божая міласэрнасць, бо нібы зноў нарадзіўся на свет чалавек, які, будучы па провідзе Божым пад непрыяцелем, не раз мусіў паміраць, калі маскоўцы ўводзілі навіны, калі Хаванскі загадаў усю шляхту сцінаць, рабаваць, паліць, браць у палон…».

Войска Хаванскага ўцякала, пакінуўшы па сабе спусташэнні, рабункі, гвалт і тысячы смерцяў.