У Мазыры рэпрэсуюць раёнку, якая апублікавала «няправільную» рэкламу побач з артыкулам пра сілавікоў
Пасля публікацыі ваеннай рэкламы сярод аб'яў рытуальных паслуг праўладнае выданне зведала на сабе тое, праз што прайшлі амаль усе недзяржаўныя медыя. Праз некалькі дзён пасля выхаду адпаведнага папяровага нумара перастаў працаваць сайт мазырскага СМІ.
Сайт раённай
газеты Мазырскага райвыканкама «Жыццё Палесся» знік з сеціва пасля поўдня 23
кастрычніка. Гэта заўважыла
гомельскае выданне «Флагшток».
Днём раней у адным з міліцэйскіх тэлеграм-каналаў з'явілася скарга на газету. «Ананімны чытач» звярнуў увагу сілавікоў на суседства рэкламы набору ў Ваенную акадэмію з рэкламай пахавальных паслуг у выпуску газеты ад 19 кастрычніка. Сілавікі паабяцалі праверыць рэдакцыю «на экстрэмізм і вашывасць» пры дапамозе мясцовага аддзела губазікаўцаў.
Міліцэйскі тэлеграм-канал паабяцаў раённай рэдакцыі праблемы, а вось неафіцыйны ТГ-канал Гомельскага аблвыканкама стаў на абарону раённых прапагандыстаў.
«Флагшток» патэлефанаваў па нумары галоўнага рэдактара. «Не ведаю, што з сайтам у нас. Я толькі займаюся стварэннем матэрыялаў», — адказаў жаночы голас у трубцы.
Пасля паўзы карэспандэнтка «Жыцця Палесся» ўдакладніла: «Мы пакуль і самі разбіраемся, нейкі тэхнічны збой, цяпер будзем папярэджваць падпісчыкаў. Пакуль ідзе разбіральніцтва. Галоўны рэдактар у выканкаме цяпер, а чалавек, які вядзе сайт, пакуль таксама не ведае. Гэта значыць чакаем праверак».
На Мазырскую раёнку паскардзіліся ГУБАЗіКу — побач з тэкстам пра службу ў войску былі рэкламы пахавальных паслуг. Паведамлялася, што «службовыя асобы Гомельскага аблвыканкама вывучылі гэтую газетную старонку і згодны з довадамі неабыякавых грамадзян», а ГУБАЗіК пачаў праверку рэдакцыі на «экстрэмізм».
Пасля падзей 2020 года рэжым Лукашэнкі абвясціў крыжовы паход супраць незалежных медыя. Большасць з іх былі забаронены, заблакіраваны, разгромлены. Шэраг выданняў пасля вымушанай эміграцыі супрацоўнікаў працягвае працу з-за мяжы.
34 прадстаўнікі медыясферы, паводле даных беларускай асацыяцыя журналістаў, зараз знаходзяцца за кратамі паводле «палітычных» абвінавачванняў.
Нешматлікія медыя, якія ў выніку «нармалізаваліся» і працягваюць працаваць у Беларусі, знаходзяцца пад пільным вокам так званых «кантралюючых органаў». Нават тыя, якія «па-за палітыкай» і выконваюць правілы цэнзуры, трапляюць пад пераслед. Так, у прыватнасці, адбылося са спартыўным выданнем «Прэсбол», сайт якога быў на чатыры месяцы заблакіраваны і толькі ўчора доступ да яго вярнулі.
Як бачым, часам рэпрэсіі дакочваюцца і да дзяржаўным
раёнак, якія ў большасці сваёй цяпер з’яўляюцца праваднікамі лукашэнкаўскай
прапаганды на рэгіянальным узроўні. Відавочна, што публікацыяй пра Ваенную
акадэмію побач з рэкламай рытуальных паслуг рэдакцыя аніяк не парушыла нават
сённяшняе лукашэнкаўскае заканадаўства. Але ў сітуацыі, калі законы ў Беларусі
дэ-факта не працуюць, гэта не пазбавіла выданне ад праблем.