Такая ААН нам не трэба?

«Глыбокую заклапочанасць», якую любіць выказваць ААН, сёння вымушаны выказаць мы. На прыкладзе маніпулятыўнага і відавочна прапагандысцкага падыходу ў справе ізраільска-палесцінскага канфлікту мы пакажам сутнасць гэтай арганізацыі.

Генэральны сакратар ААН Гутэрыш

Генэральны сакратар ААН Гутэрыш

Пачнем з галоўнага: што Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў жадае распавесьці кожнаму, хто пацікавіцца меркаваньнем самой ААН пра канфлікт ізраільцянаў і палестынцаў. Ёсьць асобны разьдзел, які так і называецца «Палестынска-ізраільскі канфлікт. Кароткая гісторыя».

Гэты артыкул не ахоплівае сёньняшнюю вайну. Ён пачынаецца зь вялікага здымку, дзе хлопчык ідзе на фоне развалінаў з подпісам «Дамы ў сектары Газа, разбураныя артылерыйскім ударам». Мы ўжо, не чытаючы ні слова, мусім, верагодна, прасякнуцца нянавісьцю да тых, хто прымусіў дзіця хадзіць у гэтым месцы.

Глядзіце таксама

«Палестынскі народ валодае неад'емнымі правамі на самавызначэньне і справядлівае вырашэньне канфлікту. Гэтай пазіцыі прытрымліваецца міжнародная супольнасьць у асобе розных органаў і ўстановаў ААН. Тым ня менш, з году ў год экспэртам даводзіцца канстатаваць: сытуацыя на акупаваных палестынскіх тэрыторыях толькі пагаршаецца. Цяперашняе супрацьстаяньне стала лагічным працягам гэтай тэндэнцыі», пішуць усяму зямному шару супрацоўнікі ААН.

Чаму гэта ня так

Пачатак добры, канец зусім не. Як вядома, у 1947 годзе быў створаны Спэцыяльны камітэт Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў па Палестыне (UNSCOP) для вырашэньня праблемы ў рэгіёне. ААН прапанавала плян падзелу, рэзалюцыю, вядомую як рэзалюцыя 181 Генэральнай Асамблеі ААН. Сутнасьць заключалася ў падзеле Палестыны на дзьве незалежныя дзяржавы: адну габрэйскую і адну арабскую.

nukhba_force_1697127442223_1697127442486.avif

Арабскія краіны, у тым ліку палестынскія арабы, катэгарычна выступілі супраць пляну падзелу ААН. У выніку за падзел прагаласавалі 72% дзяржаваў, у тым ліку і Беларусь, як краіна-заснавальнік ААН. Супраць прагаласавалі ўсе арабскія дзяржавы. Гэтыя арабскія дзяржавы і напалі на Ізраіль на наступны дзень пасьля абвяшчэньня незалежнасьці 14 траўня 1948 году.

Сама ААН дала палестынцам адпачатку шанец стварыць дзяржаву, ад якой яны адмовіліся.

А вось словы ў ААНаўскай рыторыцы, якія паўтараюцца з году ў год: «сытуацыя на акупаваных палестынскіх тэрыторыях…» Гэта істотны момант, спынімся на ім.

Дзяржава Ізраіль ня згодная, што ейныя дзеяньні зьяўляюцца парушэньнем міжнароднага права, і лічыць, што ў дадзеным выпадку ня могуць быць ужытыя нормы Жэнэўскай канвэнцыі, паколькі «гэтыя тэрыторыі раней не належалі ніякай дзяржаве».

Ізраіль таксама аспрэчвае вызначэньне тэрыторыі Заходняга берагу ракі Ярдан (уключна з Усходнім Ерузалімам) у якасьці «акупаванай», настойваючы на міжнародным тэрміне «спрэчная тэрыторыя».

У якасьці асноўных аргумэнтаў на карысьць гэтай пазыцыі прыводзяцца абарончы характар Араба-ізраільскай вайны 1948 году і Шасьцідзённай вайны 1967 году, адсутнасьць прызнанага міжнароднага суверэнітэту над гэтымі тэрыторыямі да 1967 году і гістарычнае права габрэйскага народу на Зямлю Ізраілю.

09israel_hamas_jgtq_videosixteenbyninejumbo1600.jpg

Калі Ізраіль акупаваў нейкія тэрыторыі арабаў-палестынцаў, гэта лягічна павінна азначаць, што тэрыторыі перад «акупацыяй» належалі нейкай дзяржаве. Назавіце гэтую дзяржаву! З усімі высілкамі і пошукамі вы зможаце хіба сказаць, што гэтая тэрыторыя была захопленая ў 1948 годзе Эгіптам (тое, што называецца Сектар Газа сёньня) і Трансярданіяй (Самарыя і Юдэя, сёньняшні «Заходні бераг»). Ізраіль ня мог акупаваць тэрыторыю арабскіх палестынцаў у 1967 годзе, таму што арабскія палестынцы адмовіліся ад стварэньня сваёй дзяржавы ў 1947 годзе (глядзі пачатак гэтага разьдзелу).

А мы вернемся да словаў ААН.

«Так быў створаны Ізраіль, які ў наступныя гады падчас некалькіх войнаў пашырыў сваю плошчу за кошт палестынскіх тэрыторыяў, а ў 1967 годзе акупаваў сектар Газа і Заходні бераг, уключаючы Ўсходні Ерузалім. Гэтыя падзеі прывялі да шматлікіх хваляў масавага перасяленьня арабскага насельніцтва».

Чаму гэта ня так

Мы чорным па белым чытаем, што Ізраіль падчас некалькіх войнаў пашырыў сваю тэрыторыю. Ужо можна пачаць уяўляць крыважэрнага агрэсара, які раз за разам пачынае нейкія войны і забірае тэрыторыю ў мірных людзей навокал. ААН ні слова (!) ня кажа аб тым, што кожная вайна ад моманту заснаваньня Ізраілю была разьвязаная арабамі, і іх мэтай было толькі адно — татальнае зьнішчэньне Ізраілю і габрэяў у ім. Але, як мы ведаем, кожную вайну арабскія краіны прайгравалі.

«Усе мінулыя гады палестына-ізраільскі канфлікт заставаўся крывацечнай ранай Блізкага Ўсходу, мільёны палестынцаў жылі ў статусе бежанцаў, а шматлікія мірныя ініцыятывы так і не былі рэалізаваныя».

Чаму гэта ня так

У адным абзацы мы бачым адразу дзьве фальсыфікацыі, якімі актыўна карыстаюцца адэпты ХАМАС і іншых тэрарыстычных групаў сёньня. «Шматлікія мірныя ініцыятывы…» Сказаў а, кажы і б. Усе мірныя ініцыятывы сыходзілі не ад палестынцаў, а ад Ізраілю і міжнародных пасярэднікаў, часьцей за ўсё ЗША. Які быў адказ: не, не, яшчэ раз не.

Пра мільёны палістынцаў у статусе бежанцаў ААН сьціпла забывае пазначыць нюансы. Сёньняшнія мільёны, каго яны называюць бежанцамі — гэта збольшага ўнукі-праўнукі тых, хто меў статус бежанца ў 1940-х. Палестынскія арабы — адзіная група ў сьвеце, каму дазволена перадаваць у спадчыну такі статус. Палестынскія арабскія «бежанцы» што тады, што сёньня не патрэбныя іншым арабскім краінам, за рэдкім выключэньнем Ярданіі.

Глядзіце таксама

«У 1987 годзе ў сектары Газа і на Заходнім беразе ўспыхнула стыхійнае паўстаньне, якое атрымала вядомасьць як першая «інтыфада». Прадстаўнікі ўсіх пластоў палестынскага насельніцтва — моладзь, жанчыны, дзеці, працоўныя — удзельнічалі ў масавых дэманстрацыях, эканамічных байкотах і страйках, адмаўляліся плаціць падаткі. У 2000 годзе палестынцы арганізавалі другую інтыфаду.

У абодвух выпадках выступы жорстка здушаліся ізраільскімі сіламі бясьпекі».

Чаму гэта ня так

Падчас першай інтыфады «палестынскія моладзь, жанчыны, дзеці, працоўныя» былі занятыя ня толькі мітынгамі. Палестынскія дзеці рабілі наступнае — спачатку асноўным метадам былі напады падлеткаў з засады на ізраільскіх жаўнераў: падлеткі засыпалі ізраільцянаў градам камянёў, карыстаючыся тым, што ў нападах удзельнічала адразу некалькі дзясяткаў «мірных палестынцаў». Але неўзабаве паўстанцы ўзялі на ўзбраеньне бутэлькі з запальнай сумесьсю, гранаты, агнястрэльную зброю, выбухоўку.

Гэта, (не)шаноўная ААН, называецца ясна — тэрарызм. За час першай інтыфады тэрарысты забілі 111 ізраільцянаў...

Другая інтыфада распачалася ў 2000 годзе. Фрэйх Абу Мідэйн, міністар юстыцыі палестынскай аўтаноміі (гэта ж не тэрарысты, так?), сказаў у інтэрвію ў жніўні таго году:

«Узброеная барадзьба на парозе, і палестынскі народ гатовы прынесьці ў ахвяру нават 5 тысячаў сваіх сыноў».

Палестынскія арабскія тэрарысты распачалі сваю крывавую справу: выбухі машын, крамаў, усяго, да чаго магла дацягнуцца іх рука. Больш за тысячу ізраільцянаў былі забітыя палестынскім насельніцтвам — «моладзьдзю, жанчынамі, дзецьмі, працоўнымі».

social.jpg

Ужо толькі гэтых прыкладаў было б дастаткова, каб пераканацца, як відавочная пратэрарытычная прапаганда і хлусьня на старонках афіцыйнага сайту ААН, на якую так любяць спасылацца экспэрты і ўдзельнікі «фрыпалестынскіх» рухаў, атручвае галовы і сэрцы людзей. Пачытаеш ААН і будзеш перакананы ў слушнасьці галашэньня па «бедных палестынцах», якіх дрэнныя сіяністы душаць 75 гадоў.

«Пагроза канфлікту захоўваецца», — неаднаразова папярэджвалі экспэрты ААН, нагадваючы, што «ізраільскія сілы працягваюць штодня зьдзяйсьняць вайсковыя напады і акты гвалту ў дачыненьні да мірных палестынцаў, якія знаходзяцца пад акупацыяй».

Чаму гэта ня так

Пра акупацыю ўжо разабраліся, пра вайсковыя напады і акты гвалту ізраільскіх сілаў — гэта цікавае і альтэрнатыўнае апісаньне таго, што адбываецца на гэтай зямлі, нават калі ўлічваць час з канца другой тэрарыстычнай інтыфады (2005).

З 2005 па 2021 год толькі з тэрыторыі Сектара Газа па Дзяржаве Ізраіль было нанесена 6500 ракетных ударащ. Як лёгка падлічыць, у сярэднім больш чым 1 ракета кожны дзень на працягу 16 гадоў ляцела ад мірных палестынцаў у бок ізраільцянаў. Шэсьць тысячаў пяцьсот ракетаў, у тым ліку тыпу «Град». ААН пра гэта маўчыць, пра гэта не прынята казаць.

Дарэчы, ці задумваліся вы, чаму за 75 гадоў у Ізраілі для жыхароў пабудавалі больш за 1 мільён бамбасховішчаў, а ХАМАС і папярэднія тэрарысты для свайго народу, за які яны змагаюцца і абараняюць – 93? І нават гэтыя бамбасховішчы амаль цалкам палестынцы зрабілі ў школах і дзіцячых садках. Патрыёты!

Сёньняшняя вайна Ізраілю і ХАМАС вачыма ААН

7 кастрычніка генэральны сакратар Антоніу Гутэрыш«самым рашучым чынам асудзіў напад ХАМАС на ізраільскія гарады паблізу сектара Газа і цэнтральную частку Ізраілю, уключаючы запуск тысячаў ракет па ізраільскіх населеных пунктах». Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк«шакаваны і ўзрушаны паведамленьнямі аб тым, што сотні, а магчыма, і тысячы ракетаў былі выпушчаныя палестынскімі ўзброенымі групамі па Ізраілі».

У першы дзень вайны мы назіраем звыклую заклапочанасьць і заклікі да дээскалацыі.

Ужо 9 кастрычніка Гутэрыш заявіў: «Я прызнаю законныя прэтэнзіі палестынскага народу, але нішто ня можа апраўдаць тэрарыстычныя акты. Я паўтараю свой заклік неадкладна спыніць гэтыя напады і вызваліць усіх закладнікаў. Я нагадваю Ізраілю, што ваенныя апэрацыі павінны праводзіцца ў строгай адпаведнасьці з міжнародным гуманітарным правам».

«Я глыбока засмучаны заявай аб тым, што Ізраіль пачне поўную блакаду сектару Газа, не дапускаючы туды нічога — ні электрычнасьці, ні харчаваньня, ні паліва», — падкрэсьліў кіраўнік ААН.

Што тут ня так

Кіраўнік ААН нагадаў Ізраілю, а вось палестынскім тэрарыстам, чые прэтэнзіі ён прызнае, пра гуманітарныя правы нагадаць неяк не выпадае. Адносна блакады сектару: Гутэрыш прапаноўвае ў адказ на забойствы 1400 чалавекаў у Ізраілі паставіць паліва і ежу забойцам. Можна на пасылках напісаць, напэўна, «ад удзячных габрэйскіх ахвяраў — мірным палестынцам, якія таньчылі ля трупаў нашых родных і адразалі галовы нашым дзецям».

Варта таксама заўжды памятаць, што па дзіўным супадзеньні ў Газе можа сканчвацца ежа, электрычнасьць, вада, але ніколі ракеты, калашнікавы і цесакі.

«Мірныя» палестынцы

«Мірныя» палестынцы

16 кастрычніка спэцыяльная камісія ААН скончыла сваю працу і прадставіла даклад паводле сытуацыі ў Ізраілі і Сектары Газа з Заходнім берагам за 2021-2023 гады (не ўключаючы сёньняшні канфлікт).

Аўтары дакладу рэкамендуюць Міжнароднаму крымінальнаму суду надаваць першачарговую ўвагу расьсьледаваньню сытуацыі ў Палестыне, уключаючы ўстанаўленьне асобаў, якія нясуць адказнасьць за забойства Абу Акле і іншыя выпадкі. Яны таксама настойліва заклікаюць Генэральнага сакратара ААН уключыць Ізраіль у сьпіс парушальнікаў правоў дзяцей.

Што тут ня так

Аўтары камісіі жывуць у паралельным сусьвеце, верагодна. З рэкамендацыяў міжнароднай супольнасьці яны здолелі напісаць пра парушальніка правоў дзяцей Ізраіль — і ні літаркі пра тэрарыстаў ХАМАС, якія ў дзіцячых садках паказваюць анімацыю маленькім палестынцам пра тое, як трэба вынішчаць габрэяў. А дарослым палестынцам на ўласным прыкладзе паказваюць, як адразаць галовы ў габрэйскіх дзяцей. Але што ж: Ізраіль пад трыбунал, як заклікае ААН.

Палестынскія тэрарысты схапілі грамадзянаў Ізраілю 9 кастрычніка 2023 году

Палестынскія тэрарысты схапілі грамадзянаў Ізраілю 9 кастрычніка 2023 году

Удар па шпіталі Аль-Ахлі ў сектары Газа ААН асьвятліў наступным чынам:

«СААЗ (а гэта орган ААН) рашуча асуджае ўдар па шпіталі Аль-Ахлі на поўначы сектару Газа, які, паводле зьвестак СМІ, забраў жыцьці сама меней 500 чалавекаў. Паведамляецца таксама аб сотнях параненых. Шпіталь працягваў функцыянаваць, у ім хаваліся пацыэнты, мэдыцынскія супрацоўнікі, а таксама вымушаныя перасяленцы. Шпіталь быў адным з 20 на поўначы сектару Газа, якія атрымаў загад аб эвакуацыі ад ізраільскіх вайскоўцаў».

Што тут ня так

Цікавы факт: усяго на тэрыторыі сектару Газы працуе каля 13 тысячаў аанаўцаў, а ААН спасылаецца на «зьвесткі СМІ». Ужо дакладна агульнапрыняты факт, што шпіталь быў атакаваны тэрарыстамі ХАМАС, а забітых было ў разы меньш. Зрэшты, усьлед за СМІ, якія паверылі на слова палестынскім тэрарыстам пра вялізную колькасьць ахвяраў ад ізраільскай агрэсіі, пайшла і ААН. Відавочна, медыя якой ськіраванасьці выкарыстоўваюць службоўцы ААН.

І вяртаючыся да колькасьці людзей, якім ААН плаціць заробак толькі ў сектары Газа: няўжо гэтыя 13 тысячаў людзей ці хаця б пару чалавекаў не змаглі перадаць у галоўны офіс аб’ектыўную інфармацыю? Рытарычнае пытаньне.

«Мірныя» палестынцы вітаюць тэрарыстаў ХАМАС, якія захапілі жанчынаў, дзяцей, старых з Ізраілю

«Мірныя» палестынцы вітаюць тэрарыстаў ХАМАС, якія захапілі жанчынаў, дзяцей, старых з Ізраілю

Напрыканцы ўзгадаем падзею з не такога далёкага 2004 году.

Генэральны сакратар ААН Кофі Анан рашуча асудзіў палітычнае забойства духоўнага лідэра ХАМАС Ахмеда Ясіна і асобаў, якія ўваходзілі ў ягонае асяродзьдзе. Гэта той самы чалавек, які стварыў ХАМАС у 1987 годзе і заклікаў лічыць усіх ізраільцянаў акупантамі і зьнішчыць Ізраіль.

Генэральныя сакратары ідуць, а палітыка застаецца нязьменнай.

У пачатку 1970-х прэм’ер-міністар Ізраіля Голда Мэір казала:

«Я зьвярталася да Аб'яднаных Нацыяў — і па выразе твараў большасьці дэлегатаў можна было заключыць, што я прашу месяц зь неба. А я ж толькі прапанавала адзінае, што заўсёды прапаноўваў Ізраіль у Аб'яднаных Нацыях — каб арабы, нашы сучальцы па гэтай арганізацыі, прызналі нашае існаваньне і працавалі з намі для дасягненьня міру. Тое, што ніхто не ўскочыў з месца, не сказаў "Добра, давайце размаўляць, спрачацца, шукаць выйсьце", было для мяне ўдарам — хоць у мяне захавалася ня так ужо шмат ілюзіяў з нагоды гэтай «сям'і народаў».

24 кастрычніка 2023 году, у гадавіну заснаваньня Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў міністар замежных справаў Ізраіля Элі Коэн напісаў, што не зьбіраецца сустракацца з генэральным сакратаром ААН Гутэрышам. Паводле ягоных словаў, пасьля 7 кастрычніка больш ня можа быць «узважаных» падыходаў, а ХАМАС чакае толькі аднаго — «сьціраньня яго зь зямлі».