Ілан Маск заклікаў ЗША не падтрымліваць Ізраіль і Украіну
Ілан Маск заклікаў ЗША «пазбягаць Трэцяй сусветнай». Для яго гэта значыць, што ЗША не варта падтрымліваць Ізраіль і Украіну.
Мільярдэр Ілан Маск выказаў падазрэнне, што канфлікт на Блізкім Усходзе і расійская агрэсія супраць Украіны могуць перарасці ў Трэцюю сусветную вайну, і сказаў, што Амерыка больш не мае такой ваеннай моцы, як калісьці, у параўнанні з іншымі краінамі.
«Мы павінны знайсці спосаб дасягнуць міру ва Украіне, і я думаю, што нам трэба аднавіць нармальныя адносіны з Расіяй», — цытуе Wall Street Journal словы Маска падчас анлайн-дыскусіі ў сетцы X (Twitter).
Кіраўнік Tesla і SpaceX заявіў, што прыярытэтам палітыкі ЗША павінна стаць «пазбяганне Трэцяй сусветнай вайны» і недапушчэнне сітуацыі, калі «рэгіянальны канфлікт хутка стане глабальным», піша Globelynews.
На думку аднаго з найбагацейшых людзей свету, цяперашняя сітуацыя можа прымусіць Крэмль пайсці на больш шырокі альянс з Пекінам і Тэгеранам, а ў глабальным канфлікце, на думку Маска, альянс паміж Расіяй, Кітаем і Іранам можа перамагчы Захад.
«У нас няма вялікай перавагі ў прамысловай магутнасці, — сказаў ён, сцвярджаючы, што Расія са значнымі сыравіннымі рэсурсамі і Кітай з індустрыяльнай магутнасцю ўяўляюць сабой магутную камбінацыю. — Асновай вайны з'яўляецца эканамічная моц, асабліва прамысловая вытворчасць, г. зн. колькі танкаў, гармат і беспілотнікаў вы можаце зрабіць адносна іншага боку».
Кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2024 года ад Рэспубліканскай партыі Вівек Рамасвамі таксама прыняў удзел у анлайн-дыскусіі з Маскам. Ён таксама лічыць, што ў выпадку Трэцяй сусветнай вайны «Злучаныя Штаты, якія мы ведаем, перастануць існаваць». Рамасвамі ўжо выказваўся супраць дапамогі ЗША Украіне і настойваў на тым, каб Белы дом засяродзіўся на ўнутраных праблемах краіны.
Нагадаем, нядаўна стала вядома, што Маск адмовіўся задаволіць просьбу Кіева аб уключэнні Starlink інтэрнэту падчас атакі ўкраінскіх сіл у анексаваным Крыме. Маск тады патлумачыў гэтае рашэнне, у прыватнасці, тым, што гэта не загад з Вашынгтона, і параўнаў напад украінцаў на паўвостраў з атакай японскіх войскаў на вайсковую базу Перл-Харбар.
Эксперты мяркуюць, што на мільярдэра паўплывала расійская прапаганда і наратывы крайне правага асяроддзя ЗША.
Украінскі блогер Алег Панамарадзначыў наконт апошніх заяў Маска, што мільярдэр даўно адстойвае інтарэсы РФ:
— Калі хто-небудзь з вас яшчэ меў сумневы, што казачок засланы, павінны прыняць гэта.
Мільярдэр Ілан Маск мяркуе, што вайсковыя канфлікты на Блізкім Усходзе і ва Украіне могуць перарасці ў Трэцюю сусветную вайну, таму ЗША лепш наладзіць стасункі з РФ і схіляць Украіну да спынення агню.
Падчас дыскусіі ў Spaces Маск выказаў меркаванне, што ў акупаваных Расіяй «рускамоўных раёнах Украіны» няма антырасійскага паўстанцкага руху. І намякнуў на тое, што цяперашнія лініі кантролю могуць быць ператвораныя ў лінію спынення агню або пастаянную мяжу.
На думку Маска, спыненне агню магчымае, таму што няма сэнсу прымушаць рэгіёны, якія «хочуць быць часткай Расіі», быць часткай Украіны. Ён перакананы, што частка акупаваных Расіяй тэрыторый – Усход Украіны і Крым – сапраўды хочуць быць расійскімі.
Вы спытаеце зноў — што з гэтым можна зрабіць?
Менавіта з гэтым — нічога. Свабода слова, ён кшталту так думае і ў гэта верыць. Капаць пад яго трэба толькі ў плане парушэнняў у бізнесе.
Паводле www.ponomaroleg.com, www.holosameryky.com