Сайты, якія не падабаліся асабіста Маску, адкрываліся праз X (былы Twitter) з затрымкай
Сацсетка X — былы Twitter, выкуплены Іланам Маскам — на пяць секунд затрымліваў доступ да сайтаў, якія не падабаюцца яго ўладальніку. Напрыклад, гэта The New York Times і Facebook.
Кампанія X, раней вядомая як Twitter, абмяжоўвала доступ да сайтаў анлайн-сэрвісаў і навінавых выданняў, якія крытыкаваў уладальнік кампаніі Ілан Маск.
Пра гэта паведамляе «The Washington Post» са спасылкай на вынікі тэстаў, праведзеных газетай 15 жніўня.
Карыстальнікі Твітара, якія пераходзілі па спасылках на мэтавыя сайты, чакалі каля пяці секунд, перш чым патрэбная старонка адкрывалася. Пад абмежаванні, як паказала даследаванне журналістаў, трапілі:
- Facebook, сацсетка кампаніі «Meta» Марка Цукерберга,
- Instagram, сацсетка Meta,
- Threads, новы сэрвіс мікраблогаў ад Meta,
- Bluesky, сацсетка, створаная пры ўдзеле сузаснавальніка Twitter Джэка Дорсі,
- Substack, платформа для рассылання электронных лістоў, якая кіруе ўласным сэрвісам мікраблогаў Substack Notes,
- газета «The New York Times»,
- агенцтва «Reuters».
На ўсіх іх раней нападаў Маск, адзначае «The Washington Post». Пры гэтым спасылкі на большасць іншых сайтаў, напрыклад, на сам The Washington Post, а таксама Fox News і YouTube, адкрываліся за секунду або менш.
Першыя паведамленні пра затрымку доступу да шэрагу сайтаў, чые спасылкі апублікавалі ў сацсетцы Ілана Маска, з'явіліся на форуме Hacker News 15 жніўня. Карыстальнік форуму паведаміў WP на ўмовах ананімнасці, што ўпершыню заўважыў затрымку доступу да The New York Times 4 жніўня.
Пасля таго, як газета «The Washington Post» паведаміла пра абмежаванні, уведзеныя X, час затрымкі доступу да сайтаў знізіўся да нуля. Да канца незразумела, ці знялі абмежаванні з усіх сайтаў, у дачыненні да якіх іх уводзілі.
«У аўторак днём (15 жніўня), праз некалькі гадзін пасля першай публікацыі гэтай гісторыі, X пачаў адмяняць рэгуляванне на некаторых сайтах — затрымкі скараціліся да нуля. Аднак не было вядома, ці аднавілася нармальнае абслугоўванне ўсіх сайтаў.
Затрымка закранула дамен t.co, службу скарачэння спасылак, якую X выкарыстоўвае для апрацоўкі кожнай спасылкі, размешчанай на вэб-сайце. Трафік накіроўваецца праз дамен, які дазваляе X адсочваць — і, у дадзеным выпадку, тармазіць — дзейнасць на мэтавым вэб-сайце, патэнцыйна забіраючы трафік і даход ад рэкламы ў прадпрыемстваў, якія Маск асабіста не любіць», — піша «The Washington Post».
Ілан Маск, які называе сябе «абсалютным прыхільнікам свабоды слова», не адказаў на просьбу аб каментары. Кампанія X таксама не адказала на запыт. Некаторыя з кампаній, якія трапілі пад абмежаванні, паведамілі, што вывучаюць гэтае пытанне.
Прадстаўнік NYT паведаміў, што газета «зрабіла аналагічныя ўласныя назіранні» і не атрымала ніякіх тлумачэнняў ад X. «Хоць мы не ведаем, чым абгрунтавана прымяненне гэтай часовай затрымкі, мы былі б занепакоеныя мэтанакіраваным ціскам, які аказваецца на любую навінавую арганізацыю па незразумелых прычынах», — сказаў прэс-сакратар «The New York Times» Чарлі Статландэр. Стваральнікі платформы Substack у каментары журналістам заклікалі X скасаваць пастанову аб затрымцы доступу да сайта.
Затрымка доступу да сайтаў патэнцыйна забірае трафік і рэкламныя даходы ў кампаній, якія не падабаюцца асабіста Маску.
Даследаванне Google, праведзенае ў 2016 годзе, паказала, што 53% карыстальнікаў пакідаюць сайт, калі яго загрузка займае больш за тры секунды.
Крыніца «The Washington Post», знаёмая з працай NYT, паведаміла, што пасля пачатку абмежаванняў газета адзначыла падзенне трафіку з сайта X.
Паводле www.washingtonpost.com, meduza.io