Шаўкат Мірзіёеў можа кіраваць да 2040 года! Як змяніўся за гэты час Узбекістан?
Шаўкат Мірзіёеў кіруе Узбекістанам ужо сем гадоў, да гэтага ён 13 гадоў быў прэм'ер-міністрам. Чаму ва Узбекістане застаецца «неафеадальная сістэма»?
10 чэрвеня прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў прадказальна паспяхова пераабраўся на трэці тэрмін. Ён загадзя паклапаціўся ўнесці папраўкі ў Канстытуцыю, якія абнулілі папярэднія два тэрміны, піша ВВС.
Сем гадоў таму на Мірзіёева ўскладаліся вялікія надзеі — на ператварэнне рэпрэсіўнай аўтакратыі ў больш адкрытую сучасную дзяржаву. Эканамічны стан Узбекістана сапраўды крыху палепшыўся, але чаканых дэмакратычных пераменаў так і не адбылося.
Паводле папярэдніх звестак, Шаўкат Мірзіёеў набраў 87,05% галасоў і перамагае на датэрміновых выбарах кіраўніка дзяржавы, паведаміў кіраўнік ЦВК Зайнідзін Нізамхаджаеў.
На другім месцы з 4,43% галасоў — сенатар Рабахан Махмудава, на трэцім — намеснік спікера ніжняй палаты парламента Улугбек Інаятаў з 4,02%. Чацвёртым стаў Абдушукур Хамзаеў (3,74%), які апошнія два гады ўзначальвае Дзяржаўны камітэт па экалогіі і ахове навакольнага асяроддзя.
Па дадзеных ЦВК, выніковая яўка склала 79,8 працэнта, або 15,6 мільёна выбаршчыкаў.
У красавіку 2023 года ўзбекістанцы прагаласавалі за папраўкі ў Канстытуцыю, сярод іншага абнулілі два тэрміны Шаўката Мірзіёева.
Пасля гэтага ён атрымаў легальную магчымасць абірацца яшчэ на два сямігадовыя тэрміны — гэта значыць заставацца ва ўладзе да 2040 года.
Палітолаг Рафаэль Сатараў называе прэзідэнцкія выбары вялікай палітычнай маніпуляцыяй і афармленнем сямейнага праўлення Мірзіёева, ды адзначае, што канкурэнцыю дзейнаму прэзідэнту склалі малазнаёмыя грамадству палітыкі: «Гэта самыя пустыя выбары. Яны праходзяць у самы гарачы сезон, калі ўзбекі занятыя вясельнымі падрыхтоўкай, ім не да выбараў».
«Новы Узбекістан» Мірзіёева
Пачатак прэзідэнцтва Мірзіёева многія назіральнікі называлі «адлігай» і разлічвалі на пераход ад аўтарытарнага рэжыму нябожчыка прэзідэнта Іслама Карымава да больш дэмакратычнага ладу.
Другі прэзідэнт Узбекістана сапраўды аслабіў кантроль за СМІ, правёў рынкавыя рэформы і ўвёў забарону на прымусовую працу.
Акрамя гэтага, пры прэзідэнцтве Мірзіёева паспяхова завяршыліся перамовы па дэмаркацыі мяжы з Казахстанам і дэлімітацыі з Кыргызстанам — яны пачаліся яшчэ пры Карымаве і доўжыліся дзясяткі гадоў.
Эканоміка Узбекістана стабільна расце (5,7% у 2022 годзе, па дадзеных Сусветнага банка), эканамісты чакаюць працягу прытоку прыватных інвестыцый. У 2019 годзе ў Ташкенце адкрылі IT-парк, а ў красавіку 2022 года, на фоне масавай эміграцыі расіян, Узбекістан стаў выдаваць спецыяльныя IT-візы для інвестараў, заснавальнікаў кампаній і спецыялістаў у сферы інфармацыйных тэхналогій.
Прэзідэнт плануе развіваць дасягнутыя поспехі, дэвіз яго перадвыбарнай кампаніі — «Новы Узбекістан мы пабудуем разам з нашым народам».
Сярод іншага Мірзіёеў абяцаў выбаршчыкам удвая павялічыць ВУП Узбекістана і паменшыць узровень беднасці амаль удвая.
Аднак, як адзначае Брытанская аналітычная кампанія Economist Intelligence Unit( EIU), праблемамі Узбекістана застаюцца структурныя недахопы эканомікі, карупцыя і празмернае ўмяшанне дзяржавы ў эканоміку. Адбіваецца на ўзроўні жыцця і справакаваная вайной ва Украіне інфляцыя — у 2022 годзе яна склала 12,25% — гэта самы высокі паказчык за тры гады.
Моцным выклікам прэзідэнцтву Мірзіёева сталі пратэсты ў Каракалпакстане — аўтаноміі ў складзе Узбекістана — у канцы чэрвеня 2022 года. Прычынай сталі папраўкі ў Канстытуцыю, якія пазбаўлялі рэгіён права прагаласаваць за сваю незалежнасць.
У выніку іх падаўлення загінулі прынамсі 21 чалавек, але ад спрэчных паправак улады былі вымушаныя адмовіцца.
«Неафеадальная сістэма»
Нягледзячы на спробы каманды Мірзіёева палепшыць імідж Узбекістана за мяжой, краіна застаецца несвабоднай. Узбекістан займае 149 радок з 167 у рэйтынгу індэкса дэмакратыі EIU.
Палітолаг Рафаэль Сатараў лічыць, што прэзідэнт у выніку не апраўдаў чаканняў: «Ён [Мірзіёеў] проста фасад абнавіў. Але эліта тая ж і методыкі працы тыя ж, што і пры Карымаве».
Сатараў называе лад, які склаўся ва Узбекістане, «неафеадальным»: «У такім становішчы расце няроўнасць у грамадстве. Ідзе дынастыйная сістэма. Пры Мірзіёеве не адбылося адкрыцця грамадства, крокі ў бок дэмакратыі не зробленыя. Калі пры Карымаве казалі, што алігархаў у нас не будзе, то цяпер ідзе алігархізацыя, самі чыноўнікі сталі алігархамі».
Палітолаг падкрэслівае, што ў краіне адсутнічае сацыяльны ліфт. «Кажуць, што [у дзяржструктуры] з'явіліся маладыя кадры, але калі паглядзець, то гэта дзеці саміх чыноўнікаў. У гэтых чыноўнікаў, на жаль, маецца па дзве-тры сям'і. І ўнукаў чыноўнікаў таксама трэба прыладзіць. Таму сістэма рухаецца не ў бок дэмакратызацыі, а ў бок неафеадальнай алігархізацыі. Рэжым [Мірзіёева] — гэта алігархічны лад».
Крымінальная справа за крытыку
Нягледзячы на некаторую «адлігу», падчас прэзідэнцтва Мірзіёева працягнуўся ціск на СМІ, толькі цяпер сталі масава пераследаваць яшчэ і блогераў. У гэтым годзе Узбекістан у рэйтынгу свабоды прэсы ад «Рэпарцёраў без межаў» заняў 137 месца са 180. У параўнанні з папярэднім годам краіна апусцілася на чатыры пункты. У 2016 годзе, у год смерці Карымава, краіна была на 166 радку.
«Рэпарцёры без межаў» падкрэсліваюць, што ва Узбекістане па-ранейшаму адсутнічаюць прыватныя тэлекампаніі, а ў краіне налічваецца толькі 15 якасных анлайн-выданняў, прычым частка з іх працуюць з-за мяжы. «Улады ў значнай ступені кантралююць СМІ і шэраг блогераў, якія цесна звязаных з урадам», гаворыцца ў справаздачы арганізацыі.
Як было пры Карымаве?
Нябожчык Іслам Карымаў узначальваў Узбекістан больш за 27 гадоў. У 1989 годзе ён узначаліў Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Узбекскай ССР, а пасля развалу Савецкага Саюза ў 1991-м пераабраўся ў якасці прэзідэнта краіны.
Карымаў усталяваў у краіне аўтарытарны рэжым і ўсяляк душыў іншадумства. Паводле звестак Міжнароднага праваабарончага таварыства «Мемарыял», колькасць палітвязняў ва Узбекістане пры Карымаве была нашмат большай, чым ва ўсіх астатніх постсавецкіх краінах.
Адной з самых крывавых падзей у сучаснай гісторыі Узбекістана быў расстрэл мірных пратэстоўцаў у Андыжане ў траўні 2005 года. Паводле афіцыйных звестак, падчас падаўлення пратэсту загінулі 187 чалавек, паводле неафіцыйных, ахвяр было ў некалькі разоў больш. Карымаў сцвярджаў, што ўдзельнікі пратэстаў спрабавалі зрынуць мясцовыя ўлады і стварыць у Андыжане ісламскі халіфат. Адразу пасля андыжанскіх падзей з Узбекістана выправадзілі прадстаўнікоў дзясяткаў міжнародных арганізацый і замежных журналістаў.
Пры Карымаве Узбекістан быў адной з самых бедных постсавецкіх рэспублік. У 2016 годзе Ганконскі савет па развіцці гандлю называў Узбекістан найбуйнейшым неразвітым рынкам Цэнтральнай Азіі.
Праўленне Карымава завяршылася ў верасні 2016 года: першы прэзідэнт Узбекістана памёр у выніку інсульту. Яго змяніў Шаўкат Мірзіёеў, які да гэтага 13 гадоў займаў пасаду прэм'ер-міністра.