Мірзіёеў абнуліўся: Вынікі рэферэндуму ва Узбекістане

Рэферэндум дазволіў кіраўніку Узбекістана Шаўкату Мірзіёеву ў 2026 годзе зноў балатавацца ў прэзідэнты — цяпер на 7 гадоў.

szaukat_mirzijoeu.webp

Ва Узбекістане прайшоў канстытуцыйны рэферэндум, на які, у прыватнасці, былі вынесены пытанні аб павелічэнні тэрміну прэзідэнцкіх паўнамоцтваў з пяці да сямі гадоў і абнуленні тэрмінаў дзеючага кіраўніка дзяржавы Шаўката Мірзіёева.

Як абвясціў ЦВК рэспублікі, за папраўкі, паводле папярэдніх даных, прагаласавалі 30 красавіка 90,21% выбаршчыкаў, супраць — 9,35%, 0,49% бюлетэняў апынуліся сапсаваныя, адзначае ТАСС. Яўка на рэферэндуме, паводле звестак ЦВК Узбекістана, папярэдне склала 84,54%. Канчатковыя вынікі галасавання будуць абвешчаныя пазней.

Акрамя паўнамоцтваў прэзідэнта, на рэферэндум было вынесена пытанне аб замацаванні ў Канстытуцыі забароны на смяротнае пакаранне (яна адменена ва Узбекістане з 2008 года). Таксама ўдзельнікі рэферэндуму галасавалі за тое, каб у асноўным законе краіны было прапісана, што Узбекістан — сацыяльная дзяржава.

Пасля прыняцця паправак, у першую чаргу датычных прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, Канстытуцыя Узбекістана будзе абноўленая на 65%.

Шаўкат Мірзіёеў займае пасаду прэзідэнта Узбекістана з 2016 года. Папраўкі ў Канстытуцыю Узбекістана даюць яму магчымасць у 2026 годзе балатавацца на трэці тэрмін, ужо на сямігадовы.