У Ганцавічах узяліся за мясцовае СМІ, якое «няправільна» напісала пра «Дажынкі»
Раніцай 29 жніўня супрацоўнікі Ганцавіцкага РАУС прыйшлі дадому да карэспандэнта сайта «Ганцавіцкі час» Святланы Малышкі і настойліва прапанавалі праехаць у пастарунак «для размовы». Пра гэта распавядае БАЖ.
![Фота «Ганцавіцкага часу» з таго самага артыкула Фота «Ганцавіцкага часу» з таго самага артыкула](/img/v1/images/img_1909.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота «Ганцавіцкага часу» з таго самага артыкула
На пытанне журналісткі, на якой падставе выклікаюць на «гутарку», адказу яна не атрымала. Святлана Малышка адмаўлялася ехаць, бо ніякіх законных падстаў выконваць патрабаванні міліцыянтаў не было.
У выніку карэспандэнт «Ганцавіцкага часу» усё ж паехала ў міліцыю, дзе з ёй размаўляў першы намеснік начальніка Ганцавіцкага РАУС Дзяніс Санчук. Як высветлілася, яго зацікавіў артыкул з назвай «Центр Ганцевичей к «Дожинкам» облысел»: у тэксце ідзе гаворка пра тое, як горад рыхтуецца да правядзення абласнога свята «Дажынкі».
Паводле слоў Святланы Малышка, суразмоўца выказаў прэтэнзіі да загалоўка: маўляў, ён нібыта не адпавядае рэчаіснасці. У той час, на думку міліцэйскага начальніка, варта было б пісаць пра тое, што горад да свята пераўтвараецца і добраўпарадкоўваецца.
Журналістка прывяла свае довады пра аб'ектыўнасць уласнай інфармацыі, а таксама адзначыла, што звярталася за каментаром да спецыяліста Ганцавіцкага райвыканкама Валерыя Русакевіча, але адказу не атрымала. Чыноўнік адмовіўся размаўляць і параіў чытаць дзяржаўную раёнку «Савецкае Палессе», а тасама праўладную суполку ў мэсэнджэры.
У выніку размовы ў міліцыі Святлану Малышку папярэдзілі, што будуць уважліва чытаць яе артыкулы.
Глядзіце таксама
![Ператрус у рэдакцыі «Ганцавіцкага часу» праводзілі супрацоўнікі ДФР Ператрус у рэдакцыі «Ганцавіцкага часу» праводзілі супрацоўнікі ДФР](/img/v1/images/images_cms_.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Таксама 29 жніўня міліцыянты наведалі яшчэ аднаго супрацоўніка інтэрнет-рэсурсу «Ганцавіцкі час» Сяргея Багрова, якога таксама запрасілі на размову ў РАУС. Падстава была дзіўная – нейкі «сямейны канфлікт», пра які Сяргей Багроў нічога не ведаў.
У міліцыю супрацоўнік сайта вырашыў ехаць разам з жонкай, каб даведацца, хто з іх «скандаліст». Але ў пастарунку высветлілася, што прысутнасць жонкі не спатрэбілася, бо гаворка пайшла зусім на іншую тэму, звязаную працай Сяргея Багрова у свой вольны час у якасці дыджэя аднаго з кафэ.
Таксама яго спыталі, аб працы для інтэрнэт-рэсурсу ganc-chas.by. Але, атрымаўшы адказ, што артыкулы Сяргей не піша, а займаецца нейрасеткамі, «прафілактычная гутарка» скончылася.
Як мяркуюць у рэдакцыі «Ганцавіцкага часу», сутнасць
гэтых размоў у тым, што кіраўніцтву Ганцавіцкага райвыканкама не падабаецца, як
незалежны інтэрнэт-рэсурс асвятляе падрыхтоўку да абласных «Дажынак». У мінулыя
выходныя пагутарыць з супрацоўнікамі рэдакцыі пажадалі старшыня райвыканкама
Уладзімір Бялоў і яго намеснік Сяргей Сарокаў. Яны па чарзе тэлефанавалі
карэспандэнтам сайта «Ганцавіцкі час» і выказвалі сваю незадаволенасць. Аднак
калі чыноўнікі не атрымалі адказу наконт аўтараў публікацый, да гэтай справы
вырашылі далучыць міліцыю.