Хронікі рэпрэсій за 25 кастрычніка

Праваабаронцы надалі статус «былы палітвязень» 39 беларусам, што былі асуджаныя за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў. З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 25 кастрычніка. 

cihi_supraciu._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas1_logo.jpg
  • «Асуджаныя выключна за выказванне меркавання»

Праваабарончая супольнасць Беларусі сёння, 25 кастрычніка, прыняла вялікую заяву, у якой запатрабавала поўную рэабілітацыю адразу 39 чалавек.

Па розных прычынах гэтыя людзі не мелі статусу палітзняволеных падчас свайго зняволення, але, нягледзячы на гэта, праваабаронцы ў заяве надаюць ім статус «былых палітвязняў».

«Іх вызваленне з-пад варты, хатняга арышту або пасля адбыцця пакарання пакідае нявырашанымі пытанні аб пераглядзе іх прысудаў з мэтай поўнай адмены, іх рэабілітацыі і кампенсацыі нанесенай ім адвольным асуджэннем шкоды, — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў. — Нам вядомыя імёны і абставіны справаў наступных людзей, якія ў пакаранне за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў былі пазбаўленыя волі: заключаныя пад варту, хатні арышт, асуджаныя да пазбаўлення або абмежавання волі, арышту, а да цяперашняга часу вызваленыя без рэабілітацыі і кампенсацыі нанесенай шкоды:

Барысава Алеся, Бондар Юрый, Вадапʼян Таццяна, Глівенка Сяргей, Гуртавы Дзмітрый, Давыдаў Юрый, Двойрын Ілля, Іванова Кацярына, Кавалёў Антон, Качан Вікторыя, Козак Аляксандр, Карнееў Сяргей, Кушнір Іван, Лабунская Святлана, Ланге Івар, Ляўлюх Андрэй, Макаранка Павел, Маслоўскі Ігар, Міцковіч Сяргей, Мурашкін Данііл, Нікалаева Ларыса, Нікіцін Даніла, Панасевіч Яніна, Парамонаў Вадзім, Патрэбка Андрэй, Пратасевіч Андрэй, Пшанко Уладзіслаў, Смалеўскі Вадзім, Сталярчук Алеся, Сянько Аляксандр, Тачылін Мікалай, Хамічук Максім, Чыкілёў Сцяпан, Шаўчэнка Аляксандр, Шнэйдэраў Ігар, Шуміла Аляксандр, Шыльц Юрый, Юдчыц Юрый, Якунін Аляксандр».

  • Апеляцыйную скаргу палітвязня Арцёма Лябедзькі разгледзяць 31 кастрычніка

Вярхоўны суд 31 кастрычніка разгледзіць апеляцыйную скаргу Арцёма Лябедзькі. Рашэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Паўла Каршуновіча.

Нагадаем, у Мінскім гарадскім судзе 24 жніўня Анатолю Лябедзьку прызначылі 3,5 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў «фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання» паводле арт. 361-2 КК за данаты ў тры фонды салідарнасці ў 2020 годзе. 

Арцём на судзе віну не прызнаў і заявіў, што яму і зусім не ясная сутнасць прад'яўленых абвінавачанняў і ён не разумее, за што ён на лаве падсудных. 

За кратамі Арцём утрымліваецца з 28 сакавіка гэтага года. 


  • Палітвязня Паўла Рэзановіча збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым

Паўла затрымалі 1 снежня 2020 года разам з бацькамі: святаром Сяргеем Рэзановічам  і ягонай жонкай Любоўю. Іх абвінавацілі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў. 17 кастрычніка 2022 года Гродзенскі абласны суд агучыў прысуд: Любові — 15 гадоў калоніі, Сяргею — 16 гадоў калоніі, а Паўлу — 19 гадоў калоніі. 

Павел на судзе заявіў, што супраць яго ўжываліся фізічныя і псіхалагічныя катаванні для таго, каб ён падпісаў загадзя падрыхтаваныя паказанні. Былы вязень брэсцкага СІЗА-7 пацвердзіў праваабаронцам, што калі па калідоры вадзілі маці Паўла Любоў, яна крычала так, што было чутно на ўвесь ізалятар. Павел кожны раз вельмі эмацыйна рэагаваў на гэта, за што яго некалькі разоў кідалі ў ШІЗА.

Стала вядома, што 30 кастрычніка ў Шклове адбудзецца суд па замене Паўлу рэжыму ўтрымання на турэмны. Рашэнне будзе прымаць суддзя Аляксандр Тараканаў.


Глядзіце таксама

  • 2,5 гады «хатняй хіміі» — за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе

У судзе Заводскага раёна Мінска 10 кастрычніка асудзілі Яўгена Курцэвіча паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Суддзя Анастасія Асіпчык прызначыла Яўгену два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Яўгена Курцэвіча абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэсных акцыях у Мінску ў 2020 годзе, выхадзе на праезную частку і перакрыцці руху грамадскага транспарту. Як паведамляецца ў судовай пастанове, падчас марша ён выкрыкваў лозунг «Жыве Беларусь», а таксама «выкарыстоўваў у якасці пратэснай сімволікі плакат з выявамі асобаў з цялеснымі пашкоджаннямі».


  • Затрыманне айцішніка Вадзіма Вашчэнкі — ставяць у віну каментары

Гродзенцу Вадзіму Вашчэнку 39 гадоў. Раней Вадзім працаваў на прадпрыемствах, але ў апошнія некалькі гадоў перабраўся ў IT-сферу.

Мужчыну затрымалі за каментары ў тэлеграм-чатах. Вядома, што канал сілавікоў, які называецца «Поступі по совесті», выкладаў персанальныя звесткі мужчыны з прапановай самому прыйсці ў ГУБАЗіК.

У допісе ГУБАЗіК агучваецца ягоная зарплата, каля чатырох тысячаў долараў. «Трэба было ехаць у гейропу і жыць там на 4000 долараў», — кажуць сілавікі.


  • 70-гадовую «шчырую прыхільніцу Лукашэнкі» судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

24 кастрычніка ў раённым судзе Жлобіна суддзя Святлана Рубахава разглядала адміністрацыйную справу па ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»), якая вялася супраць Евы Піскун. Вынік пастановы суда праваабаронцам пакуль невядомы.

Нагадаем, што 16 траўня ў судзе Жлобінскага раёна разглядалася крымінальная справа, якая была распачатая паводле артыкулу 188 КК («Паклёп») у адносінах да Евы Піскун. Праваабаронцам вядома, што яе справу разглядала суддзя Святлана Андрэева. У кастрычніку стала вядома, што 70-гадовая жанчына да суда ўтрымлівалася ў ІЧУ Жлобіна і па прысуду атрымала вялікі штраф.

Раней жанчына заяўляла, што яна «шчырая прыхільніца Лукашэнкі», адзначаюць гомельскія праваабаронцы.


  • Затрыманне за апытанне пра новы пашпарт

ГУБАЗіК затрымаў супрацоўніцу «Белспецэнерга» — у яе была аватарка з «Пагоняй» і яна прайшла апытанку аб пашпарце Новай Беларусі

На «палонным відэа» жанчына кажа, што на аватарцы ў Facebook у яе была «Пагоня», а ў гэтым жніўні яна прайшла апытанку аб пашпарце Новай Беларусі ў чат-боце ініцыятывы «Голас». Там яна прычынай атрымання пашпарта адзначыла «непрыняцце рэжыму і акупацыйнай сімволікі».


  • У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» словазлучэнні «Polk Kalinouskaha» і «Полк Каліноўскага»

19 кастрычніка суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт і сацсеткі Палка Каліноўскага. Таксама «экстрэмісцкім» лічыцца і «візуальны матэрыял, тэкст «Polk Kalinouskaha», «Полк Каліноўскага», у тым ліку з якімі-небудзь надпісамі».

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Раковское Шоссе», «Столін ТуТ», «Беларускi праваслаўны прыход у Вiльнi», «Беларускі Дабраахвотніцкі Корпус», «Кiрылюк Notes Жыве Беларусь», «EX-PRESS.LІVE»;
  • Instagram старонка «volnyjaa «Вольныя Iнiцыятыва дапамогi вольным палiтвязням Беларусi»;
  • Facebook старонка «Святлана Ціханоўская»;
  • Сайт, старонкі ў сацсетках і Viber праекту «Рогачев Online»;
  • TikTok-старонкі «Беларуска з пад Магілёва», «АндрейGhost»