«КДБ лічыць сябе «элітай». Былы палітвязень — пра ўмовы ўтрымання ў «Амерыканцы»
Праз следчы ізалятар КДБ — вядомы як «Амерыканка» — з 2020 года прайшлі дзясяткі зняволеных па гучных палітычных справах. Там утрымліваліся фігуранты і фігуранткі такіх гучных справаў як «справы Белгазпрамбанка», «справы падпала лецішча Гайдукевіча», «справы «Рабочага Руху», «справы змоўшчыкаў», справаў за «зраду дзяржаве» і іншыя. Цяпер там утрымліваюцца фігуранты «справы за дыверсію ў Мачулішчах». Былы палітвязень распавёў «Вясне» пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА КДБ 2021 года.
«Заўсёды былі перапоўненыя камеры»
Паводле былога палітвязня, у СІЗА КДБ агулам 18 камер, у якіх утрымліваюцца вязні.
«Звычайна туда садзяць людзей, якія праходзяць па гучных палітычных справах, топ-менеджараў, чыноўнікаў. З размоваў са сваім следчым я зразумеў, што яны [супрацоўнікі КДБ] сябе лічаць самымі прасунутымі ва ўмовах утрымання ў параўнанні з іншымі СІЗА. Гэта абумоўлена ў тым ліку багатым тэхнічным абсталяваннем. Наогул КДБ лічыцца «элітай» — пад іх ведамствам знаходзяцца самыя складаныя справы, і яны таксама прасунутыя ў следчых дзеяннях».
Былы палітвязень узгадвае, што яму было не страшна патрапіць у СІЗА КДБ, а хутчэй цікава. Ён гэта звязвае з тым, што яго затрыманне праходзіла спакойна: «Дзверы ніхто не ламаў, проста пазванілі ў дзверы — мы адчынілі. Я не адчуваў ніякіх пагрозаў. Таму мне гэта ўсё было больш цікава — я ўспрымаў гэта як новы вопыт. Мяне раней неаднаразова затрымлівалі, і я пабываў у розных ізалятарах. Таму цікава было паглядзець месца знутры, дзе шмат хто ўжо пабываў да мяне».
За час знаходжання ў СІЗА КДБ былы палітвязень змяніў некалькі камер.
«У першай камеры было тры месцы, але там я быў чацвёртым. У СІЗА КДБ часта навічкі павінны былі класціся на падлогу з лежаком — збітым драўляным паддонам — пакуль не вызваліцца месца. Гэта быў ужо нібыта рытуал. У СІЗА КДБ заўсёды былі перапоўненыя камеры. Былі і пяць чалавек у трохмясцовай камеры».
«Калі да нашага шпацыру пачнецца дождж, то нас усё роўна пагоняць туды»
Былы палітвязень кажа, што ўмовы ўтрымання ў СІЗА КДБ сапраўды нашмат лепш, чым, напрыклад, у СІЗА-1.
«Ежа там сапраўды добрая. Гэта савецкая звычка засталася — ежа па ГОСТу. Без перадач там можна выжыць, хоць усё і прыядаецца. Пры гэтым там недахоп малочкі, свежых садавіны і гародніны, таму вельмі патрэбная вітамінная перадача. Але з рыбай праблемаў там няма! Штовечар нам давалі рыбу — салёную сялёдку з варанымі буракамі ці бульбай.
Але ў адрозненне ад Валадаркі ў СІЗА КДБ можна перадаваць прыгатаваную ежу, а таксама ваду. Вялікім попытам і папулярнасцю карысталіся тварожныя сырнікі, бо вельмі не хапала кальцыю. Сваякам я пісаў, каб перадавалі якія-небудзь дранічкі, а яны рабілі мне гэткія дранічкі з мясам — калдуны. Праблем з ежай у мяне там не было».
Пры закрытай фортцы ў камеры на сценцы збіраўся кандэнсат, які правакаваў на з'яўленне цвілі і грыбка, узадвае былы палітвязень. Пры адкрытай фортцы ў камеры было халодна да таго, што зімой трэба было апранаць вопратку.
«Гэта адбывалася ў халодную пару года. Заўсёды была дылема: або моцна мерзнуць з адкрытай форткай, або зачыніць фортку і зарабляць сабе туберкулёз. Батарэі пры гэтым не выратоўвалі. У цёплую пару году там невыносна горача і душна. Нават у +25 у камеры была душна. Я ўжо не кажу пра тэмпературу ў +30. Нават доўгачаканая ноч не прыносіла прахалоды, бо вокны знаходзіліся высока над зямлёю, а тоўстыя сцены доўга астывалі. Мая пасцельная бялізна ў такія дні заўсёды была мокрай ад поту.
У маёй першай камеры стаяў унітаз — гэта была раскоша. У двух наступных яго не было. Наогул толькі ў 1/3 камер ёсць унітазы, у астатніх — вёдры. Гэта робяць для таго, каб у вязняў з розных камер не было сувязяў паміж сабой. Вядро, якое стаіць замест унітаза, выносіцца два разы на дзень».
Агулам шэсць дворыкаў для шпацыру. Зняволеных СІЗА КДБ выводзяць на шпацыр у тры змены. Шпацыры у першую і другую цягнуцца паўтары гадзіны, а ў трэцюю — каля гадзіны. На раннішнім абыходзе супрацоўнік запытвае просьбы і пытанні ў вязняў.
«Раніцай запытваюць, ці пойдзем мы на шпацыр. Потым адмовіцца было ўжо немагчыма, калі ўжо з раніцы заявілі, што камера пойдзе на шпацыр. Таму дождж для нас быў праблемай. Калі да нашага шпацыру пачнецца дождж, то нас усё роўна пагоняць туды, бо раніцай мы ж прасілі. У дворыку для шпацыру ёсць навесік, але пад яго ўсё роўна ўсе не змяшчаюцца. Разы два я там вымакаў цалкам. А ў камеры ж нельга сушыць рэчы».
«Перад тым, як супрацоўнікі КДБ затрымаюць чалавека, яны вельмі доўгі час збіраюць пра яго інфармацыю»
Былы палітвязень адзначае, што ціск падчас зняволення ў СІЗА КДБ прысутнічае ўвесь час.
«Націснуць на чалавека там можна рознымі спосабамі. Гэта выяўляецца ў дробязях: апошнімі выводзіць на шпацыр ці ў лазню, не выдаваць бялізну, змяшчаць у камеру з дрэннымі ўмовамі без унітазу і з цвіллю, даць дрэнную характарыстыку для суда, выводзіць з камеры і не даваць спаць, выводзіць на ноч у прыбіральню ў калідоры. Таксама спосабы ціску шукаюць супрацоўнікі КДБ, напрыклад, выклікаюць на допыты сваякоў і блізкіх людзей, трымаючы ў СІЗА трое сутак і паведамляючы пра гэта вязню ці «выпадкова» перасякаючы іх у калідорах КДБ. Са мной таксама такое было. І гэта самае балючае.
Перад тым, як супрацоўнікі КДБ затрымаюць чалавека, яны
вельмі доўгі час збіраюць пра яго інфармацыю: капаюцца ў яго жыцці, ведаюць усе
важныя даты для чалавека, вывучаюць, хто з кім у якіх стасунках. Звычайна
шантажуюць тым, што пасадзяць родных ці людзей, якіх ты лічыш блізкімі.
Напярэдадні затрымання я вельмі моцна пасварыўся са сваёй сяброўкай — ніколі
такога не было. Я збіраўся ісці да яе мірыцца, але мяне затрымалі. Праз
некалькі дзён у яе, а таксама маіх бацькоў былі дні народзінаў. Кдбшнікі ведаюць усе гэтыя даты, або калі ты мусіш
ляцець у вандроўку — у гэтым выпадку могуць затрымаць за дзень ці калі ты набыў
квіткі ўжо. Шмат людзей распавядалі там, што іх затрымлівалі напярэдадні важных
мерапрыемстваў, напрыклад, перад гадавінай вяселля, адпачынкам з сям'ёй ці ў дзень народзінаў чалавека.
Гэта ўсё робіцца, каб было маральна цяжэй.
Людзі перажываюць у такіх выпадках, могуць пачаць прасіць у іх штосьці, а
кдбшнікі гэтым маніпулююць. Таксама яны могуць доўга «марозіць» лісты
напачатку. Гэта жахліва, калі ты не ведаеш, што адбываецца на волі з тваімі
блізкімі. Вельмі важна, наколькі хутка прыйдзе першы ліст. Бывала, што людзі
месяцамі не ведалі, што адбывалася».