Хронікі рэпрэсій. Хапун у Гродзенскім інстытуце раслінаводства
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 26 кастрычніка.
Суд Шклоўскага
раёна 26 кастрычніка вынес прысуд палітвязню Дзянісу Хахлову, якога
абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць
грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК). Справу
разглядаў суддзя Аляксандр Тараканаў.
Дзяніс жыў у Расіі з лютага 2023 года, туды ён з'ехаў, бо баяўся пераследу ў Беларусі. З Расіі ён збіраўся з'ехаць у Грузію, але 11 чэрвеня быў затрыманы ў Кабардзіна-Балкарыі праз тое, што знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку на запыт Беларусі. Хахлоў — айчым ужо асуджанага за ўдзел у пратэстах на два гады «хатняй хіміі» Уладзіслава Лагуценкі.
Суд прызначыў Дзянісу пазбаўленне волі на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
У судзе
Заводскага раёну Мінск асудзілі Кірыла Ахрэмчыка паводле ч. 1 арт. 342 КК
(«Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак,
альбо актыўны ўдзел у іх»). Суддзя Алена Капцэвіч прызначыла Кірылу два гады і
шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага
тыпу («хатняй хіміі»).
Кірыла абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе, выхадзе на праезную частку і перакрыцці руху грамадскага транспарту.
Таксама мужчыну паставілі ў віну знаходжанне ў счэпцы ў першых шэрагах пратэстоўцаў на вуліцы Максіма Багдановіча ў Мінску. Фотаздымкі з гэтым эпізодам сілавікі знайшлі ў адным з тэлеграм-каналаў.
З'явілася
інфармацыя аб затрыманнях у Гродзенскім занальным інстытуце раслінаводства НАН
Беларусі. Пра гэта паведаміў адзін са шчучынскіх прапагандысцкіх
тэлеграм-каналаў — менавіта ў гэтым горадзе размяшчаецца ўстанова.
Калі прайшоў рэйд і колькі чалавек было затрымана — не паведамляецца. Вядома толькі, што некаторых супрацоўнікаў установы прыцягнулі да адказнасці за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Затрыманы чарговы айцішнік. На відэа ён кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а таксама перапісваўся з ініцыятывай «КіберПартызаны» — яму нібыта далі тэставае заданне, якое ён не змог зрабіць.
За каментары ў
інтэрнеце затрыманы мужчына. Паведамляецца, што ён ў 2020-м і 2021-м гадах
пакідаў абразлівыя каментары ў дачыненні да Лукашэнкі, вайскоўцаў, афіцэраў і
суддзяў.
Апошнім часам у Беларусі былі затрыманыя 25 грамадзян
Латвіі. Міністр замежных спраў Латвіі Крыш'яніс Карыньш адзначыў, што большасць
з гэтых спраў, калі не ўсе, палітычна матываваныя. Ён заклікаў грамадзян Латвіі
не ехаць у Беларусь, бо «там няма справядлівасці», і ў выпадку непрыемнасцяў
латвійскія дыпламатычныя прадстаўнікі не змогуць дапамагчы суайчыннікам.