Андрэй Пачобут — па-ранейшаму ў ізаляцыі і без лекаў
Палітвязень Андрэй Пачобут усё яшчэ знаходзіцца ў штрафным ізалятары — і ён па-ранейшаму не атрымлівае сардэчных лекаў, якія яму неабходны штодня. У яго падымаецца ціск і кожны дзень запаволены рытм сэрца.
![71735659_13299414171.jpg 71735659_13299414171.jpg](/img/v1/images/71735659_13299414171.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У Беластоку прайшла штомесячная акцыі салідарнасці, піша «Польскае Радыё».
Андрэй Пачобут надалей не атрымлівае лекаў і па-ранейшаму знаходзіцца ў ізаляцыі, паведаміў у сераду падчас штомесячнай акцыі салідарнасці віцэ-старшыня Саюза палякаў Беларусі Марэк Занеўскі.
Акцыі салідарнасці ў Беластоку адбываюцца кожны месяц ля помніка Ежы Папялушкі, побач з якім стаіць шырокафарматны фотаздымак Пачобута.
Глядзіце таксама
![Гісторыя Анджэя Пачобута Журналіст года ў Польшчы, «тэрарыст» на радзіме. Анджэю Пачобуту — 50](/img/v1/images/had_1142_1_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Акцыя — гэта таксама салідарнасць з іншымі палітвязнямі, якія знаходзяцца ў турмах у Беларусі, і патрабаванне іх вызвалення. Яе арганізуюць Саюз палякаў Беларусі і Падляшскі аддзел згуртавання «Wspólnota Polska».
«Гэта чарговая акцыя салідарнасці. Вось ужо трэці год мы тут збіраемся, нягледзячы ні на што: надвор’е, пара года, дождж, снег, мароз. І мы будзем збірацца далей, каб нагадваць пра Анджэя Пачобута, які сядзіць у Наваполацку, які пакутуе, які не атрымлівае лекаў для сэрца, у яго кожны дзень запаволены рытм, у яго падымаецца ціск, і мы проста не ведаем, чым яму дапамагчы, акрамя як прыйсці сюды і ўсім пра гэта гучна сказаць», – сказаў Занеўскі падчас акцыі.
Глядзіце таксама
![«Будзе паміраць, але будзе трымацца свайго». 7 фактаў пра Андрэя Пачобута «Будзе паміраць, але будзе трымацца свайго». 7 фактаў пра Андрэя Пачобута](/img/v1/images/glavnaya_12.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Ён падкрэсліў, што акцыяй яны таксама нагадваюць і пра астатніх палітвязняў у Беларусі, якіх цяпер больш за паўтары тысячы. «Тое, што мы сюды прыязджаем, што мы тут, значыць, што мы памятаем пра гэта, і гэта значыць, што нам неабыякава тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, беззаконне і тое, што людзі пакутуюць», — адзначыў Занеўскі.
Ён падзякаваў усім за прысутнасць. «Заклікаю і надалей прыходзіць, памятаць і агучваць праблему палітвязняў дзе толькі можна, і такім чынам мы спадзяемся, што гэтая сітуацыя нарэшце зменіцца», — заклікаў Занеўскі.
У размове з журналістамі ён ацаніў, што становішча Анджэя Пачобута ў калоніі цяжкае, дзеяч па-ранейшаму знаходзіцца ў ізалятары.
«Сям'я атрымлівае ад яго лісты, але ў вельмі абмежаванай колькасці. З іх мы ведаем, што ён усё яшчэ знаходзіцца ў штрафным ізалятары, што ён па-ранейшаму не атрымлівае лекаў, якія яму неабходны штодня. Мы ўсялякімі спосабамі стараемся даведацца больш і ўсяляк сачыць за сітуацыяй», — адзначыў Занеўскі.
Падчас акцыі нагадалі, што Пачобут знаходзіцца за кратамі ўжо 31 месяц і будзе знаходзіцца ў ізалятары да лютага.
Глядзіце таксама
![Новыя санкцыі супраць Беларусі ўвяла Польшча: з-за прысуду Андрэю Пачобуту Польшча ўвяла новыя санкцыі супраць Беларусі — з-за палітычных рэпрэсій](/img/v1/images/paczobut_6.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Журналіст і актывіст польскай меншасці ў Беларусі Андрэй Пачобут знаходзіўся пад вартай з 25 сакавіка 2021 года. 8 лютага гэтага года ён быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пасля адмовы ў задавальненні скаргі на прысуд ён знаходзіцца ў калоніі ў Наваполацку.