Алену Гнаўк перавялі ў калонію для зняволеных з некалькімі судзімасцямі
Алена Гнаўк па-ранейшаму актыўная, нязломная. У папярэдняй калоніі палітзняволеная часта трапляла ў штрафны ізалятар.
Палітзняволеная
Алена Гнаўк цяпер адбывае пакаранне ў калоніі № 24 у Рэчыцкім раёне, дзе
ўтрымліваюць тых, хто мае больш за адну судзімасць, піша «Свабода».
Алена Гнаўк падчас следзтва трымала галадоўку, шмат дзён правяла ў карцары і ШІЗА, ад чаго займела праблемы са здароўем. Паводле крыніцы, якая ведае яе становішча, Алена Гнаўк на ўмовы ў новай для сябе калоніі не наракае.
«Перавялі яе ў Рэчыцкі раён, у ПК-24, нядаўна. Бо над ёй быў суд, на якім дадалі дадатковы тэрмін. Таму як асобу, што мае некалькі судзімасцяў, яе перавялі сюды. Ёй там нашмат лепш, чым у Гомелі, дзе яна сядзела раней. Таму што яна ў Гомелі не выходзіла з ШІЗА, а тут да яе адносіны больш-менш нармальныя.
Агулам усё добра, яна там не сумуе. Шмат чытае кніг, піша лісты. Яна ўжо пенсійнага ўзросту, на працу не ходзіць, але шмат цікавіцца юрыдычнай літаратурай, бо сама юрыстка, і дзеліцца ведамі з новымі сяброўкамі. Ёй дазволеныя тэлефанаванні, а ў Гомелі ўвогуле ўсё было забаронена. Яна па-ранейшаму актыўная, нязломная. Перадае вітанні тым, хто на волі», — расказала пра Алену Гнаўк дасведчаная крыніца.
У 2020 годзе Алена Гнаўк жыла ў Пружанах, адкуль прыязджала на акцыі пратэсту ў Брэст. У 2021 годзе жанчыну асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» паводле вядомай справе аб «карагодзе» — акцыі пратэсту супраць фальшавання прэзідэнцкіх выбараў, якая прайшла ў абласным цэнтры 13 верасня і ўпершыню ў Беларусі была разагнаная з выкарыстаннем вадамёта.
Падчас адбыцця «хатняй хіміі» Алену Гнаўк зноў арыштавалі і судзілі паўторна паводле артыкулаў аб паклёпе на Лукашэнку (арт. 367 КК) і дыскрэдытацыі Беларусі (арт. 369-1 КК). Гэта суд убачыў у пастах Алены Гнаўк у сацыяльных сетках, дзе праваабаронца расказала пра складанае становішча ў Беларусі эмігрантаў з Блізкага Ўсходу.
За свае словы Алена Гнаўк атрымала 3 гады зняволення, адбываць пакаранне яе накіравалі ў жаночую калонію ў Гомелі. Там Алена Гнаўк шмат дзён правяла ў ШІЗА і ў выніку была асуджаная яшчэ на 1 год калоніі паводле 411 артыкулу КК, за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».
«Са здароўем у яе лепш, бо жыццё стала спакайнейшае», — расказаў пра Алену Гнаўк дасведчаны чалавек.
Беларускія праваабаронцы прызналі Алену Гнаўк палітычнай зняволенай. Усяго 66-гадовай пансіянерцы давядзецца адседзець за кратамі 4,5 года.
Зрэшты, як пісаў НЧ, ПК №24 у Зарэччы — калонія «для рэцыдывістак». І гэта ўстанова карыстаецца кепскай рэпутацыяй. Менавіта там трымалі палітзняволеных Алену Маўшук, Паліну Шарэнда-Панасюк, Вікторыю Кульша. У калоніі жанчынам-палітвязням рэгулярна выпісвалі спагнанні па надуманых прычынах і блакавалі ліставанне. Паліну і Вікторыю накіравалі ў Зарэчча толькі пасля таго, як іх па ініцыятыве адміністрацыі гомельскай калоніі № 4 асудзілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Сваякам адміністрацыя калоніі некалькі тыдняў не пацвярджала, што жанчыны там знаходзяцца, таму ў родных не было аніякай інфармацыі пра стан жанчын і дзе іх утрымліваюць.