Хронікі рэпрэсій за 24 кастрычніка

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 24 кастрычніка. 

cihi_supraciu._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas4_logo.jpg
  • У «спіс тэрарыстаў» дадалі траіх палітвязняў па «справе ЧКБ»

КДБ абнавіў спіс «асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Туды дадалі Сяргея Еўдакіменку, Кірыла Гняздзілава і Канстанціна Прытуленку.

  • Праваабаронцу Насту Лойка этапавалі ў гомельскую жаночую калонію 

Стала вядома, што Насту Лойка ўжо перавялі ў папраўчую ўстанову.

У Мінскім гарадскім судзе 20 чэрвеня палітзняволенай праваабаронцы прызначылі 7 гадоў калоніі за падрыхтоўку даклада «Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі» (2017 — жнівень 2018 года). У ім нібыта даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі. 

Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці і пазіцыя самой Насты невядомыя. 

Нагадаем, Вярхоўны суд 3 кастрычніка разглядзеў апеляцыйную скаргу праваабаронцы. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Пятра Лістраценкі пакінула прысуд без зменаў, а скаргу — без задавальнення. 

  • «Два месяцы ў ШІЗА». Ад Уладзіміра Гундара дайшоў ліст на волю

Ад палітвязня дайшоў першы ліст за 2,5 месяцы. У ім Уладзімір Гундар паведаміў, што пераведзены на турэмны рэжым тэрмінам на 3 гады. Акрамя гэтага, ён піша, што за тры месяцы ў бабруйскай калоніі ён два з іх правёў у ШІЗА. Гундар цяпер абмежаваны ў «атаварцы» — ён можа купляць рэчы і прадукты толькі на 37 рублёў на месяц. Таксама яму дазволена толькі 1 доўгатэрміновае спатканне ў год.

Нагадаем, Гродзенскі абласны суд 6 чэрвеня пакінуў прысуд палітвязню без зменаў — 20 гадоў калоніі. Ужо на наступны дзень адразу з карцара яго этапавалі ў калонію. Пры гэтым жонцы Гундара дазволілі спатканне з ім, але яна не паспела трапіць на яго праз хуткі этап.

Глядзіце таксама

  • Палітзняволенага Міхаіла Лапунова арыштавалі шосты раз запар 

Міхаіла Лапунова 23 кастрычніка асудзілі ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля. Яго зноў абвінавацілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Гэтым разам яго справу разглядала суддзя Волкава Таццяна. Вынік суда пакуль невядомы, але на волю ён не выйшаў.

Нагадаем Міхаіл быў затрыманы 8 жніўня і з таго часу бесперапынна знаходзіцца за кратамі.

Сын Лапунова, Мікіта Залатароў — адзін з наймалодшых затрыманых у выніку пратэстаў 2020 года. Агульны тэрмін пакарання для яго склаў 4 гады і 6 месяцаў выхаваўчай калоніі.

  • 3 месяцы арышту за сарваны сцяг

У судзе Ленінскага раёну Гродна 27 верасня асудзілі Сяргея Змітровіча паводле арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Алена Пятрова прызначыла Сяргею тры месяцы арышту.

Скрыншот відэа УУС Гродзенскага аблвыканкама

Скрыншот відэа УУС Гродзенскага аблвыканкама

23-гадовага Сяргея абвінавацілі ў тым, што ён 25 чэрвеня ноччу пасля ўжывання алкаголю з сябрамі сарваў чырвона-зялёны сцяг з будынка інтэрната ў Гродна і забраў яго з сабою, пасля чаго выкінуў сцяг на вуліцы недалёка ад будынку. Сцяг разам з дрэўкам суд ацаніў у 35 рублёў 70 капеек. Мужчына цалкам прызнаў віну.

Сяргею залічылі ў тэрмін арышту ўтрыманне пад вартай. Суд палічыў прызначанае пакаранне цалкам адбытым і вызваліў мужчыну ў судовай зале. 

  • Затрыманні на Гомельшчыне

«Палоннае відэа» з затрыманымі з'явілася ў праўладным тэлеграм-канале. 

Хапун праўшоў у Петрыкаве, Тураве і Жыткавічах. Затрымалі як мінімум 9 чалавек.

Аднаго мужчыну схапілі наўпрост у ложку.

Глядзіце таксама

  • Год калоніі: Жанчына патэлефанавала ў міліцыю і выказалася пра Лукашэнку 

У судзе Ганцавіцкага раёну 5 кастрычніка асудзілі Алену Міхалюк паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса.

Суддзя Аксана Зоткіна прызначыла Алене адзін год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 

Жанчына пасварыўшыся з сужыцелем на глебе рэўнасці патэлефанавала ў аддзяленне міліцыі і нібы абразіла Лукашэнку.

  • Сілавікі затрымалі мужчыну, які ўдзельнічаў амаль ва ўсіх нядзельных акцыях пратэстаў

Аб гэтым ён кажа ў «палонным відэа», якое з'явілася ў праўладным тг-канале. У апісанні да відэа паведамляецца, што ў затрыманага знайшлі «гігабайты ўнікальных кадраў». 

Мужчына на відэа кажа, што быў падпісаны на «дэструктыўныя чаты», дзе пакідаў негатыўныя каментары ў бок улады.

  • У Гродзенскай вобласці ліквідуюць "Таварыства Элізы Ліцвінкі"

Судовы працэс пройдзе 2 лістапада ў Гродзенскім абласным судзе. Культурна-асветніцкае грамадскае таварыства зарэгістравалі ў вёсцы Бершты Шчучынскага раёна ў 2020 годзе. Арганізацыя складаецца з 19 чалавек. Сярод мерапрыемстваў таварыства — удзел у мітынгу ў падтрымку Лукашэнкі.