Стрыжак: Пры размеркаванні грошай трэба упэўніцца, што на тым канцы провада рэпрэсаваны, а не сілавік
Фонд салідарнасці «BYSOL» ужо выплаціў 49 500 еўра, атрыманых ад марафону салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё адно». Паводле слоў заснавальніка фонду Андрэя Стрыжака, ужо былі зацверджаны 99 заявак, але яшчэ можна патрапіць у новую групу выплат. Кіраўнік дабрачыннай ініцыятывы распавёў «Белсату» падрабязнасці і заклікаў запоўніць заяўкі тых, каму патрэбна дапамога.

«Зараз, дзякуючы таму, што шмат медыя кажуць пра магчымасць атрымання
дапамогі, канешне, колькасць заявак
павялічылася. І гэта дае
дадатковую працу нашай камандзе, але мы спраўляемся і спраўна выплачваем гэтыя
грошы. На сённяшні дзень, як было адзначана, 99 заявак ужо было закрыта, мы
яшчэ чакаем 101 у межах гэтага траншу, які мы атрымалі ад сродкаў, што былі
сабраны на марафоне салідарнасці».
Андрэй Стрыжак зазначае, што фонд дамовіўся з усімі групамі, ініцыятывамі і арганізацыямі, якія займаюцца размеркаваннем гэтых грошай, каб уся сабраная сума была перададзена ў якасці дапамогі. На адміністрацыйныя ж выдаткі адтуль не будзе выдаткавана нічога.
Падзяліўся ён і тым, наколькі складана размяркоўваць атрыманыя сродкі, бо нават на стадыі верыфікацыі заявак пачынаюць узнікаць пытанні: «Трэба быць упэўненым, што на тым баку провада сядзіць насамрэч сям’я, якая мае патрэбу ў дапамозе, а не сілавік, напрыклад. І гэта заўсёды дастаткова складаная праца, але за апошнія тры гады мы выпрацавалі больш-менш нармальнае разуменне, як гэта рабіць, у нас ужо ёсць база кантактаў, і мы дастаткова хутка можам верыфікаваць па ёй тыя ці іншыя заяўкі».
Глядзіце таксама

Заснавальнік фонду за гэтую дзейнасць, як і ўсе ўдзельнікі марафону, атрымаў крымінальную справу, але не засмучаны гэтым: «Гэта дарагога каштуе, бо гэта такая своеасаблівая ацэнка нашай працы. Кожная крымінальная справа дадае вагу таму, што мы насамрэч робім, бо ўсё, што ўлада называе «чорным», насамрэч з'яўляецца белым у адносінах да правоў чалавека».
Гэта не апошняе мерапрыемства салідарнасці з палітвязнямі, бо, паводле слоў Стрыжака, у Офіса Святланы Ціханоўскай і яе прадстаўнікоў па гуманітарных пытаннях у далейшых планах розныя іншыя кампаніі, а сам «BYSOL» неўзабаве плануе правесці калядную акцыю для дзяцей зняволеных.
Марафон салідарнасці з палітвязнямі і іх сем’ямі
прайшоў напрыканцы ліпеня ў анлайн-фармаце. Беларусы сабралі пацярпелым ад
рэпрэсій амаль 600 тысяч еўра.