У Івацэвічах закрыюць папраўчую калонію, там трымаюць палітвязняў

У Івацэвічах Брэсцкай вобласці закрываюць папраўчую калонію №5. На яе месцы плануецца адкрыць лячэбна-працоўны прафілакторый. Адпаведны ўказ 19 кастрычніка падпісаў Лукашэнка. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.

photo_2023_10_22_13_53_04.jpg

Прынятае рашэнне тлумачыцца неабходнасцю «аптымізацыі структуры папраўчых устаноў і лячэбна-працоўных прафілакторыяў Міністэрства ўнутраных спраў».

Як вынікае з лукашэнкаўскага ўказа, у трохмесячны тэрмін МУС неабходна ліквідаваць калонію №5, правесці дзяржрэгістрацыю лячэбна-працоўнага прафілакторыя №8 і перадаць яму на праве аператыўнага кіравання маёмасць ПК.

Праваабаронцам «Вясны» вядома прынамсі пра сем палітычных зняволеных, якія адбываюць тэрміны ў Івацэвічах.

Самы вядомы — актывіст анархісцкага руху Аляксандр Францкевіч, якому прысудзілі 16 гадоў і 9 месяцаў паводле 11 крымінальных артыкулаў.


Глядзіце таксама

Ілля Дубскі з Асіповічаў атрымаў пяць гадоў за каментары паводле артыкулаў 366 (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы) і 130 (распальванне варожасці ці варажнечы) Крымінальнага кодэкса.

Паўлу Пяскову з Маладзечна прысудзілі чатыры гады зняволення. Спачатку за ўдзел ў пратэстах 2020 года яму прызначылі 3 гады і 3 месяцы паводле артыкула 363 КК (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў), а потым тэрмін павялічылі ў рамках новага абвінавачання паводле артыкула 411 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

Антон Баброў асуджаны на два гады паводле артыкула 368 КК за «абразу Лукашэнкі».

Паводле абвінавачання, жыхар Оршы ў адным з тэлеграм-каналаў двойчы пакінуў абразлівыя каментары ў бок прэзідэнта Беларусі, якія лінгвістычная экспертыза палічыла ненарматыўнай формай маўленчага выказвання.

Аляксей Сямёнаў з Віцебска спачатку быў асуджаны на 2,5 гады «хіміі» паводле артыкулу 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) за каментары ў адрас міліцыянта, які распыляў газ і ўжываў гвалт супраць пратэстоўцаў. Пазней яму ўзмацнілі ўмовы адбыцця пакарання і перавялі ў івацэвіцкую ПК.

60-гадовы Аляксандр Аўдзяюк з Быхава адбывае двухгадовы тэрмін за каментары ў «Аднакласніках» за «абразу Лукашэнкі» і «паклёп на Лукашэнку».

Гродзенец Павел Бяленік асуджаны за каментары па «справе Зельцэра», тэрмін невядомы. У справе тры крымінальныя артыкулы.