Латушка — сілавікам: Вы яшчэ можаце пазбегнуць пакарання
Кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення» і прадстаўнік па транзіце ўлады Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка пракаментаваў аб'яўленне ў міжнародны вышук беларускіх сілавікоў. Гэта толькі першыя прэцэдэнты ў доўгім шэрагу спраў па злачынствах супраць чалавечнасці, якія не маюць тэрміну даўніны.

Ілюстрацыйнае фота: ТАСС
Пракуратура Польшчы прыняла рашэнне абвясціць у вышук шэраг беларускіх сілавікоў, якія падазраюцца ў здзяйсненні актаў гвалту на тэрыторыі Беларусі. Асобы, якія пацярпелі ад гвалту на тэрыторыі Беларусі, падалі заявы ў пракуратуры Польшчы, Літвы, Германіі, Швейцарыі, Украіны і многіх іншых краін аб узбуджэнні крымінальных спраў па фактах учыненых супраць іх злачынстваў, звязаных з гвалтам у перыяд затрымання або зняволення.
Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка падчас візіту ў Прагу сустрэўся з намеснікам міністра юстыцыі Чэхіі Карэлам Дворжакам. Размова ішла пра выкарыстанне інструментаў універсальнай юрысдыкцыі для прыцягнення да адказнасці вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці ў Беларусі. Цяпер у Чэхіі пражываюць больш за 40 беларусаў, якія пацярпелі ад дзеянняў сілавікоў. Па фактах катаванняў ініцыяваныя крымінальныя справы, расказалі ў Аб'яднаным пераходным кабінеце.
Глядзіце таксама

Павел Латушка заяўляе што сілавікоў, супраць якіх узбуджаюцца крымінальныя справы, досыць шмат: «Я магу сказаць адно, што гэта дакладна не адзін чалавек, гэта прадстаўнікі сілавога апарата рэжыму Лукашэнкі».
Любая асоба, пацярпелая ў выніку катаванняў на тэрыторыі Беларусі, мае права звярнуцца ў нацыянальную пракуратуру той краіны, дзе на дадзены момант яна знаходзіцца.
«Грамадзяне Беларусі звярталіся і звяртаюцца ў такія дзяржавы, як Польшча, Літва, Германія, Чэхія, Украіна, Швейцарыя, Нарвегія і шэраг іншых дзяржаў. У дадзеным выпадку пракуроры гэтых краін у адпаведнасці з універсальнай юрысдыкцыяй маюць права пачаць расследаванне і збіраць тыя доказы, якія пацвярджаюць здзяйсненне злачынства. Перш за ўсё, гэта заявы пацярпелай асобы і паказанні сведак», – сказаў у інтэрв'ю lrt.lt апазіцыйны палітык.
Акрамя гэтага дапамогу аказваюць і беларускія арганізацыі.
«Дапамогу аказваюць і прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі, праваабарончыя арганізацыі. Каманда народнага антыкрызіснага ўпраўлення, якую я ўзначальваю, таксама аказвае дапамогу пацярпелым для таго, каб дапамагчы даць максімальна шырокія доказы і каб справа была расследаваная, а вінаватыя асобы ў перспектыве былі прыцягнутыя да адказнасці. Такая арганізацыя, як BELPOL (аб'яднанне былых сілавікоў Беларусі), валодае таксама адпаведнымі звесткамі, якія перадае праваахоўным органам», — заявіў Павел Латушка.
Глядзіце таксама

Паводле яго слоў, пасля, калі віна будзе даказаная, асобы, якія былі датычныя да здзяйснення злачынстваў, звязаных з гвалтам, могуць быць прыцягнутыя да адказнасці за свае дзеянні: «Усё залежыць ад рашэння, якое прымае пракурор у гэтай сітуацыі. Калі пракурор прымае рашэнне аб аб'яўленні дадзенай асобы ў вышук, то гэтая асоба падлягае затрыманню ў тым выпадку, калі яна знаходзіцца ў полі зроку адпаведных праваахоўных органаў».
Палітык лічыць, што такія крокі па прыцягненні да адказнасці сілавікоў — гэта вельмі важны сігнал у тым ліку тым асобам, якія яшчэ не здзейснілі злачынствы і знаходзяцца ў сілавым апараце Лукашэнкі:
«Вы можаце пазбегнуць пакарання, калі вы не будзеце выконваць тыя загады, якія вам дае дыктатар Лукашэнка і яго сістэма. Вы можаце не паступаць на гэтую службу, звальняцца ці ж ажыццявіць яўку з павіннай. Напрыклад, справа Гараўскага ў Швейцарыі, якая расследавалася таксама ў рамках універсальнай юрысдыкцыі. Тады вы можаце разлічваць на паблажку, на пакаранне, якое будзе ніжэй за самую нізкую мяжу па крымінальнай адказнасці. Усё залежыць ад вас».
Глядзіце таксама

«Для нас гэта вельмі важны мэсэдж, уключаючы сілавы апарат. Мы не ставім на мэце, як кажа часта Лукашэнка, "павесіць усіх на слупах". Гэта яго словы. Наша мэта, па-першае, паказаць, што вінаваты ў гэтым ва ўсім Лукашэнка як кіраўнік арганізаванай злачыннай групы, і ў дачыненні да яго павінен быць выдадзены ордэр на арышт Міжнародным крымінальным судом па фактах злачынстваў супраць украінскіх дзяцей і сістэматычных нападаў на грамадзянскае насельніцтва. Гэта злачынствы супраць чалавечнасці», — кажа Павел Латушка.
Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета лічыць, што асобы, якія знаходзяцца вакол Лукашэнкі, павінны разумець, што ў іх надыходзіць час выбару: «Інакш усё жыццё яны будуць хавацца, таму што гэтыя злачынствы не маюць тэрміну даўніны. Яны ніколі не выедуць са сваёй сям'ёй па-за межы Беларусі. Нават выехаўшы ў Расію, яны будуць падлягаць затрыманню. Зразумела, што Расія потым вызваліць іх, але пасядзець некалькі гадзін у так званым "малпачніку" ў следчым ізалятары ім таксама давядзецца».