Сілавікі затрымалі трэнера па каратэ, які калісьці служыў у Сахашчыка
Трэнер па каратэ і паспяховы спартсмен з досведам службы ў выведцы Аляксандр Яўціхаў быў затрыманы ўчора. Гэта не першае падобнае затрыманне ў белспорце.
20 кастрычніка стала вядома пра чарговага чалавека з беларускага спорту, якога затрымалі сілавікі Лукашэнкі. Такія прыклады ў апошні час нярэдкія, піша «Трыбуна».
Цяпер пацярпеў трэнер па каратэ з Брэста Аляксандр Яўціхаў. Яго стандартна прымусілі зняцца ў «пакаяльным відэа» і расказаць, што ён нібыта займаўся непажаданымі рэжыму дзеяннямі. Асноўнае «абвінавачанне» — нібыта мужчына зняў на відэа нейкую вайсковую тэхніку і адправіў ролік у Telegram-канал, непажаданы рэжыму.
Вядома пра трэнера не так шмат. На сваіх старонках ён паказвае, што пачаў займацца каратэ ў 1996 годзе — за пару гадоў да заканчэння школы. У 2001-2002 гадах служыў у выведроце, размешчанай у Брэсце 38-й дэсантна-штурмавой брыгады Узброеных сіл і за гэты час стаў двухразовым чэмпіёнам падраздзялення па рукапашным баі. Атрымліваецца, камбрыгам для Яўціхава паспеў пабыць цяперашні прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета, паважаны ў вайсковых колах афіцэр Валерый Сахашчык, якога ў 2002-м выціснулі са службы. Аўтарытэт брыгады ў Брэсце пахіснуўся, калі яе склад у 2020-м выйшаў на вуліцы Брэста і ствараў перашкоды для мірнага пратэсту, але Сахашчык запэўнівае, што ніхто з яго былога фарміравання «не рабіў агрэсіўных дзеянняў, не збіваў, не страляў».
У 2004-м Яўціхаў пачаў трэнерскую дзейнасць — прычым дыплом па «тэорыі і методыцы фізічнага выхавання» атрымаў толькі ў 2009-м, завочна скончыўшы Брэсцкі дзяржуніверсітэт. Аляксандр на сваіх старонках паведамляе, што яго вучні штогод перамагаюць на розных беларускіх спаборніцтвах, а першыя з тых, хто пачынаў займацца пад яго кіраўніцтвам, ужо прыводзяць да яго сваіх дзяцей.
Паралельна Яўціхаў выступаў і сам — і вельмi паспяхова. Ён шматразовы чэмпіён Беларусі па ката (імітацыя бою з адным ці некалькімі супернікамі) і чэмпіён Беларусі-2017 па кумітэ (асноўны баявы раздзел каратэ). Акрамя таго, спартсмен удзельнічаў у некалькіх топ-турнірах: чэмпіянат Еўропы-2008 у Расіі, ЧС-2010 у Швейцарыі, ЧС-2019 па ката ў Нідэрландах.
Аляксандр паступова падвышаў свой разрад: у 2019-м ён здаў іспыт на трэці (пры самым высокім дзясятым) дан чорнага пояса, уладальнікаў якога па японскай традыцыі завуць «сэнсэй».
На жаль, Яўціхаў — не першы каратыст з досведам выведроты экс-брыгады Сахашчыка, які трапіў у лапы сілавікоў. Такі ж бэкграўнд — у майстра спорту Дзяніса Марусевіча, які сышоў з падраздзялення ў ліпені 2020-га. Яго абвінавацілі ў тым, што ён на акцыі пратэсту ў Брэсце 10 жніўня 2020-га нібыта кідаў кавалкі асфальту ў сілавікоў Лукашэнкi, якія абсалютна дакладна стралялі ў бяззбройных людзей. З 11 верасня таго года Марусевіч знаходзіцца за кратамі — пасля яму далі 4 гады калоніі.