«Спорту па-за палітыкай няма. Гэта лукашысты кажуць, калі іх прышчучаць недзе, што спорт па-за палітыкай»
«Белсат» паразмаўляў з заснавальнікам і трэнерам славутага спартовага клубу «Волат», чэмпіёнам Беларусі ў каратэ Віталём Ракам, які пасля ліквідацыі клубу быў вымушаны з’ехаць у Польшчу. Калі залы «Волату» могуць зʼявіцца ў Варшаве? Якое дачыненне клуб мае да Паспалітага рушэння? І колькі каратысту каштуе пяты дан?
![Фота з сацсетак Фота з сацсетак](/img/v1/images/2_1_16.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з сацсетак
— Віталь, ці пачаў ужо займацца сваёй любімай
справай, трэнуеш дзетак?
— Так, пачаў амаль адразу, як у студзені 2022
года прыехаў у Польшчу. У сакавіку ўжо трэнаваў. Спачатку ў адным польскім
клубе, а з лістапада працую аўтаномна.
Залы «Волату» адкрыюцца ва ўсёй Польшчы
— Ці шмат беларусаў прыходзіць на трэнінгі?
— Я жыву цяпер у такім месцы, дзе беларусаў не вельмі шмат.
Калобжэг — невялікі горад, каля 50 тысяч насельніцтва. У лакальным чаце
беларускай дыяспары ўсяго 40 чалавек. Але так, у мяне займаюцца, па-першае,
шэсць атлетаў, якія пераехалі за мной з Беларусі, каб працягваць у мяне
трэнавацца. Па-другое, прыходзяць тыя, хто тут жыве. Але большасць пачаткоўцаў — украінцы.
Тыя, хто прыехаў за мной з Беларусі, — спартоўцы высокага
ўзроўню. Я б сказаў, узроўню нацыянальнай зборнай. Тут, у Польшчы, сярэдні
ўзровень каратэ ніжэйшы за беларускі. Дакладней, ніжэйшы за той узровень, які
быў некалькі гадоў таму. Цяпер там, як і ў астатніх відах спорту, дэградацыя.
Зыходжу з тых вынікаў, якія бачу са спаборніцтваў на тэрыторыі Беларусі: калі
да іх русакі прыязджаюць і іх бʼюць, то, вядома, ён не надта высокі. Але ў маю
бытнасць, скажам так, наш узровень быў вышэйшы за польскі. І той узровень, які
маюць мае выхаванцы цяпер, топавы для Польшчы. Мы ездзім на турніры ў Нямеччыну
і там паказваем добрыя вынікі. Уваходзім у топ камандаў гэтых турніраў, з
невялікай колькасцю атлетаў. І гэта выключна беларусы.
— Пад якім сцягам выступаеце на міжнародных спаборніцтвах?
— Цяпер пад эстонскім. Пад чырвона-зялёным мы, зразумела, не
хочам выступаць. Да таго ж Беларусь, як і Расея, маюць дыскваліфікацыю на
міжнароднай арэне. Мой клуб пакуль на стадыі рэгістрацыі. Таму выступаем за
Беларускі фонд спартовай салідарнасці, а ён зарэгістраваны ў Эстоніі і мае
дамову з федэрацыямі гэтай краіны.
— Клуб, які рэгіструеш, таксама будзе называцца «Волат»?
— Так, вядома, «Волат».
— Ці будзе ён мець залы ў Варшаве і іншых гарадах Польшчы?
— «Волат» будзе зарэгістраваны як юрыдычная асоба, я спадзяюся, ужо праз некалькі тыдняў. А залы — так, мы плануем адкрываць ва ўсёй Польшчы. Хочацца зрабіць «Волат» такім жа моцным рухам, якім ён быў у Беларусі. І нават мацнейшым. У Варшаве, я думаю, зала «Волату» адкрыецца ў верасні.
Трэба яшчэ знайсці памяшканне, зрабіць рамонт, закупіць інвентар.
![«На татамі — за намі Пагоня і нашыя продкі». Беларускі падлетак прывёз бронзу з чэмпіянату свету «На татамі — за намі Пагоня і нашыя продкі». Беларускі падлетак прывёз бронзу з чэмпіянату свету](/img/v1/images/pahon_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
«Яны рыхтуюць баевікоў у полк «Азоў»
— Распавядзі, якая была афіцыйная прычына ліквідацыі «Волату» на пачатку 2022 года.
— Афіцыйная прычына была такая ж, як ва ўсіх. Ішла хваля
ліквідацыяў розных грамадскіх абʼяднанняў з блізкімі ці нават аднолькавымі
фармулёўкамі. Але ў пазове да «Волату» і ў рашэнні суда зазначалася, што мы
нібыта абмяркоўвалі і рыхтавалі фізічную ліквідацыю суддзяў, пракурораў,
міліцыянтаў, сілавікоў. Не ведаю, ці такое было ў іншых, прынамсі пра такое не
чуў. Ну а афіцыйная прычына — удзел чальцоў клубу ў пратэстах, прыняцце
палітычных заяваў, затрыманні.
— Колькі разоў затрымлівалі цябе?
— Маю за 2020 год шэсць адміністратыўных пратаколаў.
— «Волату» ж закідалі і падрыхтоўку добраахвотнікаў ва
Украіну?
— Закідалі яшчэ да 2020 года. Сапраўды, некаторыя людзі,
якія займаліся ў клубе, паехалі ваяваць ва Украіну яшчэ ў 2014 годзе. І тэма
гэтая перыядычна ўсплывала: мяне цягалі ў ГУБАЗіК, супрацоўнікі прыходзілі да
дырэктараў школаў, дзе мы мелі залы, і «раілі» прыглядаць за намі.
Ну а потым, калі нас трэба было закрываць, камітэтчыкі зноў
выцягнулі гэтую тэму на паверхню. Гэта быў для іх такі аргумент, які мусіў
расставіць усе кропкі над «і».
Прыходзяць да дырэктара і кажуць: «Трэба выгнаць гэтых людзей». «А чаму іх трэба выгнаць?». «Яны рыхтуюць баевікоў у полк «Азоў». Так літаральна і казалі. Ужо ў «Азоў» менавіта. Уяві сабе, у школах з дзяцей 6–7 гадоў мы баевікоў рыхтавалі…
— Страшны аргумент. А як ты прыйшоў да Паспалітага рушэння?
— Там былі людзі, з якімі я супрацоўнічаў яшчэ ў Беларусі і
якіх добра ведаю. Калі быў у Варшаве, сустрэліся з кіраўніцтвам, паразмаўлялі.
Мне патлумачылі, што Паспалітае рушэнне мае быць не толькі парамілітарнай
арганізацыяй, але шырокім грамадскім рухам з рознымі сектарамі — культурніцкім,
спартовым і г. д. І задача яго — не толькі падрыхтоўка вызвольнага войска, але
згуртаванне беларускай нацыі. І гэта перагукаецца з маёй дзейнасцю. Маю вялікі
досвед арганізацыі спартовай і спартова-выхаваўчай працы, розных летнікаў,
спартовых імпрэзаў і спаборніцтваў. І скажам так: я гатовы супрацоўнічаць з
усімі, калі бачу, што праца ідзе на карысць Беларусі і беларускаму народу, што
яна набліжае вызваленне Беларусі, умацоўвае нацыю і народ. Гэта добра. Таму я
ўдзельнічаю ў гэтым.
— Ці можна сказаць, што праца спартовага крыла Паспалітага
рушэння ўжо пачалася?
— Ідуць перамовы, ідзе наладжванне кантактаў, стасункаў з
іншымі трэнерамі, якія выехалі з Беларусі і могуць быць карысныя ў гэтым руху.
І тут хачу троху разгалінаваць клуб «Волат» і Паспалітае рушэнне. Бо некаторыя
медыі напісалі, што вось «Волат» увайшоў у Паспалітае рушэнне. Не, гэта не так.
Клуб «Волат» — гэта «Волат». А Паспалітае рушэнне — гэта шырокі рух. Калі браць
глабальна, то мы будуем цяпер беларускую дзяржаву ў выгнанні. Маем свае сілавыя
структуры, спартовыя структуры і г. д. Умоўна кажучы, ролю Міністэрства спорту
цяпер выконвае Беларускі фонд спартовай салідарнасці. А спартовы сектар
Паспалітага рушэння — структура, якая займаецца развязваннем спартовых
праблемаў і задачаў дыяспары на зямлі, як кажуць.
Што праўда, цяпер гэтая праца робіцца на чыстым энтузіязме,
бо фінансавання не маем. І таму не так хутка ўсё адбываецца, як хацелася б. Да
таго ж і тут трэба неяк выжываць. У мяне цяпер 30 вучняў, пачаткоўцаў, і гэтага
недастаткова, каб утрымліваць сямʼю. Таму вымушаны падпрацоўваць, гэта таксама
адрывае ад беларускай справы.
![Фота з сацсетак Фота з сацсетак](/img/v1/images/352202868_583485490580169_8493403739788162119_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з сацсетак
Выхоўвае дачок-каратыстак
— Дзе падпрацоўваеш?
— Займаюся дастаўкай у «Glovo», на сваёй машыне. Мне такая
праца пасуе, бо сам вырашаеш, калі працаваць, а калі не. Калі на нейкае
спаборніцтва ці мерапрыемства трэба паехаць — няма праблемаў. Вось я ездзіў на
канферэнцыю ў Талін: адключаюся ад «Glovo» — і еду.
— Можа, больш практычна пераехаць у Варшаву ці іншы буйны
горад?
— Было б, напэўна, лягчэй, але так лёс склаўся, дзядзька,
што я ў Калабжэгу. І вельмі няпроста цяпер узяць і сарвацца ў Варшаву. І мая сямʼя,
і людзі, якія прыехалі за мной, мы ўжо завязаныя на вучобе, дамовах найму і
гэтак далей. Таму вось так. Але ў Калабжэгу ёсць свае плюсы. Гэта самы
экалагічны горад Польшчы. Да бліжэйшага заводу з трубой — 150 км. Яшчэ адзін
плюс — вельмі блізка Нямеччына. Да Берліну тры гадзіны не вельмі шпаркай язды.
А там шмат моцных турніраў, і ўзровень каратэ досыць высокі.
— Віталь, калі ўжо згадаў пра сямʼю, то пару словаў пра яе.
Як уладкаваліся?
— Маю жонку і трох дачок. Малодшанькая пайшла ў «зэрувку» і
пойдзе налета ў школу. Старэйшыя вучацца ў школе і займаюцца каратэ. Жонка
пакуль што ўдома з дзецьмі, мае дастаткова працы.
— Гадуеш дачок-каратыстак? Ці дапамагае каратэ адаптавацца ў
чужой прасторы і краіне?
— Не толькі каратэ. Скажам так, важна працягваць займацца
тым, чым займаўся раней. Калі казаць пра мяне, то ў Беларусі клуб быў адзін з
мацнейшых. Штогод ад трох да пяці чалавек з клубу траплялі ў зборную краіны. На двух
запар моладзевых чэмпіянатах свету, у 2017 і 2019 гадах, паказвалі найлепшы
вынік з усёй зборнай. Можна сказаць, цягам алімпійскага цыклу ў моладзевым
беларускім каратэ клуб «Волат» быў самы паспяховы. Пры гэтым — не атрымліваючы
ніводнай капейкі фінансавання ад дзяржавы.
А ўвогуле я цяпер працую з украінскімі і беларускімі
дзецьмі, і большасць з іх уцекачы. І вось 10-гадовая дзяўчынка з Харкава
ўспамінае, як ляжала падчас бамбавання на падлозе, закрыўшы галаву рукамі, і
малілася, каб расейская ракета не трапіла ў іхную кватэру, бо недзе побач ужо
заляцела. Ці беларускія дзеткі расказваюць, як на іх вачах бацькоў забіралі на
содні… Вядома, каратэ дапамагае абстрагавацца і троху адарвацца ад гэтага.
Трэба штосьці рабіць, чымсьці займацца.
І мы, людзі, якія ведалі адно аднаго ў «Волаце», таксама
змаглі працягнуць справу, захаваць кавалачак таго «Волату», які быў там.
Лягчэй, калі ты не адзін у чужой краіне, а побач — людзі з твайго мінулага
жыцця. Запрашаем адно аднаго на розныя святы ці проста паразмаўляць. Разумееш?
— Разумею, што «Волат» не знішчаны і жыве…
— Жыве вечна! (Смяецца.)
![«Арына Сабаленка хлусіць і хаваецца за чужымі спінамі» Журналістка, якая збянтэжыла Сабаленку пытаннем пра Лукашэнку: Яна хлусіць і хаваецца за чужымі спінамі](/img/v1/images/a5830298_0471_46d6_8579_15e444a9918f.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
«Рыхтуем чэмпіёнаў не толькі на татамі, але і ў жыцці»
— Ці маюць каратысты нейкі маральны кодэкс? Калі так, то якое галоўнае правіла ў ім?
— Слухай, людзі звонку ўспрымаюць нас як нейкую секту.
Насамрэч гэта залежыць ад кожнага клубу. Гэта не закрытая нейкая секта, такога
не было нават у сярэднявечнай Японіі. У кожнай школы свой кодэкс. «Волат»
таксама мае свае правілы. Але гэта не нейкі пісаны «кодэкс волатаўца» — гэта
звод негалосных правілаў. Першае — нацыянальны грунт: мы беларускі клуб, і
ўсведамляем сябе адзінкамі сваёй нацыі. Калі ты выходзіш на татамі, нават калі
пад эстонскім сцягам, ты рэпрэзентуеш Беларусь і свой народ. І павінен гэта
рабіць годна. Другая рэч — татальны здаровы лад жыцця. Пад забаронаю любыя
стымулятары, тытунь, алкаголь і г. д. Далей — стаўленне да працы і ўвогуле да
спорту. Калі штосьці робім, павінны рабіць гэта з павагаю да сваёй справы. Не
на паўнагі. Калі трэнаванне – адпрацоўваем на 150 %.
Я вучу дзяцей аналізаваць свае баі. Кожны атлет вядзе
дзённік, аналізуе, адзначае памылкі і поспехі. Тым самым ён вучыцца ставіць
сабе стратэгічныя мэты і шукаць шляхі да іх рэалізацыі. Калі чалавек
прызвычаіўся да дысцыпліны, мае план дзеянняў, умее аналізаваць памылкі — ён
будзе паспяховы ў любой сферы жыцця. Карацей кажучы, ёсць такі лозунг у
«Волаце»: рыхтуем чэмпіёнаў не толькі на татамі, але і ў жыцці. Вось так.
— Рыхтуеш, магчыма, ужо і алімпійскага чэмпіёна, бо каратэ ж
стала алімпійскім відам?
— Ну, спорт — гэта палітыка. Спорту па-за палітыкай насамрэч
няма. Гэта лукашысты кажуць, калі іх прышчучаць недзе, што спорт па-за
палітыкай. Так, каратэ зайшло на Алімпіяду-2020 у Токіа, якая насамрэч адбылася
ў 2021 годзе. І каратэ там прайшло досыць удала. Каратэ наагул досыць развіты
від спорту, налічвае каля 200 нацыянальных федэрацыяў. Разумееш, які ўзровень
канкурэнцыі? І калі б гаворка ішла толькі пра спартовы складнік, каратэ было б
ужо даўно ў алімпійскай праграме. Але праз нейкія карупцыйныя схемы яго
выкінулі, і ў 2024 годзе ў Парыжы каратэ не будзе. Брэйк-данс і скейтборд
будуць замест каратэ і. Гэта, я лічу, трошкі не пра спорт. Але мяркую, што
каратэ, рана ці позна, вернецца ў алімпійскую праграму.
![Фота з сацсетак Фота з сацсетак](/img/v1/images/14_90.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з сацсетак
«Асоба, якая прызвычаілася прыстасоўвацца, не можа выхаваць
чэмпіёна»
— Беларусь мае перспектывы займець алімпійскага чэмпіёна ў каратэ?
— Беларусь мае перспектывы, калі яна стане вольнай і пройдуць працэсы дэмакратызацыі ва ўсіх галінах, у тым ліку ў спорце. Тады, ведаеш… А ўвогуле мяне здзіўляюць такія пытанні. Таму што беларус — ён нічым не горшы за італьянца, француза ці там японца. Беларусы могуць усё, што яны захочуць. Могуць быць алімпійскімі чэмпіёнамі ў любых відах спорту.
Справа ў тым, што тыя вынікі, якія былі ў каратэ, — я пра
самае блізкае для сябе кажу — былі не дзякуючы дзяржаве, а насуперак. Дзякуючы
энтузіязму і працы людзей. Вось на апошнюю канферэнцыю беларускай федэрацыі
каратэ прыязджаў міністр спорту Кавальчук і казаў, што такіх умоваў для спорту,
як у Беларусі, няма нідзе ў свеце. З сурʼёзным выглядам казаў. Гэта лухта, вядома.
Беларусы могуць усё, але тыя, хто засталіся ў краіне, праз дыскваліфікацыю не
маюць магчымасці выступаць цяпер на турнірах высокага рангу.
А спорт як вайна: каб армія была баяздольная, яна павінна
ваяваць. Калі ты адно трэнуешся і не выступаеш на спаборніцтвах — не зможаш
быць на высокім узроўні. Адбываецца дэградацыя. І яна будзе працягвацца, пакуль
Беларусь не зробіцца вольнай і людзям не дадуць спакойна працаваць. Ну а цяпер
там канцлагер. Дагэтуль працягваюць звальняць людзей, калі высвятляецца, што
чалавек падпісваўся за Бабарыку. Хоць усе наймацнейшыя ўжо за межамі краіны.
Дык сістэма пачынае цяпер жэрці сваіх адэптаў.
І я думаю, ва ўсіх відах спорту, і ў каратэ тым больш, бо
гэта адзінаборства, такая асоба, якая прызвычаілася прыстасоўвацца, не
выказваць сваёй пазіцыі, маўчаць, — такая асоба не можа выхаваць чэмпіёна.
Асобу моцнага характару можа выхаваць толькі асоба моцнага характару.
— Згода. Ведаем, што маеш моцны характар. А які маеш пояс?
— Чорны. Але гэта ў сучасным каратэ ўжо не так важна. Трэба
глядзець на вынікі. Ёсць людзі ўвогуле без паясоў, якія ніколі на іх не
здавалі, але яны прызёры алімпіяды. Напрыклад, украінец Станіслаў Гаруна.
У сучасным каратэ гэта, ведаеш, збольшага камерцыя. Плаціш
грошы і здаеш на пояс. Экзамен на першы дан каштуе прыкладна 200 долараў. На
кожны наступны яшчэ плюс сто. Каб здаць на пяты, мусіш заплаціць 700 долараў.
Ну вось так. Таму я вельмі расчараваўся ў гэтай сістэме.
У свой час не хацеў здаваць еўрапейцам на пояс. Чакаў
японца, і вельмі доўга хадзіў з карычневым поясам. У маёй галаве «чорны пояс» — вельмі высокі ўзровень. І калі я бачыў дзяцей з чорнымі паясамі, якія не маглі
нагу ўзняць вышэй за пояс, мяне гэта дужа бянтэжыла. І я дачакаўся, калі ў
Беларусь прыедзе японец. Прыйшоў на экзамен і вельмі расчараваўся. Таму што ў
маім разуменні экзамен на чорны пояс павінен быць вельмі цяжкі, а я здаў на
адной назе. І калі пайшлі баі ў канцы на голых кулаках, і я біўся з людзьмі,
якія здавалі на трэці і чацвёрты даны, а паядынак сканчаўся секунд праз 10–15
на маю карысць, то што тут казаць. Таму была такая незадаволенасць. І з таго
дня я на паясы больш не здаваў.
Трэба глядзець не на пояс, а на ўзровень чалавека. Калі ён
атлет — на ягоны спартовы ўзровень. Калі трэнер — на ўзровень ягоных вучняў і
як праводзіць трэнаванне, як тлумачыць. Астатняе — бутафорыя.
— О так, бутафорыя не для беларускага «Волату». Як
развітваюцца каратысты?
— Беларускі каратыст кажа: «Бывайце! Жыве Беларусь!»
(Смяецца.)
— Жыве вечна! І дзякую за размову.
![Аляксандра Герасіменя пра ад'езд Уладзіслава Ганчарова ў ЗША «Чорнае не стане белым». Аляксандра Герасіменя — пра ад'езд батутыста Ганчарова ў ЗША](/img/v1/images/f390c184e8783b997a1cb4d46a1c4c28.jpeg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Спартовы клуб «Волат» быў афіцыйна зарэгістраваны ў
Беларусі ў 2012 годзе, але вядзе гісторыю з 2005-га. На момант ліквідацыі клубу
ў 2021 годзе ў ягоных залах займалася каля паўтысячы чалавек самага рознага
веку. Віталь Рак — найстарэйшы трэнер і заснавальнік «Волата». Падрыхтаваў шмат
якіх чэмпіёнаў Беларусі і прызёраў чэмпіянатаў свету, іншых міжнародных
спаборніцтваў у каратэ, ушу-саньда, панкратыёне. «Волат» быў ліквідаваны з
ініцыятывы Міністэрства юстыцыі на пачатку 2022 года.