«Розніца ў коштах — касмічная». Што беларусы купілі на першы заробак у Польшчы

Манікюр, заплечнік і паездка ў Прагу. MOST даведаўся, што беларусы купілі на свой першы заробак у Польшчы і якая пакупка была самай дарагой.

Фота blackbee.odessa.ua

Фота blackbee.odessa.ua

Манікюр, кава і цацанкі

Беларуска Эльвіра Каралёва з першага заробку ў Польшчы зрабіла сабе манікюр. Пасля пераезду ў новую краіну яна старалася не купляць нават кавы на вынас, каб зразумець, колькі будзе каштаваць жыццё ў новай краіне.

— Хай гэта не выглядае так, быццам манікюр — гэта для мня нейкае такое марнатраўства. Я ў Беларусі абсалютна спакойна рабіла, але, калі прыязджаеш у новую краіну, нават тыя рэчы, якія ты прывык рабіць, усё роўна на іх эканоміш і абмяжоўваеш сябе, каб зразумець наогул, што ты можаш сабе дазволіць. Напрыклад, калі я прыехала, нават старалася нейкай кавы на вынас не купляць. Калі адчула, што магу сабе дазволіць, што не магу, я ўжо стала спакайней і каву купляць, і манікюр рабіць. Я б сказала, што па прыездзе ў новую краіну з першага заробку траціш грошы на самае патрэбнае. Але манікюр, кава і цацанкі — мне гэта запомнілася. Былі і больш істотныя пакупкі, але на кантрасце я запомніла больш за ўсё гэтыя маленькія радасці.

Пра самыя дарагія пакупкі беларуска распавядаць не любіць, таму што гэта ўсё не так запамінаецца і не так каштоўна для яе, як пакупкі на шляху росту.

— Канчатковы пункт не такі цікавы, як шлях да яго. Запамінаюцца маленькія перамогі звычайна. Тым больш калі ў сваёй краіне ты валодаў многім, а, пераехаўшы ў новую, адчуваеш новыя магчымасці. Раней звыклыя для цябе рэчы ўспрымаюцца вастрэй, як нейкія дасягненні.

Марнай пакупкай з апошніх у Польшчы Эльвіра лічыць абанемент у спартыўную залу на паўгода. Беларусцы падалося, што гэта будзе яе стымуляваць, але аказалася, што не. Не дапамагло і тое, што кожны месяц спартыўная зала спісвала з яе грошы за абанемент.

— Я спярша хадзіла актыўна, а цяпер заленавалася і наогул не хочацца. І, атрымліваецца, гэтыя грошы сышлі дарэмна. У мяне на паўгода дагавор, і я думала, ён сам скончыцца, а ён, аказваецца, аўтаматычна падаўжаецца.

«Аўдыятэхніка — заўсёды дарагое задавальненне»

Беларус Максім з першага заробку ў Польшчы купіў сабе паесці і адзенне, бо менавіта гэта было адзінай неабходнасцю пасля пераезду.

Самай дарагой рэччу, якую Максім набыў у Беларусі, быў мабільны тэлефон. З самых дарагіх пакупак у Польшчы — стэрэакамплект і вінілавы прайгравальнік, які каштаваў каля чатырох тысяч злотых (1 долар у Польшчы каштуе каля 4,14 злотага).

— Параўноўваў кошты з беларускімі: там было нешта касмічнае — блізу пяці тысяч рублёў. Дома проста не было магчымасці набыць такую тэхніку, а аўдыятэхніка — заўсёды дарагое задавальненне, тут гэта нашмат больш даступна.

У жыцці беларуса не было пакупак, пра якія ён шкадуе.

«Купілі ўражанні»

Выданне пацікавілася ў сацыяльных сетках у беларусаў, што яны купілі на свой першы заробак у Польшчы і якая пакупка была самай дарагой. Вось што пішуць людзі:

«На першы заробак у Польшчы мы купілі ўражанні. Паехалі з Гданьска ў Хель»;

«Заплечнік на 120 літраў за 350 злотых. Патрэбная рэч, калі шмоткі туды-сюды цягаць. Ды і на выходныя калі куды выйсці — усё, што трэба, змяшчаецца ў яго са свістам»;

«Арэнда кватэры плюс каўцыя (задатак, які бярэ ўладальнік арэнднага жылля пры засяленні жыльцоў. — «НЧ».);

«Я паслала ў Беларусь разлічыцца за першапачатковы ўзнос за кааператыў. Нармальны быў заробак. Вось гэта і было самым дарагім. Кватэра. У РБ. У Польшчы я шмат усяго купляла. Але самае дарагое — гэта арэнда маленькай кватэркі, якую мы здымалі з сынам, ну і яшчэ рэабілітацыя ў цэнтры «Нейрон». Дорага, вядома. Але эфектыўна»;

«Памятаю, з першага заробку ў 2019 годзе Mi band 4 купіла, год, праўда, не насіла пасля гэтага»;

«Мы з мужам, тады хлопцам, на першыя польскія заробкі паехалі ў Прагу. Самай дарагой пакупкай у Польшчы стала кватэра, а ў Беларусі — куртка беларускага дызайнера, на той момант каштавала 300 долараў»;

«Я заплаціла частку доўгу, таму што з'язджала тэрмінова і ў доўг»;

«На першую сваю з/п купіла бегавы гадзіннік Garmin за 1350 злотых. У Беларусі я яго сабе дазволіць не магла, бо гэта вельмі дорага было»;

«Самая дарагая рэч у Польшчы — ноўтбук за 3100 злотых, у РБ — смартфон за 200 долараў, на які збірала паўгода»;

«Самая дарагая пакупка ў Польшчы — курс па менеджменце ў ІТ. У Беларусі — мэбля».