«У Беларусі я сам аказваў дапамогу, а тут збіраю бутэлькі». Гісторыі беларусаў, якія папрасілі прытулку ў Германіі

З 2020 года розныя грамадскія і палітычныя актывісты і актывісткі былі вымушаныя бегчы з Беларусі, ратуючыся ад пераследу. Суседнія краіны аказалі ўсю магчымую дапамогу для соцень тысяч беларусаў. А вось далей на захад уцякаць ужо складаней.

Беларусам у Германіі не так лёгка атрымаць прытулак, як у Літве ці Польшчы. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларусам у Германіі не так лёгка атрымаць прытулак, як у Літве ці Польшчы. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Таццяна Махрова ў 2020 годзе была актывісткай страйкаму «Беларуськалія». Праз пагрозу арышту яна ўцякла з сям'ёй у Германію, дзе больш за два гады чакала рашэння аб атрыманні прытулку.

Станіслава Цыбінскага збілі падчас пратэстаў у жніўні 2020 года. Ён з'ехаў ад пераследу ў Расію, потым ва Украіну, затым у Германію, дзе атрымаў адмову ў прытулку, паколькі яго гісторыя падалася германскім чыноўнікам непраўдападобнай.

Карэспандэнтка «Настоящего времени» паразмаўляла з гэтымі людзьмі, а таксама з праваабаронцамі і палітыкамі, якія ім дапамагаюць, пра цяжкасці легалізацыі беларусаў у Германіі.

«Частка актывістаў, якія дапамагалі страйкаму, селі ў турму». Гісторыя Таццяны

Таццяна Махрова дзевяць гадоў адпрацавала электраманцёрам на «Беларуськаліі» ў Салігорску, яе муж больш за 17 гадоў працаваў у шахце. Увосень 2020 года абодва далучыліся да страйку, «каб сваімі падаткамі не падтрымліваць рэжым». Іх, як і іншых страйкамаўцаў, звольнілі «за прагул». За звальненнем рушылі ўслед пагрозы ад супрацоўнікаў КДБ: «Ветліва, але празрыста мне намякалі, што нашай "антыграмадскай дзейнасцю" мы нічога не даможамся, а вось нашы дзеці могуць пацярпець. Бо мы ж абое беспрацоўныя, а гэта азначае "сацыяльна небяспечнае становішча"», – расказвае Таццяна. Тады сям'я вырашыла пакінуць Беларусь, у студзені 2021 года яны апынуліся ў Германіі. У лютым прайшлі інтэрв'ю для атрымання прытулку.

«Тады ішлі актыўныя затрыманні членаў страйкама, я звярнула ўвагу, што нам пагражае тое самае. На гэты момант, наколькі я ведаю, 90% страйкамаўцаў вымушана з'ехалі з Беларусі, частка актывістаў, якія дапамагалі страйкаму, селі ў турму на некалькі гадоў», — расказвае Таццяна.

Сям'я спадзявалася хутка легалізавацца, але ў выніку правяла больш за два гады ў статусе просьбітаў прытулку.

«Адсутнасць афіцыйнага статусу цягне за сабой вялікія абмежаванні, — гаворыць Таццяна Махрова. — Мы можам жыць толькі ў месцы для бежанцаў. Гэта інтэрнат калідорнага тыпу, з агульным санвузлом і кухняй на паверсе. У нас на чацвярых адзін пакой. У нашым інтэрнаце 99% — выхадцы з мусульманскіх краін, яны лічаць Германію сваім домам, а нас тут — чужымі, і не саромеючыся пра гэта нам кажуць. Эмацыйная атмасфера цяжкая. Пераехаць вельмі складана. Працадаўцы, гатовыя прапанаваць добрыя заробкі, не хочуць браць на працу людзей, чыя будучыня такая няпэўная, а заробкаў на некваліфікаванай працы не хопіць, каб здымаць жыллё».

Інтэграцыйныя курсы для беларусаў, якія чакаюць статусу, былі недаступныя, таму Таццяна вучыла нямецкую ў валанцёраў або за свой кошт. Толькі са студзеня 2023 года беларусы атрымалі права наведваць гэтыя курсы дзякуючы зменам у германскім заканадаўстве.


Да лістапада 2022-га Таццяна атрымала ў Германіі пацверджанне свайго дыплома інжынера, з тых часоў яна разаслала больш за сотню рэзюмэ ў розныя кампаніі:

«Я шукала не толькі працу, але і магчымасць атрымаць новую адукацыю. Маё хобі — праграмаванне, я хацела развівацца ў гэтай сферы. На сто рэзюмэ я атрымала пяць адказаў — і ні аднаго станоўчага рашэння».

Праз адсутнасць статусу сям'я не можа нікуды выехаць, кажа Таццяна: «Па законе мы можам пакідаць наш інтэрнат толькі на 72 гадзіны. У нас шмат сяброў цяпер у Польшчы, але мы не можам іх наведаць. Я мару ўбачыць родных. Але без статусу не магу выслаць ім запрашэнне ў Германію».

Таццяне вядомыя выпадкі, калі людзі падавалі дакументы на атрыманне прытулку ў 2022 годзе і атрымлівалі станоўчы адказ літаральна праз некалькі месяцаў. Чаму сістэма так павольна працуе ў яе выпадку, Таццяна не разумее. 

(На момант напісання артыкула стала вядома, што сям'я Махровых атрымала станоўчы адказ аб прадастаўленні прытулку).

«Па Беларусі няма вялікага досведу»

«Германскія законы ў галіне міграцыі і інтэграцыі састарэлі і патрабуюць рэформ», — мяркуюць прадстаўнікі «RAZAM e.V.». Гэтая арганізацыя была створаная беларусамі Германіі ў 2020 годзе для дапамогі суайчыннікам.

«Доўгае прыняцце рашэнняў падчас падачы на прытулак звязана са складанай шматступеннай сістэмай BAMF (Федэральнае ведамства па справах міграцыі і бежанцаў): праверка дакументаў, пераклад доказаў, запыт у аддзелы, якія займаюцца аналізам краіны, што займае шмат часу, а рэсурсаў недастаткова. Таксама па Беларусі няма вялікага досведу ў апрацоўцы выпадкаў, праз невялікі паток беларусаў BAMF не складае Leitsätze (прадпісанне па апрацоўцы спраў), і ў выніку кожная справа разглядаецца індывідуальна. Магчыма, паскорыць працэдуру ў дачыненні да беларусаў магла б большая колькасць публікацый на нямецкай або англійскай мовах пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Таксама можна падаць пазоў у суд на BAMF за бяздзейнасць, каб паскорыць працэс апрацоўкі заяўкі. Але гэта не агульнае рашэнне для ўсіх. Тут неабходныя сістэмныя змены», — лічаць у арганізацыі.


«У Беларусі сам аказваў дапамогу, а тут збіраю бутэлькі». Гісторыя Станіслава

У Станіслава Цыбінскага з Гродна складаная гісторыя. Ён адседзеў 15 гадоў за забойства, якое здзейсніў, калі яму было 18 гадоў: збіў гвалтаўніка сваёй дзяўчыны, які пазней памёр, — расказвае Станіслаў журналістам. Пасля вызвалення арганізаваў фонд дапамогі былым зняволеным, стаў медыйнай персонай. Быў актывістам праваабарончай арганізацыі «ТаймАкт», працаваў афіцыянтам у рэстаранах Гродна. Летам 2020-га Станіслаў уладкаваўся на працу адміністратарам у Мінску. Паводле слоў Цыбінскага, 10 жніўня ён удзельнічаў у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў, за што быў збіты, а потым звольнены з працы. Яго аповед пра жорсткае збіццё сілавікамі зафіксаваў міжнародны медыяпраект «Август2020», а таксама Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў. У Станіслава ёсць дакументы, якія пацвярджаюць факт збіцця і траўм, а таксама накіраванне на судова-медыцынскую экспертызу ў рамках крымінальнай справы па яго заявах у міліцыю.

Акрамя гэтага, расказвае Станіслаў Цыбінскі, вясной 2021 года да яго прыходзілі з ператрусамі — яго нібыта хацелі абвінаваціць у тым, што ён з іншымі былымі зняволенымі меў намер зрынаць рэжым:

«Пасля таго, як я апублікаваў у СМІ інфармацыю пра ператрусы, супрацоўнікі міліцыі моцна збілі мяне недалёка ад майго інтэрната, зацягнуўшы ў бус. Я страціў прытомнасць і ачуняў ужо ў бальніцы. Усё цела балела. Медсястра сказала мне, што тэлефанавалі з міліцыі і прасілі паведаміць, калі я апрытомнею. Я не стаў спакушаць лёс і проста ўцёк з лякарні праз акно ў прыбіральні. Купіў у аптэцы моцнае болеспатольнае і так трымаўся. Заставацца ў Беларусі стала небяспечна, яны маглі прыпісаць мне любы артыкул, таму 15 сакавіка я з'ехаў у Расію, апынуўся ў Маскве. А 19 сакавіка мне стала дрэнна, я трапіў у рэанімацыю НДІ ім. Скліфасоўскага. Аказалася, што падчас апошняга збіцця мне зламалі два рэбры, было праколатае лёгкае. Мне зрабілі аперацыі па адпампоўванні крыві з лёгкага, месяц я лячыўся і вяртаўся ў прытомнасць (у Станіслава ёсць медыцынскія дакументы, што пацвярджаюць наяўнасць траўмы.  — Заўв. рэд.). Паколькі ў мяне не было страхоўкі, лячэнне і рэабілітацыя абышліся ў 380 тысяч [рублёў]. Мае былыя падапечныя, якім я дапамагаў, скінуліся і дапамаглі аплаціць рахунак. Я вырашыў застацца ў РФ, падзарабіць, каб аддаць доўг. Уладкаваўся на працу поварам у маскоўскі рэстаран. Неяк прачытаў, што ФСБ сталі затрымліваць беларусаў і тыя потым аказваліся ў ізалятары на Акрэсціна. Я вырашыў з'ехаць ва Украіну, таму што туды не патрэбная была віза і Украіна не экстрадавала беларусаў».


«Ва Украіну я трапіў 25 снежня 2021 года. Хутка знайшоў працу ў рэстаране. Але пачалася вайна, — працягвае Станіслаў. — Недалёка ад рэстарацыі былі блокпасты, і я карміў вайскоўцаў УСУ. Але працадаўца стаў намякаць, што рэстаран хутка не будзе працаваць, я разумеў, што вайна будзе зацяжной і я наўрад ці змагу знайсці тут іншую працу. Прыехаў у Варшаву, а потым мне мой былы падапечны, які жыве ў Германіі, прапанаваў прыехаць да яго. Так 11 сакавіка я апынуўся ў Германіі — па штампе ў пашпарце, што заязджаю з Украіны».

У Германіі Станіслаў папрасіў прытулку. Але летам 2022 года атрымаў адмову ад BAMF. Паводле слоў Станіслава, як ён зразумеў, прычына адмовы — судзімасць. Аднак з тэксту дакумента (ёсць у распараджэнні рэдакцыі «Настоящего времени») вынікае, што яму адмовілі, таму што яго гісторыя падалася супрацоўнікам арганізацыі «непраўдападобнай». У прыватнасці, чыноўнікаў збянтэжыла тое, што Станіслаў змог з пашкоджанымі рэбрамі ўцячы праз акно з лякарні, а таксама тое, што ён паехаў у Расію, хоць гэтая краіна экстрадуе грамадзян Беларусі. Блытаніну з прычынамі адмовы Станіслаў тлумачыць тым, што не валодае нямецкай. Атрымаўшы першую адмову, ён звярнуўся па дапамогу да «RAZAM e. V.».

«RAZAM нанялі мне адваката, але я не магу наўпрост мець зносіны з ім. Я ўсю інфармацыю аддаю ў арганізацыю, яна — адвакату, і наадварот».

Паводле слоў Станіслава, адвакат абскардзіў адмову ў прытулку яшчэ летам 2022 года, але суду па гэтай справе пакуль не было.

Станіслаў жыве ў інтэрнаце для ўцекачоў у горадзе Рот, і ў яго ўсё тыя ж абмежаванні, што і ў іншых людзей, якія чакаюць прытулку. Ён кажа, што пры падачы дакументаў на прытулак у яго канфіскавалі пашпарт, пасведчанне кіроўцы і банкаўскую карту, што таксама стварае праблемы. Канфіскацыя дакументаў да суду —звычайная працэдура. У якасці пасведчання асобы чалавек у гэты час можа выкарыстоўваць дакумент аб статусе суіскальніка прытулку.

«Я цэлы год дамагаюся дазволу на працу, але мне не даюць. Праз год пражывання я дамогся дазволу толькі на інтэграцыйныя моўныя курсы, таму што я валанцёр у дзвюх арганізацыях, якія аказваюць дапамогу Украіне. Яшчэ пазнаёміўся з яўрэйскай дыяспарай і дапамагаў ім грузіць спецыялізаваныя ложкі. На адно такое мерапрыемства прыехаў мэр горада, я набраўся смеласці і праз перакладчыка папрасіў яго паспрыяць, каб я мог вучыцца на інтэграцыйных курсах, таму што як валанцёру мне патрэбная нямецкая мова. Дзякуючы яго дапамозе ў якасці выключэння мне далі гэтую магчымасць».

Станіслаў жыве на дапамогу ў 330 еўра.

«Сорамна сказаць: у Беларусі я сам аказваў дапамогу, а тут збіраю бутэлькі, таму што на харчаванне, прадметы гігіены не хапае. 115 еўра — праязны, 30 еўра — Інтэрнэт. У мяне праблема — я палю, таму 150 еўра сыходзяць на тытунь. Астатнія застаюцца на харчаванне».

Прадстаўнікі «RAZAM e. V.» тлумачаць, чаму адказ на прашэнне аб прытулку можа быць негатыўным: «Напрыклад, калі ў інтэрв'ю былі супярэчнасці. Або факт пераследу яшчэ не адбыўся, а толькі ёсць страх пераследу ці няма доказаў гэтаму».

Але гэта не значыць, што суіскальніка прытулку адразу дэпартуюць у Беларусь, дадаюць у «RAZAM e.V.»: «Рашэнне BAMF можна абскардзіць у судзе. Суд яшчэ раз дэталёва правярае абставіны справы, тут можна растлумачыць усе супярэчнасці, якія ўзніклі падчас сумоўя».

Супрацоўнікі арганізацыі раяць перад сумоўем звяртацца па кансультацыі. Кажуць, што нават пасля сумоўя папрасіць парады яшчэ не позна: «Нават калі сумоўе ўжо адбылося, але рашэння яшчэ не было, можна даслаць новыя прычыны або доказы. Па кансультацыю можна звярнуцца да нас. Таксама інфармацыю пра легалізацыю для беларусаў у Германіі можна знайсці ў нашым тэлеграм-канале».

Іншыя гісторыі беларусаў у Германіі чытайце на сайце «Настоящего времени».