Беларуса-валанцёра Станіслава Цыбінскага збілі ў лагеры для ўцекачоў у Германіі
Беларускага актывіста Станіслава Цыбінскага збілі ў лагеры для ўцекачоў у нямецкім горадзе Ансбаху. Стас патэлефанаваў журналістам «Еўр*радыё» з лякарні і расказаў, што падставай для канфлікту стала яго даўняе інтэрв'ю выданню.

Станіслаў Цыбінскі. Фота A*gust 2020
«У цябе твар знаёмы. Дзе я цябе бачыў?»
Станіслаў Цыбінскі з'ехаў з Украіны ў канцы лютага гэтага года. З тых часоў ён спрабуе легалізавацца ў Еўропе і даказаць нямецкім чыноўнікам, што мае права на статус палітычнага ўцекача.
За гэтыя паўгода Стас жыў у некалькіх лагерах для ўцекачоў. У кожным з іх спрабаваў наладзіць адносіны з суседзямі па пакоі. Новым знаёмым звычайна расказваў, што ў Беларусі дапамагаў былым зняволеным вяртацца да нармальнага жыцця. Што ў Кіеве ў першыя дні вайны гатаваў абеды для вайскоўцаў на блокпастах. Звычайна чуў у адказ — «Малайчына! Пойдзем пакурым».
Але ў лагеры ў Ансбаху, куды Стаса перавялі днямі, трывіяльны расказ пра сябе скончыўся збіццём. Калі Цыбінскі зайшоў у свой новы часовы дом, у пакоі ўжо было трое суседзяў.

Станіслаў Цыбінскі. Фота A*gust 2020
— Адзін мне і кажа: нешта ў цябе твар знаёмы. Недзе я цябе бачыў. Я расказаў яму пра сябе. Расказаў, што беларус, што хадзіў на мірныя пратэсты, што з'ехаў у Расію, а калі там мною зацікавілася ФСБ, пераехаў у Кіеў.
Тады незнаёмцы спыталі, дзе Стас працаваў у Кіеве. Цыбінскі пераказаў гісторыю, пра якую паўгода таму пісала Еўрарадыё: беларус некалькі дзён гатаваў абеды для вайскоўцаў на блокпастах.
— Яны кажуць: «А, дык гэта пра цябе пісалі! Гэта ты Бандэру карміў!» Я нават не адразу зразумеў, пра што гаворка. Кажу: «Карміў вайскоўцаў, яны стаялі на блокпастах, мне іх было проста шкада. Яны ж там стаялі на холадзе, на марозе».
І толькі я гэта сказаў, як гэты чалавек пачаў крычаць на мяне апошнімі словамі. І тут ён падбягае да мяне і дае ў вока. А за ім — другі. Ён валіць мяне на падлогу і пачынае мясіць нагамі.
Я мог даць адпор. Але разумеў: калі палезу ў бойку, будуць праблемы з законам. Вырашыў, што трэба проста згрупавацца і трымаць абарону, прыкрываць галаву, каб атрымаць менш траўмаў. І пачаў апантана крычаць, прасіць дапамогі.
Стас кажа, што ўсё доўжылася каля сямі хвілін. А потым у пакой убеглі ахоўнікі і адцягнулі ад яго нападнікаў.
— Потым я страціў прытомнасць. Ачуваюся — а нада мной паліцыя. Свецяць мне ліхтарыкам у вочы.
Стас падпісаў заяву на завядзенне крымінальнай справы за прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Справу завялі — яе накіруюць у Вярхоўны суд.

«Яны па-ранейшаму будуць жыць са мной на адным паверсе»
Кім былі людзі, якія напалі на яго, Стас дагэтуль не ведае. Адразу пасля таго, як ён выпісаўся з лякарні, звярнуўся ў паліцыю. Там сказалі, што ўсе падрабязнасці ён зможа высветліць толькі праз адваката — яго для Стаса знайшла арганізацыя беларусаў у Германіі Razam.
Днямі Стаса выпісалі з лякарні. За гэтыя дні яму правялі тры працэдуры МРТ. Прапісалі некалькі медпрэпаратаў — купляць іх давядзецца за свой кошт. Паколькі Цыбінскаму адмовілі ў статусе ўцекача, медстрахоўкі, якая пакрыла б лекі, у яго няма. Грошай — таксама.

Пасля выпіскі Стас
павінен быў вярнуцца ў лагер для ўцекачоў, але правёў ноч у неабыякавых да яго
лёсу беларусаў. Таму што тыя людзі, што напалі на яго, усё яшчэ жывуць у тым
самым лагеры.
— Наколькі я ведаю, крымінальную справу супраць іх пачалі, але адпусцілі гэтых людзей пад хатні арышт. А гэта значыць, што яны па-ранейшаму будуць жыць у гэтым лагеры на адным паверсе са мной.
На тыдзень Стаса запрасіла пажыць да сябе беларуская сям'я, а тым часам валанцёры паспрабуюць вырашыць пытанне з яго пераездам у іншы лагер.