Хронікі рэпрэсій за 12 чэрвеня

Папаўненне «спіса экстрэмістаў» і чарговыя масавыя затрыманні — галоўныя навіны сённяшняга дня.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


***

У Віцебску сілавікі затрымалі шэсць чалавек. Відэа з імі апублікаваў праўладны тэлеграм-канал. Сілавікі сцвярджаюць, што мясцовых жыхароў затрымалі з-за каментароў у сацсетках і падпісак на «экстрэмісцкія» рэсурсы.

На відэа адна з затрыманых кажа, што выкарыстала на працоўным месцы кружку з эмблемай «Пагоні» і надпісам «Жыве Беларусь», праз што яе затрымалі.

***

У Светлагорску сілавікі схапілі супрацоўнікоў тэлеканала «Ранак». Праваабаронцы паведамляюць, што затрыманнем кіраваў гомельскі ГУБАЗіК, затрыманых судзілі паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Затрыманне прайшло нібыта за падпіскі на суполку «Светлік Светлагорск» у «Аднакласніках» (не ўнесеная ў спіс «экстрэмісцкіх»). Але сапраўднай прычынай для затрымання мог стаць сюжэт пра выбух на Светлагорскім ЦКК, у якім загінулі тры чалавекі. Кіраўніка тэлеканала выклікалі ў райвыканкам.

***

У Расіі затрыманы бацька Уладзіслава Лагуценкі, якога нядаўна асудзілі. Мужчыну абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах у Мінску ў 2020 годзе.

30 мая яго сын Уладзіслаў Лагуценка быў прысуджаны Круглянскім раённым судом да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ па арт.342 Крымінальнага кодэкса. Разам з ім па гэтай крымінальнай справе праходзілі яшчэ два чалавекі — Аліна Хорава і Аляксей Цыганоў.

***

У Брэсце сілавікі схапілі мужчыну, якога абвінавацілі ў «пікетаванні татуіроўкай» на рынку — нібыта мужчына на рэчавым рынку пікетаваў і «адкрыта дэманстраваў неабмежаванай колькасці асоб» каляровую татуіроўку з выявай герба «Пагоня» на назе. За гэта брэстаўчаніна аштрафавалі на 30 базавых.

***

МУС прызнала «Зеркало» «экстрэмісцкім фарміраваннем». Рашэнне было прынята 9 чэрвеня, а ў адпаведным спісе інфармацыя з'явілася 12 чэрвеня. У пералік увайшлі сайт «Зеркала», усе сацсеткі, а таксама лагатып «у выглядзе фармалізаванай выявы белага голуба, які трымае галінку, на чырвоным фоне».

Як напісаў набліжаны да ГУБАЗіКа тэлеграм-канал, група грамадзян, аб'яднаных пад назвай «Зеркало», прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем» за «публічныя заклікі да санкцый, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб, арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы да здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь».

Цяпер у пераліку «экстрэмісцкіх фарміраванняў» ужо 135 пазіцый.

***

24 міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна спыніць практыку жорсткага абыходжання з Марыяй Калеснікавай і ўсімі іншымі палітычнымі зняволенымі. Адпаведную заяву апублікавалі на сайце «Human Rights Watch».

***

У «спіс экстрэмістаў» дадаліся яшчэ 11 прозвішчаў. 9 чэрвеня МУС правяло традыцыйнае абнаўленне «спіса грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Туды дадалося яшчэ 11 чалавек, сярод іх — экс-журналіст «прэзідэнцкага пула» Дзмітрый Семчанка, а таксама асуджаны на год турмы за рэпост публікацыі з выявай надмагілля Лукашэнкі грамадзянін Расіі Аляксандр Хомчанка.

Цяпер у гэтым спісе 2901 чалавек.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1494 палітвязні. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1738 чалавек. Сярод іх — 195 жанчын і 7 непаўнагадовых. 17 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.