Рэкордныя пратэсты ў Польшчы паказалі — шанцы на хуткую змену ўлады высокія

Польскі аглядальнік Зыгмунт Дзяньчалоўскі тлумачыць, як сацыяльна-эканамічныя праблемы падарвалі пазіцыі кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» і чаму ў апазіцыі гэтай восенню будуць як ніколі высокія шанцы атрымаць уладу.

Варшава, 4 чэрвеня 2023 года

Варшава, 4 чэрвеня 2023 года

Паўмільёна чалавек выйшлі 4 чэрвеня на вуліцы Варшавы ў знак падтрымкі польскай апазіцыі і з-за незадаволенасці дзеючымі ўладамі. Мітынг арганізавала партыя «Грамадзянская платформа», якую ўзначальвае экс-старшыня Еўрарады Дональд Туск. Гэта самая маштабная акцыя пратэсту ў Польшчы пасля 1989 года (тады ўсё скончылася падзеннем камунізму ў краіне).
Цікава, хто з рускамоўных (так у крыніцы — «НЧ») чытачоў памятае, што здарылася ў Польшчы 4 чэрвеня 1989 года? Ды і многія палякі ўжо забыліся, што ў той дзень 34 гады таму Камуністычная партыя разгромна прайграла парламенцкія выбары, і гэта азначала канец рэжыму. Польшчы першай з краін былога сацыялістычнага лагера за некалькі месяцаў да падзення Берлінскай сцяны ўдалося перамагчы стары лад. Нават крыху крыўдна, што за межамі краіны не ў поўнай меры прызнаюць яе гістарычную ролю ў справе барацьбы з камунізмам, а дакладней, ролю прафсаюза «Салідарнасць», Леха Валенсы і Яна Паўла II.


Хутчэй за ўсё, у 2023 годзе дата 4 чэрвеня для правядзення буйнога апазіцыйнага мітынгу была абрана невыпадкова. Для многіх удзельнікаў шматтысячнай акцыі пратэсту гэтая гадавіна мае важнае сімвалічнае значэнне. Асабліва для старэйшага пакалення, якое добра памятае старыя часы. Амаль сорак гадоў таму ў краіне перамаглі свабода і дэмакратыя, а цяпер многія лічаць, што трэба зноў уступіць у барацьбу з рэжымам, што не паважае каштоўнасці, якія, здавалася, тады ўдалося ўсталяваць назаўжды.


«ПіС» і прапаганда

Амаль восем апошніх гадоў ля стырна ў Польшчы стаіць Нацыяналістычная партыя «Права і справядлівасць» на чале з Яраславам Качыньскім, братам загінулага ў авіякатастрофе пад Смаленскам прэзідэнта краіны Леха Качыньскага. Прадстаўнікам гэтай партыі ўдалося два разы перамагчы на парламенцкіх выбарах: у 2015 і 2019 гадах. Анджэй Дуда, кандыдат, вылучаны гэтай жа палітычнай сілай, двойчы абіраўся прэзідэнтам краіны. Большай частцы насельніцтва спадабалася прапанаваная прыхільнікамі Качыньскага праграма, у якой ён заявіў: хопіць гнілога еўрапейскага лібералізму, пара вяртацца да традыцыйных сямейных каштоўнасцей, трэба ўмацоўваць суверэнітэт краіны, змагацца з дыктатам Бруселя, які знаходзіцца ў асноўным пад уплывам Берліна.


«ПіС» прапанавала сваю версію гісторыі, у якой засталося месца выключна для патрыятычнага гераізму. Любыя спробы ў гэтай галіне, накіраваныя на пошук ісціны, толькі правакавалі медыйную істэрыку, напрыклад, абвінавачанні палякам, якія выдавалі габрэяў немцам, сталі лічыцца правакацыяй, а польскі антысемітызм — «выдумкамі ворагаў».
Але адным патрыятычна-гісторыка-каталіцкім наратывам перамагчы два разы на выбарах было б немагчыма. Другая частка прапанаванай партыяй Качыньскага праграмы насіла сацыяльны характар. Жорсткая фінансавая палітыка папярэднікаў стварыла ўмовы, у якіх можна было ажыццявіць шэраг шчодрых сацыяльных выплат слаям насельніцтва, чыёй лаяльнасцю гэта дапамагло б заручыцца на рознага ўзроўню выбарах. І гэта спрацавала.
Флагманам «ПіС» стала праграма «500+»: незалежна ад узроўню сямейнага дастатку ўсе грамадзяне, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, сталі атрымліваць штомесячную дапамогу ў памеры 500 злотых (прыкладна 120 еўра). Гэта спадабалася мільёнам выбаршчыкаў. Вядома, не засталіся забытымі пенсіянеры — Польшча старэе, іх колькасць бесперапынна расце. Штогод пенсіі падымаюцца ў адпаведнасці з інфляцыяй і памерам сярэдняй заработнай платы. Але ўрад прыдумаў яшчэ больш шчодры падарунак для гэтай катэгорыі выбаршчыкаў. У парламенце быў прыняты спецыяльны закон, і цяпер кожны пенсіянер атрымлівае дадаткова дзве пенсіі, якія не абкладаюцца падаткам — вясной і ў канцы года.

Яраслаў Качыньскі

Яраслаў Качыньскі


Спытаеце, што дрэннага ў такой уладзе, якая рэалізуе шчодрыя сацыяльныя праграмы і апявае гераізм свайго народа? Бяда ў тым, што адначасова гэта ўлада душыць свабоду слова, ламае незалежную праваахоўную сістэму, паралізавала працу Канстытуцыйнага Суда, прыняла самы жорсткі ў Еўропе закон аб абортах, запускае машыну дзяржаўнай прапаганды па пуцінскай мадэлі. Прыкрываючыся верай і патрыятызмам, прыхільнікі «ПіС» атрымліваюць шмат грошай, яны манапалізавалі кадравую палітыку адносна высокіх пасад у дзяржкарпарацыях, што прыносяць казачныя даходы, кшталту нафтавага канцэрна «Orlen». Дзяржаўныя субсідыі цякуць ракой туды, дзе сядзяць «свае» людзі, якія захоўваюць партыйную дысцыпліну. На шчодрую фінансавую падтрымку могуць разлічваць рознага роду патрыятычныя НКА, дабрачынныя фонды, створаныя з удзелам каталіцкага касцёла, дзеячы культуры, гатовыя апяваць традыцыйныя каштоўнасці і гераічнае мінулае краіны.


Качыньскаму і яго паплечнікам вельмі хочацца пабудаваць мадэль кіравання дзяржавай, якую з такім поспехам укаранілі венгерскі лідар Орбан і прэзідэнт Турцыі Эрдаган. Суды працуюць па тэлефоне, на незалежныя СМІ надзеты наморднік, парламент не месца для дыскусіі, лаяльныя гісторыкі перапісваюць гісторыю. Хочаце жыць добра? Не высоўвайцеся.
Затое катастрафічна не хапае грошай для сістэмы аховы здароўя, людзі гадамі чакаюць прыёму ў спецыялістаў, цэны на медыцынскія паслугі, прапанаваныя ў прыватным сектары, імкліва растуць з кожным годам. Не лепш ідуць справы ў сістэме адукацыі: настаўнікі і навуковыя работнікі скардзяцца на ўзровень заробкаў, не хапае грошай для рэалізацыі многіх навуковых даследчых праектаў. Некалькі разоў падчас кіравання партыі Качыньскага ўздымалі пратэсты людзі з абмежаванымі магчымасцямі па здароўі, якія патрабуюць большага клопату з боку дзяржавы. Але выбаршчыкаў з інваліднасцю не так шмат, іх галасы не такія важныя, як галасы пенсіянераў, так што ўрад мог гадамі ігнараваць іх патрэбы.
Ніякай крытыкі ў свой адрас «ПіС» не чуе: «Мы ведаем лепш. Тыя, хто не з намі — ворагі». Сваіх апанентаў партыя ў першую чаргу абвінавачвае ў тым, што яны працуюць на Маскву ці Берлін, што ім абыякавы дабрабыт насельніцтва. Дастаткова ўключыць Першы канал дзяржаўнага Польскага тэлебачання. Глядач, знаёмы з тэхналогіяй прапаганды расійскіх дзяржканалаў, мог бы канстатаваць са здзіўленнем, што некаторыя польскія калегі расійскіх тэлевядучых не горш за іх спраўляюцца са сваёй працай.
На шчасце, у Польшчы яшчэ ёсць апазіцыйнае тэлебачанне. Спроба «ПіС» нацыяналізаваць апазіцыйны канал TVN, які з'яўляецца ўласнасцю амерыканскіх акцыянераў, правалілася з трэскам. Блізкія саюзніцкія адносіны з ЗША з’явіліся непераадольнай перашкодай. Сякі-такі калідор свабоды застаўся таксама ў друкаваных і электронных СМІ, як, напрыклад, у штодзённай «Gazeta Wyborcza», галоўным рэдактарам якой з моманту яе заснавання з'яўляецца легендарны дысідэнт камуністычных часоў Адам Міхнік.

У чым памылілася партыя «ПіС»

Давайце паглядзім на прыклад варшаўскага шматтысячнага мітынгу 4 чэрвеня. «500 тысяч мітынгоўцаў — гэта хлусня, там было не больш за 100 тысяч», — кажа дзяржаўнае тэлебачанне. — Так, надвор'е было добрае, хтосьці прыехаў у Варшаву схадзіць у заапарк з дзецьмі, паесці марозіва, паглядзець славутасці. І яшчэ як агрэсіўна і па-хамску паводзілі сябе мітынгоўцы, колькі пакінулі смецця ...». Ад каментатараў-прыхільнікаў кіруючай партыі глядач Першага канала пачуе, што ў апазіцыі няма ніякай праграмы, што яе лідары думаюць толькі пра свае заробкі, што іх перамога на наступных выбарах будзе азначаць для краіны катастрофу гістарычных маштабаў. На прапаганду грошай не шкада, дзяржаўнае тэлебачанне кожны год атрымлівае з бюджэту шматмільённыя субсідыі, хоць асноўнымі крыніцамі яго фінансавання павінны быць абаненцкая плата, якую плаціць глядач, і даходы ад рэкламы.
У перыяд з 2015 года па 2020-ы эканоміка знаходзілася на ўздыме, рэзка скарацілася беспрацоўе, людзі адчулі рэальны рост даходаў, таму прапаганда «ПіС» працавала эфектыўна. У краіне працягвалася будаўніцтва сучасных дарог, што фінансуецца з дапамогай еўрапейскіх грошай, мадэрнізацыя аэрапортаў, павялічыўся экспарт, замежныя кампаніі ахвотна інвеставалі ў прамысловасць. Польшча, нягледзячы на памылкі і праколы ўрада ў галіне эканомікі, як, напрыклад, невыкананне бюджэтнай дысцыпліны, да гэтага часу з'яўляецца прыкладам рэальнага поспеху сярод посткамуністычных краін.


Аднак з 2020 года над Польшчай сталі згушчацца хмары, якія аднымі толькі прапагандысцкімі мерамі прыкрыць ужо не ўдаецца. Недафінансаваная сістэма аховы здароўя не зусім эфектыўна справілася з пандэміяй каронавіруса. Празмернае расходаванне бюджэтных грошай разам з катэгарычнай адмовай польскіх улад прыняць валюту еўра стала каталізатарам інфляцыі, якая ўспыхнула праз расійскую агрэсію ва Украіне. Цэны выраслі амаль на 20%, услед за імі павысілася працэнтная стаўка Нацыянальнага банка, што пацягнула за сабой павышэнне стаўкі па іпатэчных крэдытах. Улады сталі называць інфляцыю «пуцінфляцыяй», падкрэсліваючы тым самым, што яна — прамое наступства нападу Расіі на Украіну, якое на еўрапейскіх рынках прывяло да скачка коштаў на газ і нафту. Але справіцца з незадаволенасцю насельніцтва гэта не дапамагло. Канфлікт з Еўракамісіяй таксама працуе супраць «ПіС». У адказ на рэформу судовай сістэмы, якая, на думку польскай апазіцыі і Бруселя, парушае незалежнасць Польшчы, Еўракамісія прытармазіла шматмільярдныя выплаты, прадугледжаныя прынятым пасля пандэміі Еўрапейскім планам аднаўлення. Без гэтых сродкаў працяг усіх сацыяльных праектаў «ПіС» можа аказацца пад пытаннем.
Партыя Яраслава Качыньскага сутыкнулася таксама з пытаннямі дзяржаўнай бяспекі. Урад значна павялічыў выдаткі на абарону, прыняў праграму павелічэння колькасці Узброеных сіл. Аднак шэраг нядаўніх падзей выклікаў сумневы адносна кампетэнтнасці людзей, якія стаяць на чале сілавых ведамстваў. Апошнія некалькі тыдняў міністр абароны і камандуючыя ўзброенымі сіламі спрачаюцца, хто прамаргаў расійскую ракету, якая яшчэ ў снежні мінулага года ўпала ў польскім лесе недалёка ад горада Быдгашч.


Каронавірус, вайна, прыток украінскіх уцекачоў, інфляцыя, самы жорсткі ў Еўропе закон аб абортах — усё гэта магло б патапіць любы ўрад. У гісторыі Польшчы апошніх трыццаці гадоў бывалі выпадкі, калі партыя, кіруючы чатыры гады і праводзячы курс рэформаў, на наступных выбарах не праходзіла ў парламент наогул ці ў новым Сейме магла сабраць толькі нязначную фракцыю. Палітычная цана, якую трэба было заплаціць за ўладу і ліберальныя рэформы, магла быць вельмі высокай. Аднак, здаецца, гэта не выпадак «ПіС», для чыйго электарату праколы ў эканоміцы не такія значныя, як бел-чырвоны патрыятычны касцюм абаронцы нацыянальных традыцыйных каштоўнасцей. Актывісты «ПіС» карыстаюцца рыторыкай, поўнай такіх слоў, як «патрыятызм», «суверэнітэт», «каталіцкая вера», «касцёл», «традыцыя», «каштоўнасці», «скрэпы». Прыхільнікі партыі ў яе нацыяналістычнай іпастасі не дапусцяць вяртання ва ўладу людзей іншай палітычнай арыентацыі, адкрытых да ліберальных рэформаў і гатовых прыняць законы, якія абараняюць сексуальныя меншасці. Кансерватыўная частка Польшчы баіцца перамен і лозунгаў, якія прыходзяць з Захаду.

Польская апазіцыя

Аднак у «ПіС» пакуль няма манаполіі на ўладу. Польшча расколата, ужо некалькі гадоў жыве ва ўмовах халоднай грамадзянскай вайны. У кіруючай партыі досыць шмат праціўнікаў. Моладзь, інтэлігенцыя, жыхары вялікіх гарадоў хочуць працягнуць курс еўрапейскай мадэрнізацыі і інтэграцыі, яны таксама з'яўляюцца патрыётамі, аднак будучыню бачаць інакш, чым іх кансерватыўныя суайчыннікі.


Сярод апазіцыі на першым месцы знаходзіцца ліберальная партыя «Грамадзянская платформа», якая страціла ўладу ў 2015 годзе і з тых часоў пацярпела шэраг паражэнняў на выбарах розных узроўняў — у парламент, мясцовае самакіраванне, Еўрапарламент. Таксама сярод апанентаў «ПіС» — «сялянская партыя» і «левыя». З'явіліся і новыя палітычныя сілы: партыя «Польшча 2050» на чале з былым журналістам Шымонам Галаўнёй і радыкальная правая партыя «Канфедэрацыя» з дзіўнай праграмай, якая аб'ядноўвае жорсткі лібералізм у эканоміцы з рыторыкай, прасякнутай нацыяналістычнымі слоганамі. Паводле апошніх рэйтынгаў, «Канфедэрацыя» ўжо на трэцім месцы, яе прыхільнікі ў першую чаргу — гэта маладое пакаленне. Напярэдадні кастрычніцкіх выбараў у парламент палітычны пейзаж Польшчы больш разнастайны, чым на папярэдніх. Частка грамадства заклікае апазіцыйныя сілы да аб'яднання, баючыся, што нейкія партыі не пераадолеюць пяціпрацэнтны бар'ер, а за іх кошт «ПіС» атрымае дадатковыя месцы ў парламенце і ў чарговы раз зможа сфарміраваць урад. Трэці тэрмін гэтай партыі ва ўладзе можа прывесці да вельмі цяжкіх наступстваў для палітычнай сістэмы. Некаторыя нават асцерагаюцца, што «ПіС» можа ініцыяваць выхад Польшчы з Еўрасаюза.


Варшаўскі марш 4 чэрвеня ўмацаваў надзею ў тых, хто верыць, што сцэнар з трэцім тэрмінам «ПіС» ва ўладзе ўдасца прадухіліць. Нават на кіраўніцтва партыі святочны натоўп з 500 тысяч мітынгоўцаў на вуліцах сталіцы зрабіў уражанне. Паводле апошніх апытанняў грамадскай думкі, праведзеных пасля мітынгу ў Варшаве, рэйтынгі «ПіС» і «Грамадзянскай платформы» практычна зраўняліся, у абедзвюх партый 30-адсоткавая падтрымка. Гэта азначае, што на чарговых выбарах краіну чакае апошняя дуэль двух ветэранаў польскай палітыкі, якія свой першы палітычны вопыт набылі, змагаючыся з камуністычнай сістэмай у далёкіх васьмідзясятых гадах мінулага стагоддзя.
Па камандзе Яраслава Качыньскага падкантрольныя яму СМІ, уключаючы Першы канал дзяржаўнага тэлебачання, падавалі лідара апазіцыі Дональда Туска як «шасцёрку» былога нямецкага канцлера Меркель, унука дзядулі, які служыў у вермахце, як саюзніка Пуціна і здрадніка нацыянальным інтарэсам Польшчы. Калі на экране мільгаў твар Туска, рэдактары ніколі не забывалі паставіць цітры «Нур фюр Дойчэ» («толькі для немцаў»). Хоць Германія з'яўляецца асноўным эканамічным партнёрам Польшчы, для Качыньскага і яго прыхільнікаў яна гістарычна разам з Расіяй — старажытны вораг, і сёння працягвае сваю палітыку экспансіі на ўсход. Для часткі спажыўцоў тэлебачання такога роду прапаганда з'яўляецца эфектыўнай. Але далёка не для ўсіх.

Дональд Туск на мітынгу ў Варшаве, 4 чэрвеня 2023 года, Beata Zawrzel / NurPhoto

Дональд Туск на мітынгу ў Варшаве, 4 чэрвеня 2023 года, Beata Zawrzel / NurPhoto


У Туска, як ні ў каго з польскіх палітыкаў, сур'ёзны досвед удзелу ў міжнароднай палітыцы на вышэйшым узроўні. Калі ў 2014-м ён сыходзіў з польскай палітыкі на пасаду старшыні Еўрапейскай рады, то сутыкнуўся з жорсткай крытыкай нават з боку аднадумцаў. Тады, 10 гадоў таму, многія разумелі, што для Польшчы ліберальнай, арыентаванай на Еўропу, настае час сур'ёзных выклікаў. Яго абвінавачвалі ў дэзерцірстве, жаданні падзарабіць грошай на высокааплатнай пасадзе. Самым зневажальным для палітыка быў момант, калі ў 2017 годзе новы польскі ўрад, адзіны з усіх краін-удзельніц, прагаласаваў супраць яго перавыбрання. Пасля таго, як скончыўся яго другі тэрмін, Туск не сышоў на пенсію, а вярнуўся ў Польшчу і зноў узначаліў партыю «Грамадзянская платформа». Тыя палітыкі, якія падчас яго адсутнасці займалі гэту пасаду, ахвотна саступілі яму месца, разумеючы, што задача перамагчы партыю Яраслава Качыньскага — не з лёгкіх.
Туск — харызматычны лідар, умее выступаць на мітынгах, не пазбаўлены пэўнага абаяння. Качыньскі — яго супрацьлегласць: не мае ні міжнароднага вопыту, ні сувязяў у іншых краінах, затое — свае ідэі, куды павінна ісці Польшча і як будаваць партыйную работу. У Качыньскага ёсць палітычны нюх, які дазволіў яму зразумець, чым жыве і чаго хоча глыбінны народ. Яму брыдкая Варшаўская інтэлігенцыя. Набор эмоцый Качыньскага просты, як у футбольнага фаната. Дарэчы, футбольных фанатаў, якія падзяляюць яго пачуцці, у краіне вельмі шмат.