Дональд Туск узначаліў найбуйнейшую апазіцыйную партыю ў Польшчы
Дональд Туск, былы старшыня Еўрапейскай Рады — кіроўнага органа Еўрасаюзу, вяртаецца ў польскую палітыку, паведамляе Свабода.
Ён узначаліў найбуйнейшую апазіцыйную партыю «Грамадзянская платформа».
Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.
Агенцтва мяркуе, што яго вяртанне ў польскую палітыку ўзмоцніць яго жорсткае палітычнае суперніцтва на працягу дзесяцігоддзяў з Яраславам Качыньскім, лідарам і галоўным стратэгам партыі «Права і справядлівасць», якая цяпер кіруе ўрадам.
«Сёння ў Польшчы пануе зло, і мы гатовыя змагацца супраць гэтага зла», — сказаў Туск пра цяперашні ўрад партыі «Права і справядлівасць».
Туск быў сузаснавальнікам «Грамадзянскай плятформы» у 2001 годзе. Партыя была ва ўладзе 8 гадоў, большую частку гэтага часу ўрад Польшчы ўзначальваў Туск.
Парламенцкія выбары ў Польшчы прызначаныя на восень 2023 году, але некаторыя палітыкі мяркуюць, што падзенне папулярнасці ўрадавай кааліцыі можа прывесці да датэрміновых выбараў.