Вясна пачалася ўзімку

Першы публічны гей-бургамістр у гісторыі Польшчы заснаваў партыю, якая збіраецца ўжо ў наступным годзе захапіць уладу. І пэўныя шанцы ў новай структуры ёсць.

cxsktkqturbxy84ndg0nmvjzda3mtjiodbhn2vlzdvjywywzwm0owu3zi5qcgvnkpudim_nasfnay_tbc0dfm0bva.jpg


Зараз у Варшаве — прыкладна каля нуля. Воблачна. Часам ідзе снег. З улікам такога не вельмі фантастычнага надвор’я, назва партыі, што паўстала ў першыя дні лютага, гу­чыць сапраўды прывабна. Партыя называецца «Вясна». У тым жа тоне вытрымана і праграма партыі, якую сфармуліраваў яе заснавальнік Роберт Бедрань. «Хопіць зімы ў Польшчы! Прыйшоў час для вясны», — заявіў ён пад апладысменты прысутнай сямітысячнай аўдыторыі.

Увогуле, партыйнае будаўніцтва і, як вынік, устаноўчы сход партый за Бугам — з’ява трывіяльная. Тым больш, што хутка адбудуцца парламенцкія выбары, напярэдадні якіх палітычны пейзаж часам кардынальна абнаўляецца. Аднак у дадзеным выпадку сітуацыя сапраўды пазаштатная. Узначальваць выбарчы спіс «Вясны» будзе адкрыты гей, 42-гадовы Роберт Бедрань.

У палітыцы Бедрань упершыню засвяціўся прыкладна 10 гадоў таму як актывіст LGBT-ініцытываў і сябра лева-ліберальнага праекту «Рух Палікота». У 2014-м ён нечакана выйграў выбары муніцыпалітэту горада Слупск, што знаходзіцца на Балтыцы. Дзякуючы свайму іміджу Бедрань хутка стаў самым вядомым у Польшчы палітыкам лакальнага маштабу.

Яшчэ праз пару гадоў пачалі хадзіць чуткі пра намер Роберта стварыць агульнанацыянальны праект. Мэра Слупску ўсё часцей пачалі бачыць у розных кутках краіны на рандэву з актывам грамадзянскіх ініцыятываў, левых партый, прадстаўнікамі культуры. Нарэшце, не так даўно палітык зрабіў шмат кім чаканы «камін-аўт» — падчас ток-шоў на тэлебачанні заявіў пра намер узначаліць польскі ўрад. Стварэнне партструктуры сведчыць пра сур’ёзнасць амбіцый Бедраня.

Што будзе, калі ў Бельведэрскі палац па выніках выбараў 2020-га сапраўды прыйдзе гей? Паводле агучанай на сходзе праграмы «Вясны», быццам, нічога жудаснага. Палякаў чакае рост заробкаў і пенсій, лепшая сістэма аховы здароўя, падзел царквы і дзяржавы, дэклерыкалізацыя школаў, забарона вытворчасці футра з жывёл, права жанчын на аборты… Увогуле, гендарны блок займае вялікую частку праграмы «Вясны». Відавочна, што Бедрань будзе арыентавацца на жаночы сегмент электарату. Полькі часта адчуваюць сябе ахвярамі вайны за мараль і сямейныя каштоўнасці, якую ўжо сёмы год вядзе ўрад кансерватыўнай партыі «Права і Справядлі­васць» (PiS).

Праўда, падаецца, значна больш Бедраня павінны баяцца не кансерватары, а прадстаўнікі тытульнай апазіцыі з ліберальнай партыі «Грамадзянская платформа» (РО). «Грамадзянская платформа» так доўга ўтрымлівала манаполію на апазіцыю, што паспела шмат каму надакучыць. Акрамя таго, малады Роберт Бедрань, чый стыль нагадвае Макрона або Блэра, яўна перахоплівае ў яе вобраз галоўнай праеўрапейскай сілы. Нарэшце, у яго сапраўды ёсць харызма. Да «Вясны» таксама могуць далучыцца і прыхільнікі левай утопіі, пад сцягі якой сітуацыйна могуць сабрацца да 20 працэнтаў выбаршчыкаў.

Некаторыя прадстаўнікі «Грамадзянскай платформы» сапраўды абураюцца паводзінамі Бедраня. Кажуць, што ён па-сутнасці аслабіў антыкансерватыўны фронт. Аднак, хутчэй за ўсё, РО будзе намагацца стварыць з Бедранем агульную кааліцыю пад умоўнай назвай «анты-PiS». Хаця пакуль сам Бедрань, хутчэй, хоча выглядаць як новая свежая сіла. У сувязі з гэтым прэса прагназуе пачатак «братазабойчай бойкі» сярод апазіцыянераў.

Што тычыцца кансерватараў, то яны пакуль рэагуюць на «Вясну» спакойна. На думку іх спікераў, польскае грамадства, нягледзячы на ўсе выклікі сучаснасці, дасюль застаецца ў каталіцкай матрыцы. Беручы пад увагу тое, што радыкальны антыклерыкалізм — важны складнік выступаў Бедраня, здабыць шмат прыхільнікаў яму не свеціць. На іх думку, новая партыя можа разлічваць максімум на 8 працэнтаў галасоў.

Так ці інакш, бенефіс у «Вясны» аказаўся сапраўды някепскім. Паводле сацыёлагаў, партыя ўжо зацікавіла ад 6 да 10 працэнтаў палякаў. Праўда, гэта яшчэ без уліку кампрамату на Бедраня, які абавязкова з’явіцца ў хуткім часе. Правыя палітыкі ўжо абвінавацілі «Вясну» ў тым, што яе падтрымлівае нямецкі капітал. Зноў узгадалі пра тое, як муніцыпалітэт Слупску, быццам, дапамагаў педафілам. Напэўна, першым сапраўдным тэстам для Бедраня будуць травеньскія выбары ў Еўрапарламент.