Нацыянальная жалоба ў сувязі са смерцю прэм’ер-міністра Рэспублікі Польшча Яна Альшэўскага
У сувязі са смерцю Яна Альшэўскага, прэм’ер-міністра Польшчы ў 1991–1992 гг., кавалера Ордэна Белага Арла, прэзідэнт Анджэй Дуда абвясціў нацыянальную жалобу з 15 лютага 2019 года да 19:00 16 лютага 2019 года. Кніга спачуванняў будзе адкрыта ў Пасольстве Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь па адрасе: Мінск, вул. З. Бядулі, 11 (10-ы паверх), 15 лютага з 10:00 да 15:00.
Ян Фердынанд Альшэўскі – палітык, адвакат і публіцыст, нарадзіўся 20 жніўня 1930 года ў Варшаве. У гады Другой сусветнай вайны і акупацыі быў членам падпольнай харцэрскай арганізацыі “Шэрыя шарэнгі”, у якую ўступіў у 1943 г. Дзейнічаў у г. зв. “Завішы” (малодшая ўзроставая група “Шэрых шарэнгаў”), дзе выкарыстоўваў псеўданім “Арляня”. У якасці сувязнога ўдзельнічаў у Варшаўскім паўстанні.
У 1953 г. скончыў аддзяленне правазнаўства юрыдычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта. Пасля вучобы працаваў у Міністэрстве юстыцыі (да 1954), пазней у Інстытуце юрыдычных навук Польскай акадэміі навук (да 1956).
У 1956–1957 гг. быў членам рэдкалегіі штотыднёвіка “Po prostu”. У сваіх артыкулах пісаў пра злоўжыванні ў судовай сістэме і юстыцыі, пра сімбіёз партыйнага апарата і злачынных груповак у правінцыі. З 1957 г. на працягу двух гадоў яму забаранялася публікавацца як журналісту.
Дзейнічаў у радах дэмакратычнай апазіцыі і выступаў абаронцам на палітычных працэсах у перыяд ПНР. У 60-я гг. быў абаронцам на палітычных працэсах Мельхіёра Ваньковіча (1964), Яцэка Кураня і Караля Мадзэлеўскага (1965), Януша Шпатанскага (1968), Адама Міхніка і Яна Непамуцэна Мілера. У 1968–1970 гг. у сувязі з абаронай студэнтаў, арыштаваных падчас сакавіцкіх маніфестацый у Варшаве, была прыпынена яго ліцэнзія на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці. Пасля вяртання да працы адваката ў 1970 г. выступаў у якасці абаронцы на працэсе змагароў за незалежнасць арганізацыі “Рух”. Быў ініцыятарам, сааўтарам і падпісантам Ліста 59 (закліку да Сейма ПНР з пратэстам супраць планаваных змен у Канстытуцыю ПНР і дэкларацыяй задач апазіцыі), а таксама накіраванага ў Сейм ПНР Ліста 14, які быў чарговым пратэстам супраць увядзення ў Канстытуцыю палажэння аб непарушальнасці саюзу з Савецкім саюзам. У 80-я гг. быў саветнікам Нацыянальнай камісіі незалежнага прафсаюза “Салідарнасць”, а таксама адным з аўтараў першага статута “Салідарнасці”. Вёў справу па рэгістрацыі прафсаюза ў судзе г. Варшавы.
З 1982 па 1989 год публікаваўся ў “Przeglądzie Katolickim”, у 1989 г. распачаў супрацоўніцтва з “Tygodnikiem Solidarność”. Быў удзельнікам пасяджэння Круглага стала.
У 1991–1992 гг. – Старшыня Савета Міністраў, у 1991–1993 і 1997–2005 гг. – дэпутат Сейма I, III і IV склікання, творца і старшыня Руху за Рэспубліку Польшча і Руху за адбудаванне Польшчы, у 1989–1991 і 2005–2006 гг. – член Дзяржаўнага трыбунала, у 2006–2010 гг. – саветнік прэзідэнта Польшчы Леха Качынскага. Кавалер Ордэна Белага Арла.
Памёр пасля цяжкай хваробы 7 лютага 2019 г. у Варшаве.
Аркадзіуш Клэмбек, Саветнік Пасольства Рэспублікі Польшча ў Мінску