Журналістка, якая збянтэжыла Сабаленку пытаннем пра Лукашэнку: Яна хлусіць і хаваецца за чужымі спінамі

Спартыўнае выданне «Тр*буна» паразмаўляла з украінскай журналісткай Дар'яй Мешчараковай, якая напужала Арыну Сабаленку пытаннямі пра Лукашэнку і вайну. 



Фота з асабістага архіва Дар'і Мешчараковай

Фота з асабістага архіва Дар'і Мешчараковай

Падпісантка за рэжым Лукашэнкі, беларуская тэнісістка Арына Сабаленка на сёлетнім «Ралан Гарос» заявіла, што ў пэўны момант «не адчувала сябе ў бяспецы». Не, Сабаленка не апынулася хоць на гадзіну ў катавальнi для беларускіх палітвязняў ці ўкраінскім горадзе, які абстрэльваюць расійскімі ракетамі. Для ўзнікнення псіхалагічных праблем тэнісістцы хапіла слоў на прэс-канферэнцыі — а дакладней, канкрэтных пытанняў пра паход на вечарынку да Лукашэнкі ў 2020-м і фармулёўках, якімі яна адсоўваецца ад вайны ва Украіне. Тады Сабаленка адмовілася адказваць, а затым з дапамогай арганізатараў турніру проста правяла наступную прэс-канферэнцыю толькі для лаяльных журналістаў, якія ўстаўлялі ў свае пытанні пахвалы для прарэжымніцы.

Чалавекам, які ўпершыню за некалькі гадоў задаў Сабаленка настолькі канкрэтныя і нязручныя пытанні, стала ўкраінская журналістка «Тр*буны» Дар'я Мешчаракова. Выданне пагаварыла з ёй пра тое, як гэта адбывалася і якая рэакцыя на дэмарш Сабаленкі была ад прадстаўнікоў іншых СМІ.

— Паехала ў Парыж, таму што мне хацелася падтрымаць нашых тэнісістак, — распавядае Дар'я. — Сітуацыю падаюць так, што яны нібыта крыўдзяць бедных расіянак і беларусак. Сур'ёзна? Чаму ўсё скацілася да таго, што трэба бараніць не ўкраінак, а іх? Я не бачыла ніводнай сітуацыі, дзе б украінкі агрэсіўна сябе паводзілі.

Раней я не размаўляла з Сабаленка, але сачыла за яе кар'ерай з 2018 года. Як журналістцы мне было цікава назіраць за шматлікімі тэнісістамі, і Сабаленка была адной з іх. Але пасля падзей 2020 года ў Беларусі, калі яна падтрымала Лукашэнку, ніякай павагі да яе няма.

— А пасля таго, як пачалася вайна ва Украіне?

— Стаўленне стала яшчэ горш. Я не ўспрымаю канфармістаў. Калі я ўбачыла, што яна ўвесь час сыходзіць ад адказаў наконт вайны, а медыя пры гэтым працягваюць пытацца пра тое, як яна стала «такой цудоўнай», то проста вырашыла задаць прамыя пытанні сама.

Сабаленка хлусіць і хаваецца за спінамі «ўсіх», маўляў, усе нармальныя людзі супраць вайны. А дзе ўпэўненасць, што яна нармальная? Чаму патэнцыйная першая ракетка свету не можа сказаць за сябе? Супраць чаго Арына? Супраць таго, што яе краіна наўпрост удзельнічае ў вайне супраць Украіны? Ці яна супраць таго, што Украіна супраціўляецца?

— Пра што думалі, калі ішлі на прэс-канферэнцыю Сабаленкі?

— Мяне там ніхто не ведаў, так што я вельмі хацела, каб мне проста далі слова. І я вельмі рада, што атрымала яго. Праўда, думаю, акрэдытацый на «Ралан Гарос» мне больш не відаць (смяецца).

— Не шкадуеце пра гэта?

— Няхай лепш людзі даведаюцца праўду! А на турнір я магу і білет купіць.

— Перад прэс-канферэнцыяй пракручвалі ў галаве, што можа адказаць Сабаленка?

— Я прыблізна разумела, што яна будзе злівацца. Сабаленка заўсёды кажа завучаныя фразы са сваёй ілжывай усмешачкай.

— Як яна адрэагавала на вашы пытанні?

— Да мяне яе пыталі, як яна стала такой пазітыўнай, маўляў, нават танчыць часам на корце. Зразумела, у яе быў добры настрой. Упэўнена, яна не чакала канкрэтных пытанняў аб вайне. Было заўважна, што ёй стала сапраўды некамфортна. Яна пачала пераглядацца са сваім агентам, нервова хіхікала. Але каб яна тут жа захацела сысці — такога я не заўважыла.

— Гэта значыць, напэўна, яна ў цэлым чакала пытанняў аб вайне і Лукашэнку?

— Думаю так. Проста думала, што зноў будуць абстрактныя, расплывістыя фармулёўкі, а не так канкрэтна, як я сказала. Я нават упэўнена, што Сабаленка паспела адпрацаваць і падрыхтаваць свае стандартныя завучаныя адказы.

— Не баяліся, што проста на прэс-канферэнцыі да вас узнікнуць прэтэнзіі ад арганізатараў?

— Я дапускала, што мяне пазбавяць акрэдытацыі, але яе не забралі :). А журналісты на маім баку.

— Якое ўражанне пакінула Сабаленка, калі вы ўбачылі і пачулі яе ўжывую?

— Я зрабіла выснову, што яна крывадушніца, якая проста крыўляецца на публіку.

— Як думаеце, чаму Сабаленка выбрала такую тактыку адказаў і адмовы ад адказаў?

— Усе журналісты на прэс-канферэнцыі заўважылі, як Сабаленка пераглядалася са сваім агентам. Падчас маіх пытанняў яна рабіла гэта яшчэ часцей. Можа, шукала ў яго дапамогі. Склалася адчуванне, што яна з агентам мяне хацела неяк маральна задушыць, выклікаць у мяне пачуццё хвалявання.

Але мяне такім не праб'еш. Я бачыла вайну на Данбасе і ў Кіеве. Побач з маiм домам падалі ракеты з — як я кажу, пакуль Лукашэнка ўтрымлівае ўладу — Беларуссiі. Вось гэта было страшна, а не прадажныя і амаральныя тэнісісты. Хоць, пэўна, з маімі 160 см росту і 56 кг вагі Сабаленка можа мяне знішчыць адным шчаўбанам (смяецца).

— Ці ёсць наогул нейкі рэгламент прэс-канферэнцый? Можа, перад прыходам спартсмена для СМІ праводзіцца інструктаж?

— Такога няма. Асаблівых мер бяспекі для спартсменаў, можна сказаць, на такіх мерапрыемствах не iснуе.

— Як іншыя журналісты рэагавалі на вашыя пытанні?

— Многія дзякавалі і распытвалі больш пра рускіх і беларусаў. Я ведаю шмат пра іх, усё расказвала.

Фота rolandgarros.com

Фота rolandgarros.com

— Ніхто не абвінавачваў вас, напрыклад, што вы правакавалі Сабаленку?

— Я задала пытанні пра яе дзеяннi. Чаму яна не можа адказваць за свае ўчынкі? Як патэнцыйная першая ракетка свету можа падтрымліваць дыктатара і падзяляць ягоныя каштоўнасці?

— Некаторыя лічаць, што на спартыўных мерапрыемствах варта казаць толькі пра спорт. Што вы думаеце пра гэта?

— Ну канечне. Спартсмены ж не кормяцца з Крамля і з рукі Лукашэнкi. Яны гавораць пра палітыку, калі ім гэта выгадна. І пры чым тут палітыка, калі ў нас ідзе сапраўдная поўнамаштабная вайна? Мы ж не агітуем за нейкія партыі галасаваць.

— У пятніцу Сабаленка заявіла, што з-за вашых пытанняў не адчувала сябе ў бяспецы.

— Ха! Я ёй раю: хай з'ездзіць у Кіеў і заначуе ў маёй кватэры. А ўначы пачнецца абстрэл з Беларуссiі. Вось гэта небяспечна. А яна проста атрымала пытанні пра яе ж учынкi. Няхай нясе за іх адказнасць. Хопіць ужо з сябе ахвяру строiць.

— Сваю заяву тэнісістка зрабіла на закрытай прэс-канферэнцыі для лаяльных журналістаў. Як пра яе даведаліся іншыя вашыя калегі?

— Гэта была пацучыная прэс-канферэнцыя. Мы яе чакалі, а нам хлусілі, што чакаюць згоды спартсменкі, для якой гэта наогул абавязак. Увогуле журналісты хадзілі па прэс-цэнтры, чакалі Сабаленку. А потым убачылі транскрыпцыю яе адказаў на нечыя пытанні. У той момант, калі шчыра, усе проста афігелі, былі рэальна ў шоку. Ніхто не зразумеў, што адбылося, хто быў на прэс-канферэнцыі, паводле якога прынцыпу туды адбіралі. Натуральна, журналісты пачалі абурацца, што гэта цэнзура.

— Гэта значыць, вы да гэтага часу не ведаеце, якія СМІ былі прадстаўлены на гэтай таемнай прэс-канферэнцыі?

— Ніхто не ведае. І ніхто не разумее, чаму многіх журналістаў проста адрэзалі ад зносін з Сабаленкай. Мы ж не слугі, якія чакаюць каралеву. Гэта быў скандал! Да мяне падышлі каля 20 журналістаў, каб сказаць, што «Ралан Гарос» проста прабівае дно.

— Стаўленне СМІ да тэнісісткі пасля гэтага памяняецца?

— Многія былі злыя, абураліся. Але, на жаль, ёсць журналісты, якія ўсё роўна будуць потым ціснуць на тое, што тэніс па-за палітыкай.

— Ці выкажацца калі-небудзь Сабаленка прама пра вайну, пра рэжым Лукашэнкі?

— Упэўнена, што не, таму што грошы з дыктатарскай рукі не пахнуць.

— Расплывіста на тэму вайны кажа не толькі Сабаленка. Каму яшчэ вы задавалі свае пытанні аб гэтым?

— Расіянам [Анастасіі] Паўлючэнкавай і [Карэну] Хачанаву. Але яны зліваліся, маўляў, па-за палітыкай. Паўлючэнкава так наогул сказала, што антываенны пост з яе Instagram вырашыла выдаліць яе піяр-менеджар. Такія адмазкі нецікава было слухаць.