«У мяне няма для вас каментароў» — Арына Сабаленка пра вайну і падтрымку Лукашэнкі

Спартсменцы задалі прамыя пытанні пра вайну ва Украіне і падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Як магчыма, што патэнцыйная ракетка нумар адзін у свеце падтрымлівае дыктатара Лукашэнку і вайну?

sabalenka_1.jpg

Беларуская тэнісістка Сабаленка адмовілася асудзіць і Лукашэнку, і вайну ва Украіне, калі ёй нарэшце задалі прамое пытанне. Гэтым разам развагамі пра тое, што ўсе людзі за мір і нейкую абстрактную вайну наогул ніхто не падтрымлівае, нельга было абмежавацца.

«Сабаленка негалосна падтрымлівае знішчэнне Украіны! Арына Сабаленка не стала адказваць на прамое пытанне аб забойстве ўкраінцаў крамлёўскімі войскамі», — напісалі сёння ўкраінскія СМІ.

Цяпер Арына Сабаленка займае другое месца ў рэйтынгу WTA і можа стаць першай ракеткай свету. Аднак на прамыя пытанні пра вайну адказваць яна адмовілася. На прэс-канферэнцыях яна раней увесь час адказвала расплывіста: вайну на падтрымліваю, мір лепш, чым вайна — але на што я магу паўплываць?

Яшчэ 28 траўня, пасля гульні на Ралан Гарос, яна заявіла: «Пра ваенную сітуацыю я шмат-шмат разоў казала: ніхто ў гэтым свеце, ні расійскія спартоўцы, ні беларускія вайну не падтрымліваюць. Ніхто. Як мы можам падтрымаць вайну? Ніхто, нармальныя людзі ніколі яе не падтрымаюць».

Аднак нарэшце беларускай тэнісістцы падчас прэс-канферэнцыі ў Парыжы, па выніках матча другога раўнда Ралан Гарос задалі два простыя пытанні, на якія яна адказала: «У мяне няма каментароў для вас».


Што здарылася?

Калі Сабаленка атрымала магчымасць заявіць пра тое, што яна асуджае і вайну ва Украіне, і палітыку Лукашэнкі, і тое, што яе краіна дапамагае Расіі знішчаць украінскія гарады, тэнісістка адмовілася нешта казаць.

Падчас прэс-канферэнцыі на два пытанні карэспандэнткі «Tr*buna» Дар'і Мешчараковай аб падтрымцы Лукашэнкі і вайне ва Украіне ў Арыны адказаў не знайшлося.

Фрагмент размовы з журналістам прыводзіць BTU, піша korrespondent.net.

Журналістка: Хачу задаць вам два пытанні. Першае — пра Беларусь. У 2020 годзе вы падпісалі ліст у падтрымку Лукашэнкі ў той час, калі ён аддаў загад катаваць і збіваць пратэстоўцаў на вуліцах. І, нарэшце, вы з'явіліся ў яго навагоднім віншаванні. Як магчыма, што патэнцыйная ракетка нумар адзін у свеце падтрымлівае дыктатара?

Сабаленка: У мяне няма каментароў для вас, дзякуй за пытанне.

Журналістка: І другое пытанне. Вы працягваеце казаць, што ніхто не падтрымлівае вайну. Але вы можаце сказаць пра сябе? Можаце сказаць: "Я, Арына Сабаленка, катэгарычна асуджаю тое, што Беларусь атакуе ракетамі Украіну і хачу, каб гэта спынілася"?

Сабаленка: У мяне няма каментароў для вас.

Журналістка: Такім чынам, вы падтрымліваеце ўсё гэта, бо не можаце пра гэта казаць. Вы не маленькі дзіцёнак, Арына…

Мадэратар: Яна ясна дала зразумець, што не збіраецца адказваць.

Сабаленка: Па-першае, так.

Журналістка: Цяпер мы ўсе ведаем. Усё зразумела.

Сабаленка: Вы атрымалі дастаткова адказаў ад мяне, а ў мяне няма каментароў для вас.

Журналістка: Нам усё зразумела.


Днямі ўкраінскую тэнісістку Марту Касцюк асвісталі гледачы за тое, што яна не паціснула руку Арыне Сабаленка на Ралан Гарос. Гледачы асудзілі ўчынак украінскай спартоўкі. Зрэшты, Марта Касцюк не раз адмаўлялася паціскаць руку суперніцам з РФ і Беларусі. Сабаленка пракаментавала гэты жэст так: яна не можа асуджаць Марту.

Паводле ua.korrespondent.net, «Tr*buna»