Не пра вайну. Якое пытанне насамрэч трэба задаваць беларускім спартоўцам
Журналісты сусветных медыя працягваюць дамагацца ад Арыны Сабаленка адказу на простае пытанне: ці падтрымлівае яна вайну? Разважаем пра тое, чаму такі падыход няслушны і ў пэўнай ступені зручны для беларускай тэнісісткі. І чаму насамрэч пытацца варта пра іншае.

Арына Сабаленка, Getty Images
Вольны свет уладкаваны так, што калі ты з’яўляешся яго часткай, то мусіш быць гатовым тлумачыць сваю пазіцыю па самых розных пытаннях. Бо свабода слова, плюралізм і дэмакратыя. Калі ж ты яшчэ і публічная асоба, то ад грамадска важных пытанняў табе ніяк не адкруціцца. Нават калі ты ўсяго толькі спецыяліст па ракетках і мячыках.
Ужо больш за год на прэс-канферэнцыях Арыне Сабаленка задаюць пытанні пра вайну. І больш за год яна ўдала лавіруе амаль як на тэніснай пляцоўцы. Лейтматыў яе адказаў: вайну на падтрымліваю, мір лепш, чым вайна — але на што я магу паўплываць?
Здаецца, з часам беларуска знайшла вось гэтую аптымальную матрыцу, каб не прапускаць эйсаў па ваеннай тэматыцы і адбіваць чужыя падачы.
Чарговы раз Сабаленка гаварыла пра вайну зусім нядаўна, 28 траўня, пасля гульні на «Ралан Гарос».
«Пра ваенную сітуацыю я шмат-шмат разоў казала: ніхто ў гэтым свеце, ні расійскія спартоўцы, ні беларускія вайну не падтрымліваюць. Ніхто. Як мы можам падтрымаць вайну? Ніхто, нармальныя людзі ніколі яе не падтрымаюць», — адзначыла тэнісістка.
І дадала: «Чаму мы павінны гучна казаць, што адзін плюс адзін — гэта два? Вядома, мы не падтрымліваем вайну. Калі б гэта магло нейкім чынам паўплываць на вайну, калі б гэта магло спыніць яе, мы б гэта зрабілі. На жаль, гэта не ў нашых руках».
Будуць яшчэ пытанні?
Варта адзначыць, што ў сваёй асцярожнай рыторыцы «за ўсё добрае супраць усяго дрэннага» Сабаленка ідзе наперадзе астатняга беларускага спорта. Астатні спорт у асноўным маўчыць. За выключэннем яго некаторых прадстаўнікоў, якія зацята «топяць» за Лукашэнку і самазагубна талдычаць пра «рускі свет». Гэтых, зрэшты зусім, няшмат. Іх асабліва паменела пасля таго, як МАК рэкамендаваў дапусціць беларусаў і расійцаў да міжнародных спаборніцтваў, калі яны не заўважаны ў падтрымцы расійскай агрэсіі.
Так, маўчаць. У духу Сабаленка выказаўся днямі хіба толькі старшыня федэрацыі барацьбы Алім Селімаў. «У нашай камандзе няма такіх, хто падтрымлівае вайну. Мы ўсе мірныя людзі і ўсе хочам міру», — сказаў спартыўны чыноўнік і зацяты адэпт Лукашэнкі.
Зараз беларускі спорт сапраўды ў стадыі вяртання ў сусветны каляндар. Да гэтага можна ставіцца як заўгодна, але такая ўжо рэчаіснасць. МАК даўно вядомы як апалагет «рэал палітык», і Буча з Марыупалем яго пазіцыю кардынальна не змянілі.
То, можна меркаваць, што з цягам часу, калі беларускія спартоўцы будуць усё бліжэй да Алімпіяды-2024 у Парыжы, яны перастануць маўчаць. І падхопяць наратывы Сабаленка, маўляў, вядома ж, мы супраць вайны, бо мірнае жыццё — яно заўсёды лепшае за страляніну. Хто вінаваты ў вайне? Ці на баку вы Украіны? Гэтыя ўдакладняючыя пытанні, хутчэй за ўсё, застануцца па-за ўвагай.
Дык вось, каб высветліць сапраўдную пазіцыю людзей, якія так хочуць вярнуцца з ізаляцыі ў вольны свет, пытацца ў іх трэба пра іншае.
Найперш пра тое, ці падтрымліваюць яны Аляксандра Лукашэнку.

Фота прэс-служба Лукашэнкі
Таго самага Лукашэнку, які пагражаў узяць Кіеў за тры дні і хутка дайсці да Ла-Манша. Таго самага, які прадаставіў Расіі тэрыторыю для ўварвання ва Украіну. Які служыць Пуціну верным саюзнікам у ваеннай агрэсіі, якая мае мэтай знішчэнне суседняй суверэннай краіны.
Гэта ж Лукашэнка заўсёды кажа, што ў вайне вінавата сама Украіна, якая так хацела атакаваць мірную Беларусь з «шасці пазіцый», што прыйшлося наносіць «прэвентыўны ўдар». Гэта ж паводле яго загадаў у Беларусі кідаюць у турмы людзей за жоўта-блакітныя сцяжкі, за песні па-ўкраінску і нават украінскае паходжанне.
Урэшце, гэта ён зараз пагрозліва хваліцца, што на беларускай тэрыторыі будзе размешчана расійская ядзерная зброя.
І гэта толькі адзін бок пытання — звязаны з вайной. А ёсць жа яшчэ і ўнутраны парадак дня — фальсіфікацыя выбараў, палітычныя рэпрэсіі, катаванні нязгодных, пасадка самалёта, міграцыйны крызіс.
Дык вось вы, паважаныя спартоўцы, якія «супраць вайны» — вы падзяляеце палітыку Лукашэнкі? І вы таксама хочаце ядзернай зброі ў сваёй краіне? І лічыце, што ў Кіеве пануе «нацысцкі рэжым», як кажуць на вашым тэлебачанні?
Хаця ў дэталі можна не паглыбляцца — дастаткова спытаць персанальна пра суагрэсара. І з адказу адразу будзе бачна, за вайну чалавек ці не. Як было б бачна падчас Другой сусветнай, калі б у італьянца спыталі, ці падтрымлівае ён Мусаліні. У адваротным выпадку той мог бы таксама сказаць, што мір лепшы за вайну.

Цікава, што той жа Сабаленка літаральна ў красавіку прыйшлося адказваць на пытанне пра Лукашэнку, за якога яна падпісалася ў праўладным лісце і з якім шматразова тусавалася раней, дэманструючы ідылію ў адносінах.
Тады была нагода: пасля перамогі Арыны ў Адкрытым першынстве Аўстраліі Лукашэнка звыкла прымазаўся да таго поспеху. Куляў чарку разам з прыдворным бізнесоўцам Цяцерыным, і тое відэа шырока разышлося ў сеціве. А потым і выказаўся ў сваім звычайным казарменным стылі, маўляў, «буду з ёй разбірацца за падвойныя памылкі на корце».
Пытанне пра «куміра» заспела Сабаленка знянацку. Таму, магчыма, і адказ у тэнісісткі, якая зараз жыве пераважна ў Маямі, атрымаўся з праявамі шчырасці.
«Я не ведаю, што сказаць… Ён можа каментаваць маю гульню, каментаваць усё, што хоча. Я не маю нічога агульнага з палітыкай. Я проста спартсменка з Беларусі. Я проста імкнуся рабіць усё лепшае, што магу, у маім відзе спорту. І спрабую канцэнтравацца на сабе», — сказала тэнісістка, паспрабаваўшы дыстанцавацца ад некалі ўлюбёнага палітыка.
Дык гэта было пытанне пра каментар. І нават тут у спартоўкі беспамылковай матрыцы не знайшлося. Калі б спыталі канкрэтна: падтрымліваеце палітыку Аляксандра Рыгорыча? — то матрыцы не знайшлося б тым больш. Бо ідэальнай метадычкі ў духу «і вашым, і нашым» датычна да беларускага дыктатара, здаецца, проста не існуе.
Застаецца спадзявацца, што неўзабаве беларускім спартоўцам за мяжой пачнуць задаваць правільныя пытанні.