«Іх імёнамі будуць называць вуліцы і плошчы». Ва ўкраінскіх гарадах увекавечваюць імёны беларусаў, якія загінулі за Украіну
Валанцёры ініцыятывы «Вільна Білорусь» мараць пра тое, што калі-небудзь імёны герояў, якія паклалі свае жыцці за незалежнасць і свабоду Украіны, будуць гучаць і ў Беларусі.
У некалькіх украінскіх гарадах з'явіліся вуліцы, названыя ў гонар беларусаў, якія загінулі за Украіну. З ініцыятывай аб перайменаванні выступіў дабрачынны фонд «Вільна Білорусь». Таксама ён збірае экспанаты для музея, прысвечанага беларускім добраахвотнікам. Яго плануюць адкрыць у прыгарадзе Бучы. «Нямецкая хваля» пагаварыла з заснавальнікам «Вільной Білорусі» Аляксеем Францкевічам.
У гонар беларускіх добраахвотнікаў і Каліноўскага
Аляксей Францкевіч расказвае, што цяпер у рамках працэсу «дэкамунізацыі і дэрусіфікацыі» ва Украіне масава мяняюць назвы такіх вуліц, як Мінская, Брэсцкая, Беларуская. У той жа час грамадскасць можа прапаноўваць новыя назвы: падаецца заяўка і абгрунтаванне, чаму вуліцу павінны назваць менавіта так, а не інакш; мясцовыя ўлады яе разглядаюць і выносяць свой вердыкт.
Так у Ноўгарадзе-Валынскім і Чарнаўцах замест Мінскай з'явілася вуліца Героя Украіны Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў на Еўрамайдане 22 студзеня 2014 года. Акруговая ў Бучы носіць імя Іллі Літвіна (Хрэнава). Баец беларускай роты тэрытарыяльнай абароны загінуў у баі за Бучу 3 сакавіка 2022 года. Вуліца і завулак Пушкіна ў Хмяльніцкім перайменаваны ў гонар яшчэ аднаго беларуса, Героя Украіны Аляксея Скоблі (пазыўны «Тур»), які таксама загінуў пад Кіевам у першыя тыдні вайны.
Паводле слоў Аляксея Францкевіча, фонд прапануе пераназываць вуліцы і ў гонар кіраўніка паўстання 1863 года Кастуся Каліноўскага. Яго імя таксама носіць беларускі полк, які змагаецца ва Украіне.
«Каб не страчваць сувязь паміж беларускім і ўкраінскім народамі»
Вуліца Каліноўскага, замест Беларускай, з'явілася ў Мукачаве. Францкевіч спадзяецца, што таксама будзе перайменаваная і вуліца ў Львове, бо ў гэтым горадзе, у тым ліку, пахаваныя паўстанцы Каліноўскага, ёсць вялікая польская і літоўская абшчыны. «Для чаго мы Беларускія, Мінскія, Брэсцкія пераназываем у гонар Каліноўскага ці хлопцаў, якія загінулі ва Украіне? Не толькі каб увекавечыць памяць герояў, але і каб не страчваць сувязь паміж беларускім і ўкраінскім народамі», — адзначае Францкевіч.
Днямі фонд накіраваў прапановы аб перайменаванні чатырох вуліц у Запарожжы ў вуліцы імя Міхася Жызнеўскага, Аляксея Скоблі, Кастуся Каліноўскага, а таксама ў «Вольную Беларусь».
Паводле слоў Францкевіча, не заўсёды працэс перайменавання ідзе проста. У Хмяльніцкім, да прыкладу, назваць вуліцу ў гонар яшчэ аднаго загінулага беларуса Эдуарда Лобава пакуль не ўдалося: мясцовыя жыхары падалі больш за 200 заявак з магчымымі новымі назвамі вуліц. Улады пакінулі пытанне адкрытым да канца вайны. А ў Ірпені заявілі, што не хочуць, каб «горад ператварыўся ў могілкі».
Музей у Бучы, прысвечаны беларускім добраахвотнікам
Памяць пра беларусаў, якія загінулі ва Украіне, паводле слоў Францкевіча, будзе ўвекавечана не толькі ў назвах вуліц. Фонд «Вільна Білорусь» хоча стварыць у Бучы музей, прысвечаны беларускім добраахвотнікам. Аляксей Францкевіч кажа, што блізкія і аднапалчане перадаюць іх асабістыя рэчы для будучай экспазіцыі. Ужо ёсць дзве бронекамізэлькі, шапка загінулага пад Лісічанскам у чэрвені 2022 Васіля Парфянкова, якую «ён не здымаў», і іншыя экспанаты.
«Фонд дапамагае 96-й ракетна-зенітнай брыгадзе, якая закрывае Кіеў, яны нам перададуць фрагменты збітых над Кіеўскай вобласцю самалётаў, верталётаў, ракет. Плануем пераплавіць іх у нейкую скульптуру пра подзвіг украінцаў і беларусаў», — дзеліцца планамі Францкевіч.
Суразмоўца таксама марыць, што музей унясуць у спіс Міністэрства культуры Украіны як аб'ект для наведвання замежнымі дэлегацыямі. А пакуль ён не адкрыты, фонд арганізаваў перасоўную выставу пра беларускіх добраахвотнікаў. Яе ўжо ўбачылі ў Львове, Кіеве, Дняпры, Запарожжы, у планах — Вільня, Варшава, Харкаў, Мікалаеў, Сумы, Адэса. «Мы хочам расказаць, што ва Украіне пішацца сучасная гісторыя, але ў гэтым бяруць удзел і беларусы»,— кажа Аляксей Францкевіч.
«Ніхто не скажа, колькі беларусаў ваююць ва Украіне»
Яшчэ адзін важны напрамак — збор інфармацыі пра ўсіх беларусаў, якія загінулі ва Украіне: «Сёння ніхто вам не зможа сказаць, колькі беларусаў па нацыянальнасці ваююць ва Украіне, колькі з іх загінулі». Паводле слоў Францкевіча, вядомыя імёны тых, хто змагаецца ў палку Каліноўскага, Беларускім добраахвотніцкім і ў другім інтэрнацыянальным карпусах, але беларусы — «другая па колькасці нацыя пасля ўкраінцаў, якая ваюе ва УСУ».
Таксама ва Украіне запушчаныя петыцыі аб прысваенні звання Героя Украіны траім беларусам: Эдуарду Лобаву і добраахвотнікам з пазыўнымі Ганс і Маджахед. «Мы хочам, каб у будучыні з імёнамі загінулых асацыявалася не толькі свабодная і незалежная Украіна, але і свабодная і незалежная Беларусь, каб іх імёнамі і ў Беларусі называлі вуліцы і плошчы», — дзеліцца Аляксей Францкевіч.