«Я, хутчэй за ўсё, не перажыву гэтай вайны»

12 сакавіка мог адзначыць свае чарговыя народзіны легендарны каліновец Іван «Брэст» Марчук. Ён ваяваў ва Ўкраіне з 2015 году, а да гэтага прайшоў школу Францускага замежнага легіёну. Быў камандзірам батальёну «Волат» палка імя Каліноўскага. Загінуў Іван 26 чэрвеня 2022 году, падчас бою з расейскімі акупантамі ля гораду Лісічанск.

marczuk.jpg

Былыя паплечнікі і сябры падзяліліся сваімі ўспамінамі і гісторыямі пра героя вайны са Сваб*дай.

«Бярэш гранатку, расьціскаеш ручачкі»

У пачатку буйнамаштабнай вайны «Брэст» шмат дапамагаў тым беларусам, якія ніколі раней не сутыкаліся з ваеннай справай, вучыў іх карыстацца рознымі відамі зброі. Уладзімер «Лысы» Лаўранюк успамінае эпізод з сакавіка.
На палігоне пад Кіевам нам прыносяць скрыню з гранатамі і скрыню з узрывальнікамі. Ускрываюць скрыні, і тут «Брэст» пачынае тлумачыць:
«Дастаём гранаткі, не баімся, выкручваем кляпан, укручваем узрывальнік да шчаўчка. Усё, гранатка гатовая». І так міла ўсё гэта гаварыў! Гэта такі псыхалягічны прыём, каб людзі не баяліся гранат, а то ж маглі ўзяць і потым рукі б не змаглі раскрыць«.
Пасьля першага інструктажу ваяр выклікаў па адным да сябе навабранцаў і прапаноўваў ім кінуць гранату, таксама тлумачыў усё вельмі спакойна.
«Бярэш гранатку, націскаеш, расьціскаеш ручачкі, вымаеш чаку, кідаеш гранатку і падаеш у акоп». Гэта было вельмі крута, у выніку ніхто не баяўся кідаць гранаты, у наступных баях нам гэта вельмі дапамагло«, — кажа «Лысы».

«Бегаў па базе ў споднім»

Парамэдык батальёну «Волат» Анастасія «Север» Махамет кажа, што спачатку ў яе было вельмі дзіўнае ўяўленьне пра Івана, які сваімі паводзінамі і зьнешнасьцю нагадваў «баявога гнома».
«Ён вельмі нястомны, рэактыўны, хуткі, шмат рухаўся, гаварыў, рабіў, кудысьці пастаянна сьпяшаўся. Першы час мне здавалася, што ён наводзіць мітусьню. Любіў бегаць па базе ў споднім. Бачыш, міма цябе бяжыць баявы гном у майтках — значыць, камбат на месцы», — сьмяецца Анастасія.
Суразмоўцы Свабоды адзначаюць, што «Брэст» быў вельмі эмацыйным чалавекам, але пры гэтым разважлівым.

polk.jpg

«У канцы траўня я была гатовая пакінуць полк, і ў нас адбылася вельмі шчырая размова. Я тады зразумела, што гэта чалавек, які сапраўды верыць, і я хачу яму дапамагчы дабіцца таго, пра што ён марыць. Ён сапраўды верыў і марыў пра свабоду Беларусі. Ён лічыў, што мы можам быць тым самым флягманам, які ўсё гэта можа зрабіць. Адзінае, што ў Вані была такая фраза, якую я і цяпер часта паўтараю: „Мы альбо загінем у вайне ва Ўкраіне, альбо ў вайне за Беларусь, ці нас прыбяруць, бо мы будзем нязручнымі людзьмі“. І мне здаецца, што ў нейкім сэнсе ён меў рацыю. Я вельмі спадзяюся, што Ваня ўвойдзе ў гісторыю», — расказвае «Север».
Вельмі эмацыйным момантам для «Брэста» стала гібель яго баявога таварыша і камандзіра Паўла «Волата» Суслава, які загінуў у траўні ў Мікалаеўскай вобласьці.
«Мне здавалася, што „Брэст“ разьнясе гэтую лякарню, яго настолькі перапаўнялі эмоцыі. Я плянавала вяртацца на пазыцыю, бо мы аддалі „Волата“ лекарам, яму зьбіраліся рабіць апэрацыю, я хацела сесьці ў машыну — і тут чую роспачны крык Вані».

«Спачатку не спадабаўся»

Баец батальёну «Волат» Аляксандар «Кусь» Клачко кажа, што першапачаткова «Брэст» яму не спадабаўся.
«Доўгая барада, каранасты, выглядаў нашмат старэйшым за свой узрост. Мне здавалася, што з гэтым чалавекам я не сыдуся ніколі», — кажа Аляксандар.
Потым «Кусь» убачыў у Іване сапраўднага камандзіра і чалавека, які здольны дапамагаць у цяжкія моманты.
«Ён быў зь ліку тых, хто змагаецца за ідэю. Ён быў гатовы загінуць за свае ідэалы. У Мікалаеве, пасьля бою за сяло Лазавое, я падышоў да Івана з просьбай выехаць у Вільню для афармленьня дакумэнтаў. Я сказаў яму, што ён выдатны камандзір і мне падабаецца, што ён гаворыць тое, што адчувае. «Брэст» тады сказаў мне прыкладна наступнае: «Я, хутчэй за ўсё, не перажыву гэтай вайны. Таму я хачу пабудаваць сыстэму, якая будзе працаваць пасьля мяне».

polk_kalinouskaha_4.jpg

«Давайте, ребятки, поддержите нас»

Штурм сяла Лазавое на мяжы Мікалаеўскай і Херсонскай абласьцей — гэта адна зь першых удалых апэрацый палка Каліноўскага. Іван «Брэст» Марчук быў адной з ключавых фігур таго наступу. Начальнік штабу батальёну «Волат» «Марк» успамінае забаўную гісторыю з той апэрацыі.
«Гэтая гісторыя перадаецца ўжо як легенда. Падчас штурму Лазавога наш выведнік „Дэн“ знайшоў расейскую камандную рацыю, яе аддалі Івану. І Ваня стаў карэктаваць расейскую артылерыю па Лазавым, калі ішоў наш штурм. Ён прасіў „прасаваць“ тыя месцы, куды якраз адступалі расейцы. Гэтую сытуацыю ўспамінаеш — і ўсьмешка на твары. Як ён гаварыў у рацыю: „Давайте, ребятки, поддержите нас, помогайте“. Гэта было проста супэр».
«Марк» кажа, што сваім прыкладам «Брэст» паказваў усім, якімі яны павінны быць.
«У яго былі выдатныя лідэрскія якасьці, ён прайшоў шлях ад звычайнага жаўнера да камандзіра. Ваня заўсёды ішоў першым і адыходзіў апошнім», — кажа «Марк».

«Разагравала яму кансэрвы»

Ужо пасьля Лазавога батальон «Волат» адправілі на пазыцыі ў Севараданецк і Лісічанск Луганскай вобласьці. Тады гэтыя гарады яшчэ не былі акупаванымі і трывалі абарону.
«Я помню, калі нашы стаялі ў Севераданецку, а я яшчэ была ў Лісічанску, і вельмі хацела да ўсіх. Іван жартаваў, што возьме мяне з сабой толькі ў тым выпадку, калі я буду разаграваць яму ежу. Бывала, што ён прыяжджаў з пазыцыі на кароткі час і пакуль пераапранаўся, мыўся, то я яму сапраўды разагравала францускія сухія пайкі. Гэта была кансэрва, пасыпала яе зяленівам, і Ваня тады такі шчасьлівы бегаў», — працягвае Анастасія «Север» Махамет.
Дзяўчына кажа, што «Брэст» браў яе на палігоны, і ўсё, што яна ўмее з баявога пункту гледжаньня, гэта заслуга Івана.
«Ён быў вельмі добры, уважлівы, сьветлы чалавек. Я рэгулярна цяпер успамінаю нейкія ягоныя фразы, размовы, якія мяне падтрымліваюць. Я і цяпер разьвіваю падразьдзяленьне менавіта так, як мы гэта агаворвалі з Ванем. У нас быў плян, мы яго зацьвердзілі незадоўга да гібелі «Брэста». Неяк у Севераданецку мы елі, грэлі чай, у нас была такая свая атмасфэра, ён прыбег і кажа: «Хлопцы і дзяўчаты, зразумейце, вы вось гэта ўсё праз шмат гадоў будзеце ўспамінаць болей, чым акопы і страляніну».

polk_kalinouskaha_5.jpg

«Абяцаю, што пойдзеце першымі»

Аляксандар «Кусь» Клачко таксама ўспамінае эпізод зь Лісічанскам. Выехаць у Севераданецк, дзе было больш небясьпечна, падчас той ратацыі Аляксандру не атрымалася.
«Брэст» большую частку часу правёў у Севераданецку (цераз раку ад Лісічанску). Частка хлопцаў — каля 15 чалавек, у тым ліку я, — ня трапілі ў Севераданецк праз разбурэньне мастоў. Мы рваліся туды і былі незадаволенымі, што нас трымаюць у тыле. «Брэст» адчуваў нашы настроі і па дарозе ў Кіеў сказаў: «Хлопцы, вы нічога не падумайце, так атрымалася. Я абяцаю, што тыя, хто ня трапіў у Севераданецк, у наступны раз першымі пойдуць на «перадок».

«Калі пачалася вайна, ён выдыхнуў»

Намесьнік «Брэста» па батальёне «Волат» Васіль «Пацук» Верамейчык расказвае, што гэта быў жвавы, хуткі, агрэсіўны, цікавы і неадназначны чалавек.
«Ён вельмі любіў зброю, выказваў проста дзіцячае захапленьне, калі мог лупіць з чагосьці новага. Мне запомнілася, як Іван радаваўся, калі нам далі першы кулямёт „Браўнінг“, а потым машыну, куды можна было яго ўсталяваць. І як ён амаль плакаў, калі гэты „Браўнінг“ і машыну ў нас забралі. Усе скажуць, што ён быў вельмі сьмелы, а я дадам, што часам ён яшчэ быў і вельмі сьмешным. Мы нават яго называлі „баявым гномам“».
Васіль апавядае, што нават сварыліся з «Брэстам», бо ў іх былі розныя падыходы, але потым мірыліся і працягвалі службу.
«Ягоная дзяўчына расказвала, што ён вельмі радаваўся, калі пачалася вайна. Яму цяжка даваліся апошнія месяцы перад гэтым, бо ён жыў у яе чаканьні. І калі вайна пачалася, то ён выдыхнуў, узяў торбу і паехаў. Выбітны быў чалавек“, — расказвае «Пацук». «Кусь» лічыць, што «Брэст» выдатна адчуваў настроі ваяроў, бо заставацца ў тыле для іх было як пакараньнем, калі астатнія ішлі наперад.

«Я прачынаюся, а гэтыя каты мяне грызуць»

Уладзімер «Лысы» Лаўранюк кажа, што «Брэст» быў ня толькі добрым ваяром, але і чалавекам. Калі батальён «Волат» знаходзіўся ў Мікалаеве, то пабрацім і сябра дзяцінства «Лысага» Аляксандар «Лахвіч»​ Наўковіч зьбіраў па навакольлі бадзяжных катоў і сабак.
«„Брэст“ мяне неяк знаходзіць і кажа: „Лысы», мяне „Лахвіч“ дастаў з гэтымі катамі. Я прачынаюся ранкам, а мяне гэтыя каты грызуць, аблізваюць. Мяне ён ня слухае, мо ты як дружбак яму нешта скажаш“. А „Брэста“ вельмі любілі жывёлы, цягнуліся да яго. Ён толькі клаўся спаць, як гэтыя каты яго апаноўвалі».

«Вы не паверыце, у нас зноў усё перая...ся»

Анастасія «Север» кажа, што «Брэст» любіў усё запісваць на паперкі, вакол яго заўжды былі стосы паперы, на якіх ён нешта пісаў.
«Мы неяк глядзелі тры ягоныя сьпісы і ніяк не маглі зразумець, які ж зь іх апошні. „Блін, Ваня, ну чаму ты не пакінуў адзін варыянт толькі“, — злаваліся тады на яго. У яго была геніяльная фраза: „Вы не паверыце, спадарства, але ў нас зноў усё перая...ся“, калі патрэбна было тэрмінова перарабляць нейкі плян. У нейкі момант адбылося так; нашы хлопцы нават зрабілі яму пячатку з гэтым тэкстам, якую ён ахвотна шлёпаў на некаторыя дакумэнты. Сама пячатка ўсё яшчэ існуе, пакарыстаўся ён ёй, на жаль, зусім нядоўга».

«Ваня заўжды з намі»

«Ваня нікуды ня дзеўся. Ён задаў нам траекторыю, калі быў побач, і мы па ёй рухаемся. Мы марудна, але дакладна ідзём да таго, пра што разам марылі. Ваня заўжды з намі. Калі я нешта раблю, то заўсёды думаю пра яго», — кажа «Марк».