«Ён гатовы быў ахвяраваць апошнім». У Кіеве развіталіся з беларускім добраахвотнікам Эдуардам Лобавым

Пра смерць добраахвотніка Эдуарда Лобава стала вядома 26 студзеня. Ён загінуў у баях пад украінскім Вугледарам. Сёння ў Кіеве ў касцёле святога Аляксандра сябры і пабрацімы развіталіся з героем.

razvitanne_z_eduardam_lobavym_fota_alesja_minava__11__logo.jpg

— Мы разам былі на фронце, як і ў складзе тактычнай групы «Беларусь», так і ў сумежных падраздзелах, — распавёў «Новаму Часу» камандзір батальёна «Волат» Ян Мельнікаў з пазыўным «Беларус». — Калі мы зняліся з фронту ў 2017 годзе, то частка хлопцаў разышлася па кантрактах, частка пачала жыць цывільным жыццём, а частка працягнула ваяваць у добраахвотных батальёнах. Эдуард пайшоў на кантракт да 8-га палка, там адбыў кантракт у 3 гады, пасля перавёўся на кантракт да Белацэркаўскай 72-й брыгады, у складзе якой бараніў Кіеў, і ў складзе якой прымаў той бой, дзе загінуў пры спыненні наступу ворага на Вугледар.

Ян Мельнікаў

Ян Мельнікаў

Заўжды пра загінулых кажуць самыя лепшыя словы, але сапраўды тут той выпадак, калі гэта абсалютна шчыра. Не толькі тое, што ён быў добры, значна дабрэйшы за многіх, ён яшчэ быў максімальна шчырым, адкрытым чалавекам. Цяжка ўявіць, каб гэты чалавек камусьці б мог зрабіць нешта кепскае, калі гэта, вядома, не вораг яго краіны. Насамрэч тое, што можна сказаць пра яго, тычыцца і большасці нашых хлопцаў, якія тут сабраліся. Ён быў гатовы ахвяраваць дзеля пабрацімаў апошнім.


Былі ў нас і складаныя часы: мы ваявалі добраахвотнікамі і не атрымлівалі ніякіх заробкаў. У пэўны час, да таго, як мы пакінулі фронт са складу тактычнай групы «Беларусь», то жылі ў Кіеве, не мелі асабліва грошай, толькі маленькія падпрацоўкі, то ён увесь час дзяліўся з хлопцамі літаральна апошнім кавалкам хлеба.


Ён, як і ўсе мы вельмі хацеў, каб была вольная Украіна, і вольная Беларусь. Усе мы хочам патрапіць дадому, і не ў лукашэнкаўскую турму, а ў вольную краіну, дзе зможам спакойна жыць.

razvitanne_z_eduardam_lobavym_fota_alesja_minava__7__logo.jpg


«У Варшаве афіцыйнае развітанне будзе ў касцёле на плошчы Трох Крыжоў. Мы яшчэ не ведаем даты, бо ўсё вельмі складана з транспарціроўкай. Шмат розных бюракратычных рэчаў, якія трэба вырашаць у Польшчы і ва Украіне», — паведаміла маці героя Марына Лобава.


Нагадаем, Эдуард Лобаў — былы беларускі палітвязень. Быў асуджаны да чатырох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такое рашэнне абвясціла 24 сакавіка 2011 г. у судзе Маскоўскага раёна Мінска суддзя Алена Шылько. 22-гадовы актывіст «МФ» быў прызнаны вінаватым у «асабліва злосным хуліганстве».

Эдуард Лобаў разам са старшынём «Маладога Фронту» Змітром Дашкевічам быў затрыманы ў Мінску 18 снежня 2010 года, паводле міліцыі, яны нібыта збівалі мінакоў. Затрыманне Лобава і Дашкевіча было прэвентыўнай мерай напярэдадні выбараў прэзідэнта, якія адбываліся на наступны дзень.

Да суда Эдуард утрымліваўся ў Жодзінскім СІЗА, з пачатку сакавіка 2011 г. — у Мінскім СІЗА па вул. Валадарскага.

З 7 красавіка 2011 г. адбываў прысуд у Івацэвіцкай калоніі № 22. На волю выйшаў, цалкам адбыўшы тэрмін пакарання. Амаль адразу пасля адбыцця тэрміна ён з’ехаў ва Украіну, дзе ў 2014 годзе пачаў змаганне супраць расійскай агрэсіі. У сваім апошнім баі ён з пабрацімамі паляваў на расійскія танкі.