За дзьве гадзіны да сьмерці Эдуард Лобаў перастраляў расейскі дэсант
Беларус Эдуард Лобаў загінуў 26 студзеня ў баях ля ўкраінскага Вуглядару. І гэта як мінімум 19-ы беларус-добраахвотнік, які загінуў за апошні год ва Ўкраіне.
Эдуард Лобаў. 2015 год
Эдуард Лобаў апошнія тры гады служыў у 72-й асобнай мэханізаванай брыгадзе імя Чорных запарожцаў. Эдуарду было 34 гады. Сябры і пабрацімы згадалі «Св*бодзе» пра загінулага добраахвотніка.
Вядомасьць у Беларусі Эдуард Лобаў набыў у 2010 годзе, калі за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў яго арыштавалі разам з паплечнікам па «Маладым фронце» Зьмітром Дашкевічам. У выніку Эдуарда асудзілі на 4 гады зьняволеньня. Пакараньне ён адбываў у калёніі «Воўчыя норы» пад Івацэвічамі. На волю выйшаў, цалкам адбыўшы тэрмін. Пісаць прашэньне аб памілаваньні катэгарычна адмовіўся.
«Выбраўся з аўтаматам з акопу»
У 2015 годзе Лобаў паехаў на вайну ва Ўкраіне. Спачатку служыў у батальёне «Правы сэктар», потым у 8-м асобным палку спэцыяльнага прызначэньня ў Хмяльніцкім. Апошнім часам разам з брыгадай «Чорных запарожцаў» кватараваўся ў Белай Царкве.
На вайне Эдуард быў стралком з гранатамёта і амэрыканскага пераноснага супрацьтанкавага ракетнага комплексу Javelin. Украінскі ваяр Іван «Каёт», які быў з Лобавым у адным разьліку, кажа, што беларус абсалютна віртуозна страляў з гранатамёта.
«Уражаньне было, што ён нібыта гуляе ў Angry Birds, настолькі добра атрымлівалася. А вось з Javelin у мяне атрымлівалася лепш, таму мы адзін аднога добра дапаўнялі», — кажа «Каёт».
Івана паранілі за пару гадзін да таго, як Эдуард загінуў. Менавіта дзеяньні Лобава выратавалі жыцьцё ўкраінскаму жаўнеру.
«Расейцы высадзілі дэсант недалёка ад ягонай пазыцыі. Эдуард выбраўся з акопу і спакойна, адзіночнымі стрэламі з аўтамата перастраляў іх усіх. Спачатку мы гаварылі пра пяцярых забітых ім ворагаў, але потым каля таго месца знайшлі пятнаццаць трупаў расейскіх вайскоўцаў», — расказвае пабрацім Эдуарда, беларус Аляксандар Малчанаў. Менавіта тыя дзеяньні Лобава дазволілі эвакуяваць з поля бою «Каёта».
«Вельмі правільны чалавек»
Сьмяротнае раненьне Лобаў атрымаў ад пападаньня аскепка танкавага снарада, калі беларус страляў па танку з Javelin. Гэта быў блізкі бой, хуткую эвакуацыю зрабіць не маглі.
«Я ведаў Эдуарда тры гады, гэта быў вельмі правільны чалавек. Яму адмаўляліся даваць украінскае грамадзянства, нешта марозілі. Мы прапаноўвалі занесьці хабар, але ён адмаўляўся катэгарычна, не хацеў ісьці ні на якія гнюсныя правакацыі. Ён вельмі спрактыкаваны ваяр, адказны, шмат ведаў і ўмеў. Многія кантрактнікі нават такога ня ўмелі», — кажа Іван «Каёт».
Аляксандар Малчанаў дадае, што Лобаў старанна вывучаў вайсковую справу.
«Ён прайшоў падрыхтоўку ў спэцназе, гэта стандарты краін NATO. У баях ён дзейнічаў граматна, рашуча і сьмела. Здавалася, ён увогуле не адчувае страху», — кажа Малчанаў.
«Распаўсюджваў у войску самаробныя ўлёткі»
Да «Маладога фронту» ў 2010 годзе Лобаў далучыўся дастаткова выпадкова. Калі служыў у віцебскім дэсанце, туды трапіў маладафронтавец з Гомля Андрусь Цянюта.
«Я размаўляў па-беларуску. Магчыма, Эдзіка гэта зацікавіла. Ён заўжды быў патрыётам, але ні з чым нацыянальным яшчэ не сутыкаўся. Ён служыў на паўгода старэйшым за мяне. Калі мяне пасадзілі на гаўптвахту, то Эдуард самастойна зрабіў улёткі і наклейваў іх на тэрыторыі вайсковай часткі і каля яе. Пісаў, што хопіць трываць вайсковыя бясчынствы. Калі я выходзіў з "губы", то яго якраз туды адвозілі», — расказвае Цянюта.
Хлопец кажа, што Лобаву заўжды была цікавая вайсковая справа, ён ідэальна ведаў усе характарыстыкі зброі. Адметна, што пасьля таго выпадку з гаўптвахтай камандзір роты пазбавіў Эдуарда магчымасьці скакаць з парашутам. А вось Цянюту, наадварот, усяляк спрабавалі зацікавіць службай.
«Давалі магчымасьць страляць з усяго, скачкі таксама былі... Калі я прыяжджаў з Гомля ў Менск (гэта было ранкам, гадзіне а 5-6-й), то Эдуард заўжды сустракаў мяне на вакзале. Мы разам гулялі, зрэдку сядзелі ў кавярнях, бо грошай не было. Ён мне паказваў Менск, свае ўлюбёныя месцы», — расказвае Цянюта.
«Імкнуўся спыніць зло»
Іван «Каёт» кажа, што пытаўся ў Лобава, чаму ён прыехаў зь Беларусі ваяваць ва Ўкраіну.
«Ён сказаў, што мы блізкія народы. І ў нас адзін вораг. Я ведаю, што ён марыў звольніцца з арміі, атрымаць украінскае грамадзянства, пабудаваць дом. Ён верыў у ідэальнае грамадзтва, адстойваў яго прынцыпы. Мы нават ня ведалі, што пра Эдуарда была старонка ў Вікіпэдыі. Ніколі гэтым не хваліўся, быў сьціплым», — кажа Іван.
Аляксандар Малчанаў дадае, што Эдуард бачыў, якое зло Расея нясе ня толькі Ўкраіне, але і ўсім краінам Усходняй Эўропы.
«Таму ён імкнуўся, як мог, спыніць гэтае зло», — кажа пабрацім.
Усе суразмоўцы Свабоды сьцьвярджаюць, што Эдуард не баяўся сьмерці. Больш непрыемна яму было б трапіць у палон, каб яго маглі выдаць Беларусі. Ён удзельнічаў у баях за вызваленьне Кіеўскай вобласьці, потым быў у Чарнобылі.
«Пра жонку гаварыў, што пакуль не плянуе, бо цяжка гэта падчас службы. Мы ж увесь час на нейкіх "памыйках", палігонах. Казаў, ну якая нармальная жанчына будзе чакаць мужыка, якога бачыць максімум 15 дзён на год? Ведаю, што ў яго была невялікая кватэра ў Хмяльніцкім, але амаль увесь час жыў у казарме», — кажа Іван.
Эдуард Лобаў стаў сама меней 19-м беларускім добраахвотнікам, які загінуў ад пачатку буйнамаштабнай вайны, абараняючы тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.