У армію РФ завербавалі 50 жанчын з калоніі на Данбасе. Вязням-беларускам варта занепакоіцца?

Жанчын з калоніі ў акупаваным Данбасе адправілі для праходжання ваеннай падрыхтоўкі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. А далей іх чакае ўдзел у вайне. У беларускіх жаночых калоніях таксама нядаўна пачалі рыхтаваць спісы ваеннаабавязаных…

gomel_kaloniya.jpeg

Расіяне завербавалі ў калоніі на тэрыторыі часова захопленай Данецкай вобласці 50 жанчын для ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Іх накіравалі на тэрыторыю РФ для праходжання падрыхтоўкі. Такой інфармацыяй падзяліўся ўкраінскі Генштаб у традыцыйнай справаздачы аб сітуацыі на фронце па стане на вечар 4 лютага.

У паведамленні сказана: "Каб папоўніць страты ў жывой сіле, праціўнік спрабуе прыцягнуць да ўдзелу ў баявых дзеяннях асуджаных жанчын. На працягу тыдня акупанты завербавалі каля 50 чалавек з жаночай папраўчай калоніі горада Снежнае на часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці. Таксама вядома, што яны накіраваныя на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі для праходжання падрыхтоўкі".

Даўно не навіной з’яўляецца тое, што ў Расіі вязняў калоній масава агітавалі ўдзельнічаць і вайне — іх спакушалі грашыма і абяцаннем свабоды. Аднак пра тое, што на фронт вярбуюць жанчын, інфармацыі раней пакуль не з’яўлялася.

І тут варта згадаць, што ў канцы студзеня праваабаронцы паведамілі, што ў Беларусі ў гомельскай жаночай калоніі № 4, дзе ўтрымліваюцца не менш за 58 палітзняволеных жанчын, адміністрацыя пачала складаць спісы жанчын, якія з'яўляюцца ваеннаабавязанымі. Праверка адбываецца як сярод палітычных зняволеных, так і непалітычных, адзначалі праваабаронцы.

Тады палітолаг Вадзім Мажэйка ў каментары для Еўр*радыё супакойваў, што такія спісы жанчын варта разглядаць у «кантэксце ціску на палітвязняў у гэтай калоніі»… «Гэта не пра тое, што ў калоніі ўсё ціха і мірна, і вось толькі гэтыя спісы там ёсць. Не, там ёсць і іншыя элементы ціску. Адпаведна, гэта адна з частак агульнага ціску на палітвязняў, якая сама па сабе навіной не з’яўляецца», — адзначаў Мажэйка, і дадаваў: «Лічыць, што мабілізацыя пачнецца з гомельскай жаночай калоніі — гэта вельмі сумнеўна. Я б гэтыя падзеі не звязваў. Тым больш, якім цікавым ваенным рэсурсам гэтыя зняволеныя жанчыны могуць быць? Іх ніхто не будзе вывазіць з калоніі на вайсковыя зборы ці даваць у рукі зброю».


Цяпер у кантэксце навінаў пра тое, што расійскія ўлады спачатку агітавалі ваяваць вязняў-мужчын, а цяпер узяліся нават за жанчын з акупаваных тэрыторый, беларускія спісы ваеннаабавязаных жанчын-вязняў выглядаюць яшчэ больш пагрозліва.