Могілкі «вагнераўцаў» разрасліся ў сем разоў

Павелічэнне тэрыторыі могілак супадае з крывавым наступам расійскіх жаўнераў і наймітаў на ўсходзе Украіны.

2799231.png

Могілкі, якія выкарыстоўваюцца ПВК «Вагнер» для пахавання забітых наймітаў у станіцы Бакінская Краснадарскага краю, за апошнія некалькі месяцаў павялічылася ў сем разоў. Пра гэта паведамляе выданне The New York Times, якое прааналізавала спадарожнікавыя здымкі і відэазапісы, піша korrespondent.net.

«Могілкі пашырыліся — рэдкае візуальнае сведчанне, якое паказвае, які ўрон наносіць Вагнеру, асабліва яго шараговым байцам, уварванне ў Украіну. На спадарожнікавым здымку, зробленым 24 студзеня, відаць каля 170 пахаванняў у раёне, дзе хаваюць байцоў Вагнера, і гэта колькасць павялічылася амаль у сем разоў у параўнанні з тым, што было відаць на спадарожнікавых здымках усяго два месяцы таму», — гаворыцца ў артыкуле.

Выданне адзначае, што павелічэнне тэрыторыі могілак супадае з крывавым наступам расійскіх жаўнераў і наймітаў з мэтай замацавацца на ўсходзе Украіны.

Урад ЗША сцвярджае, што страты Вагнера на полі бою «вылічаюцца тысячамі і 90% з іх — гэта зняволеныя, якія былі завербаваныя для ўдзелу ў баявых дзеяннях у абмен на вызваленне з турмы».

Нагадаем, пра існаванне могілак, размешчаных недалёка ад асноўнага трэніровачнага цэнтра «вагнераўцаў» у пасёлку Молькіна, упершыню стала вядома ў снежні 2022 года ад актывіста і былога афіцэра ВПС Расіі Віталя Ватаноўскага. Існаванне гэтых могілак пацвярджаў і заснавальнік ПВК Вагнер Яўген Прыгожын.