Полк Каліноўскага лёгка зойдзе ў Беларусь — гэтага Лукашэнка і баіцца

Украінскі эксперт — пра тое, што чакае рэжым у выпадку перамогі Украіны ў вайне з Расіяй.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Вайскова-палітычны аглядальнік Аляксандр Каваленказаявіў, што для Лукашэнкі байцы палка імя Кастуся Каліноўскага не проста страшны сон на словах.

Пры жаданні атрады беларусаў, якія на гэты момант змагаюцца з акупантамі ва Украіне, могуць лёгка перайсці мяжу і паспрабаваць зрынуць нелегітымны рэжым дыктатара, як гэта здарылася 22 траўня ў Расіі, мяркуе Каваленка. Гаворка ідзе пра «эпізод заходу партызанаў легіёна «Свабода Расіі» і Рускага Добраахвотніцкага корпуса» ў Бранскую вобласць.

«У складзе палка імя Кастуся Каліноўскага каля тысячы байцоў. Фактычна, гэта 2 БТГр. Акрамя таго, ва Украіне прысутнічаюць і іншыя падраздзяленні, сфармаваныя з беларусаў, якія не так часта гучаць у інфармацыйнай прасторы. Гэта значыць, рэальная колькасць большая», — указаў Каваленка.

Пры гэтым з боку арміі Беларусі на мяжы знаходзіцца каля 2 тысяч асабовага саставу падраздзяленняў з агульнай колькасці арміі прыкладна ў 14 тысяч салдат.

Каваленка прывёў прыклад, што ў дзень заходу партызанаў на тэрыторыю РФ куды большыя суадносіны сіл не змаглі прадухіліць прарыў, таму «папяровая» абарона Лукашэнкі проста разваліцца ў выпадку адпаведнай спробы з боку беларусаў.

«Працягласць мяжы Беларусі і Украіны складае 1084 км. Гэта значыць, калі 17 тысяч целаў на мяжы Расіі з неакупаванай часткай Украіны, працягласцю 700 км не змаглі прадухіліць прарыў па фронце 40 км і ўглыб на 7 км. Ці змогуць 2 тысячы папяровых салдацікаў абараніць 1 тысячу км? Такім чынам, робім выснову: пранікненне на тэрыторыю Беларусі не ўяўляе складанасці», — сказаў Каваленка.

Пры гэтым вайскова-палітычны аглядальнік падкрэсліў, што такі сцэнар верагодны пасля завяршэння вайны ва Украіне, аднак тут важны фактар падтрымкі насельніцтва ўнутры Беларусі. Без масавых пратэстаў людзей зрынуць «рэпрэсіўную машыну» Лукашэнкі будзе складана.

«І вось тут у ход уступае сілавы фактар баявых беларусаў. Менавіта баявых, а не тых, што звыклі збіваць бяззбройных пратэстоўцаў альбо фарсяць на парадах галіфэ. Беларусы, якія бяруць удзел у вайне ва Украіне, маюць тое, чаго няма ва ўсёй беларускай арміі — рэальны баявы досвед. І менавіта яны будуць галоўнай апорай пратэстаў у супрацьдзеянні лукашэнкаўскім сілавікам», — запэўніў ён.

Нагадаем, нядаўна польскі генерал Вальдэмар Скрыпчак заклікаў рыхтавацца да паўстання ў Беларусі:

«Калі ўкраінскае контрнаступленне будзе паспяховым, то тыя ўзброеныя беларусы, якія з'яўляюцца часткай вайсковага патэнцыялу ўкраінскага войска, не складуць зброю. Яны адправяцца ў Беларусь. Я спадзяюся, што гэта выкліча паўстанне ў Беларусі, гэтага Лукашэнка баіцца.

Давайце рыхтавацца да паўстання ў Беларусі, бо гэта адбудзецца. Мы не павінны спаць у гэты момант. Трэба быць гатовымі падтрымаць тыя атрады, якія будуць весці аперацыю супраць Лукашэнкі. У нас ёсць прычыны дапамагаць ім, як мы дапамагаем украінцам».

Паводле яго слоў, «беларускі народ іх падтрымае і з энтузіязмам пойдзе супраць Лукашэнкі».

«У яго ўжо няма такога вайсковага патэнцыялу, каб прадухіліць такое паўстанне. Расія яму мала дапаможа, бо ў яе будуць свае праблемы», — дадаў польскі генерал.